Дакрануцца да генія

Купалаўцы пераклалі паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” на тэатральную мову — заўтра прэм’ера!

Купалаўцы пераклалі паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” на тэатральную мову — заўтра прэм’ера!

Спадчына нашага земляка і класіка сусветнай літаратуры Адама Міцкевіча ўсё больш набліжаецца да нас, набываючы новыя формы і цікавасць у публікі. Летась прыватны “Тэатр Ч” паставіў спектакль “Дзяды”. І вось яшчэ адна паэма Міцкевіча — “Пан Тадэвуш” — перажывае дзівосныя метамарфозы, ператвараючыся з паэмы ў п’есу, якая вось-вось ажыве на сцэне Купалаўскага тэатра. “Лепшым спектаклем Беларусі”, “сенсацыяй у тэатральнай культуры”, “новай легендай беларускага тэатра” ахрысцілі спектакль “Дзяды”. Якіх водгукаў чакаць “Пану Тадэвушу”? Чым Міцкевіч, які пісаў паўтара стагоддзя таму, можа быць цікавы сучаснаму гледачу і ці праўда, што спектаклі паводле яго твораў пакажуць у Парыжы? Аб гэтым карэспандэнту “НГ” распавёў акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, выканаўца галоўнай ролі Густава-Конрада ў “Дзядах” і Графа ў пастаноўцы “Пан Тадэвуш” Раман ПАДАЛЯКА.

— Раман, так атрымалася, што за досыць кароткі прамежак часу вы аказаліся задзейнічаным адразу ў двух спектаклях паводле твораў Міцкевіча. Наколькі блізкім стаў для вас гэты паэт?

— Сапраўды, так атрымалася, што спачатку была праца з матэрыялам Міцкевіча ў “Тэатры Ч”, цяпер вось у Купалаўскім. Шчыра кажучы, з вялікай заўзятасцю ўзяліся за працу над Міцкевічам. Каб больш паглыбіцца ў матэрыял і лепш пазнаць аўтара, па ініцыятыве “Тэатра Ч” з’ездзілі на яго радзіму, наведалі Наваградак і Завоссе. Таксама звязваліся праз скайп з супрацоўнікамі музея паэта ў Вільні. Пачулі проста дзіўныя гісторыі пра Міцкевіча як чалавека. Здзівіў, напрыклад, факт, што ён мог дэкламаваць вершы дзве гадзіны запар. Дарэчы, гэта вельмі ўразіла Пушкіна, калі той аднойчы яго слухаў. А на Міцкевіча вершы падалі, нібы лівень з неба. Дзіўны чалавек. І неверагодна таленавіты.

— Летась — “Дзяды”, сёлета — “Пан Тадэвуш”. Як вы лічыце, чаму творы, якія былі напісаны ў пазамінулым стагоддзі, не страцілі сваёй актуальнасці?

— Прызнацца, не люблю сучасныя творы. П’есы пра п’яніц-шманіц — гэта ўсё пустое. А тут высокае майстэрства слова, паэтычная дасканаласць, глыбіня тэмы. Праблемы, якія ўздымаюцца ў паэме “Пан Тадэвуш”, многіх хвалююць і сёння. Гэта, у прыватнасці, шуканне свайго “я” і адказаў на пытанні: дзе я, чаму менавіта тут нарадзіўся? Мы павінны ведаць і разумець гісторыю сваёй радзімы.

— Спектакль “Дзяды” паставіў незалежны “Тэатр Ч”, “Пана Тадэвуша” — дзяржаўная трупа купалаўцаў. Наколькі адрозніваецца праца ў іх?

— Вельмі адрозніваецца. Дзяржаўны тэатр усё ж такі існуе па нейкіх законах і канонах. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але гэта больш “пастановачны” тэатр. Кожны разумее сваю ролю ў працэсе і стараецца яе выконваць. Што датычыцца прыватнага тэатра, тут ёсць момант блізасці людзей, занятых у праекце, а таксама сатворчасці. Праца не абмяжоўваецца камандай рэжысёра “ты направа, ты налева”. Рэжысёр ведае канцэпцыю, у яго ёсць задумы, але ён дае магчымасць напоўніць спектакль і акцёрам. Гэта, напрыклад, датычыцца рэжысёра “Дзядоў” Рамуне Кудзманайтэ. Не скажу, што працаваць над спектаклем было проста. Пакуль сышліся, адчулі адзін аднаго... Але калі ад кожнага ўдзельніка патрабуюцца актыўнасць, ідэйнасць, веданне матэрыялу, гэта не дае людзям расслабляцца, што, на жаль, бывае ў дзяржаўным тэатры.

— Чый вобраз, Густава-Конрада ці Графа, вам больш блізкі?

— Яны вельмі розныя. Калі Густаў-Конрад у “Дзядах” — герой, які змагаецца за сваё каханне і лёс радзімы, то Граф — больш характарны герой, гэта зусім іншае амплуа. Ён толькі прыехаў з Італіі — такі рамантычны, захоплены, манерны... Добра, што ў мяне атрымалася зрабіць кардынальна розных персанажаў, не паўтарацца і не пераносіць нейкія штампы з адной працы ў іншую, як здараецца часам у акцёраў.

— Што для вас было найбольш складаным, каб увайсці ў гэтыя ролі?

— Кожны акцёр хоча за нешта ўчапіцца, каб далей развіваць вобраз свайго героя. Калі ў “Дзядах” я спачатку ўхапіўся за метафарычную форму спектакля, а потым паспрабаваў яе напоўніць, то ў “Пане Тадэвушы” пайшоў ад маленькай дробязі. Прыдумаў акцэнт, з якім размаўляе мой герой, гэта і дало штуршок для далейшага развіцця майго персанажа.

— “Дзяды” — досыць містычны твор. Раскрыйце сакрэт — падчас рэпетыцый нешта незвычайнае здаралася?

— Было такое. І вельмі часта. Ёсць у спектаклі вялікі маналог ксяндза пра Густава-Конрада, які кажа, што ён будзе названы лічбай “сорак чатыры”. Чаму сорак чатыры, невядома. Аднак гэтая лічба проста пераследавала нас. Там, дзе праходзілі рэпетыцыі, каля партала знаходзіліся двое дзвярэй. І вось на адных з іх, як мы пасля заўважылі, была нанесена лічба “сорак чатыры”! Было і іншае. Сенатар са сцэны кажа: “Як небяспечныя расійскія рублі”. І раптоўна хтосьці знаходзіць у кішэні расійскія манеты. Не ведаю, як гэта растлумачыць. Як і тое, чаму спектакль атрымаўся такім, які ён ёсць.

Акцёры працавалі ў неверагодна напружаным графіку. Усе з розных тэатраў, мы спрабавалі знайсці вольны час, каб рэпеціраваць “Дзядоў”. Іншы раз гублялі надзею, энтузіязм, разуменне, дзеля чаго ўсё гэта робіцца. Але настолькі моцным быў нейкі штуршок, які мы атрымалі спачатку, што нешта разрулівала ўсе графікі і праблемы. Цяжка гаварыць пра “Пана Тадэвуша”, які яшчэ не выйшаў, але “Дзяды” — гэта мой любімы спектакль. Сумую, калі бывае вялікі перапынак паміж яго паказамі.

— Гэты спектакль — першы вялікі праект Купалаўскага тэатра пасля рэканструкцыі. Наколькі камфортна працаваць на адноўленай сцэне?

— Тут вельмі добра і цёпла. Усё зроблена на вышэйшым узроўні. Застаецца толькі працаваць. Безумоўна, лепш працаваць у камфортных умовах. Але, як паказаў час, гэта не самае галоўнае. Самае важнае — адданасць працы. Калі ёсць гэтыя ўмовы — супер. Аднак усё ж такі пачынаць трэба з унутранай атмасферы тэатра, з людзей, якія ў ім працуюць, з ідэі, якой можна ўсіх аб’яднаць.

— Хутка адбудзецца прэм’ера спектакля. Наколькі гатова сучасная публіка ўспрыняць Міцкевіча?

— Прызнацца, гледачу трэба ведаць гісторыю і быць падрыхтаваным да гэтага спектакля. Варта прачытаць кнігу ці як мінімум паглядзець кіно Анджэя Вайды. Бо многія, калі чуюць са сцэны “Польшча-Польшча, Літва-Літва”, не разумеюць, прычым тут мы.

Многія прыходзяць у тэатр адпачыць. Гэта добра. Але не кожны вечар трэба забаўляць і смяшыць. Як правіла, заўсёды існуе некалькі хваляў гледачоў. Адна хваля людзей, якія мэтанакіравана ідуць на гэтую пастаноўку, схлыне праз спектакляў дзесяць. Потым пойдзе просты глядач. І пасля... Я не ведаю. Хаця, як паказала практыка “Дзядоў”, нашы людзі “не дурныя”, разумеюць, што не толькі серыялы можна глядзець, але і на сур’ёзны спектакль схадзіць.

— Ведаю, ёсць ідэя паказаць гэты спектакль вясной у Парыжы, дзе 180 гадоў таму была напісаная паэма “Пан Тадэвуш”. Як, на ваш погляд, успрыме гэтую пастаноўку замежны глядач?

— Гэта была ініцыятыва колішняга міністра культуры Паўла Латушкі, і дай божа, каб яна ажыццявілася. Я наогул зрабіў бы тандэм — паказаў адразу спектаклі “Дзяды” і “Пан Тадэвуш”. Для сучаснай Еўропы, якая перажыла постмадэрнізм і насыцілася сучасным тэатрам з рознымі перфомансамі і аголенымі скокамі, гэта было б цікава. Як мінімум з пункту гледжання развіцця нашага тэатра і мастацтва.

— Паэму “Пан Тадэвуш” часам называюць энцыклапедыяй жыцця беларускай шляхты. Што з таго перыяду вас найбольш цікавіць ці захапляе?

— Шмат цікавых момантаў, апісаных Міцкевічам. І прыгатаванне розных страў, і культура ўжывання напояў, і апісанне побыту шляхты. Але для мяне больш важная сама атмасфера таго часу: пэўная годнасць ва ўчынках, разуменне, што ты адказны не толькі за сябе, але і за лёс сваёй сям’і, радзімы. Адчуванне, што ты нездарма нарадзіўся на гэтай зямлі, ведаеш сваіх продкаў, жывеш тут, размаўляеш на гэтай мове, пішаш вершы, працуеш.

— І напрыканцы. Уявіце сабе замежніка, які не ведае ні Міцкевіча, ні тым больш яго твораў. А вы як акцёр павінны сказаць некалькі слоў пра паэта і спектаклі, каб гэты чалавек прыйшоў у тэатр.

— Я сказаў бы так. Геніі нараджаюцца вельмі рэдка. Яны не штучны тавар. І калі нешта ці нехта пасылае да нас на Зямлю такога чалавека і ён пакідае пасля сябе нейкія творы, то гэта проста шанец дакрануцца да яго генія, да таго, у каго ёсць іскра, падораная нябёсамі. Не ведаю, ці шмат перададзім мы яго энергіі, якая засталася ў выглядзе кніг, вобразаў, персанажаў, але нейкая частка дойдзе да гледача адназначна.

 Сачыце за афішамі!

“Пан Тадэвуш” у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы — 15, 16, 17 студзеня
“Дзяды” на сцэне Палаца прафсаюзаў — 20 студзеня і 17 лютага

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter