Дакрануцца да мiнуўшчыны

У школе-садку вёскi Гаць Акцябрскага раёна адкрыты музей адукацыi

Музей раённай адукацыi адкрыты на базе вучэбна-педагагiчнага комплексу школа-садок у вёсцы Гаць Акцябрскага раёна

Сярод экспанатаў (а iх налiчваецца тут некалькi соцень) — пастановы i палажэннi органаў кiравання адукацыi, дакументы аб рэформах школ, датаваныя 18—19-м стагоддзямi, узоры падручнiкаў, школьнай дакументацыi i вучнёўскiх дзённiкаў розных часоў. Не меншую цiкавасць уяўляюць шматлiкiя фотаматэрыялы i ўспамiны аб дзейнасцi школьных устаноў на рудабельскай зямлi, прадметы настаўнiцкага побыту i рэчы, якiмi карысталiся сейбiты разумнага, добрага, вечнага i iх вучнi — даваенныя парты, геаграфiчныя карты, указкi, прайгравальнiкi пласцiнак. Ёсць у пакоях музея i па-сапраўднаму ўнiкальныя экспанаты. Як, да прыкладу, макет будынка, у якiм з 1863 года размяшчалася рудабельскае рамеснае вучылiшча. Зараз тут знаходзiцца Парэцкi вучэбна-педагагiчны комплекс, з музея якога, дарэчы, i быў перададзены цiкавы экспанат.

Iнiцыятыва стварэння музея адукацыйнай галiны Акцябршчыны належыць начальнiку раённага аддзела адукацыi Марыi Бабiнiч, якая пяць год таму заклiкала педагогаў i насель­нiцтва раёна аказаць дапамогу ў зборы матэрыялаў. Каардынатарамi ж цiкавай справы сталi былы дырэктар раённай гiмназii Любоў Шэйка i настаўнiк гiсторыi Васiль Жалязноў. Матэрыялы будучага музея, адзначаюць арганiзатары, збiралiсяся лiта­ральна па крупiнах.

— Сярод раздзелаў аб ветэранах педагагiчнай працы — удзельнiках Вялiкай Айчыннай вайны, працоўных дынастыях педагогаў — галерэя вядомых людзей, што прысвяцiлi жыццi няпростай, але пачэснай настаўнiцкай працы. Кагорту за­служаных настаўнiкаў рэспублiкi ўпрыгожваюць iмёны Валянцiны Каладзiнскай, былой настаўнiцы хiмii СШ № 2 гарпасёлка Акцябрскi, Соф’i Кальчук, дырэктара Чырвонаслабадской школы, Марыi Iгна­ценка, настаўнiцы роднай мовы i лiтаратуры СШ № 1, iншых вядомых педагогаў, — расказала карэспандэнту «Р» Марыя Бабiнiч. — Прыемна, што нам удалося ажыццявiць задуманае, але работа па напаўненнi музейных экспазiцый будзе працягвацца. Немалаважная дэталь: сама падзея — адкрыццё музея (на ўрачыстасць былi запрошаны тыя, хто стаяў ля вытокаў развiцця адукацыi ў нашым раёне) — ператварылася ў вынiку ў шчымлiвую сустрэчу педа­гагiчных пакаленняў. Такiя сустрэчы (накшталт сустрэч выпускнiкоў) мяркуем зрабiць у музеi адукацыi традыцыйнымi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter