Дакладны разлік і тэхналагічны дыктат УП «Эксперыментальная база імя Катоўскага»

У  апошнія гады УП «Эксперыментальная база імя Катоўскага» прыемна здзіўляе ростам вытворча-эканамічных паказчыкаў. Так, прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі за апошнія некалькі гадоў вырас амаль у пяць разоў і перавысіў два мільёны рублёў. Пры гэтым у гаспадарцы перакананы: развівацца можна яшчэ больш інтэнсіўна. У раслінаводстве з-за кліматычных катаклізмаў не заўсёды ўсё атрымліваецца так, як задумана. Выстаяць у складаных умовах з найменшымі стратамі дапамагаюць магутная тэхніка, працоўная дысцыпліна, сучасныя тэхналогіі. Гэта пацвердзілася сёлета. Нягледзячы на неспрыяльныя пагодныя ўмовы, кожны з 1912 гектараў хлебнай нівы даў звыш 43 цэнтнераў зерня. Гэта лепшы паказчык у раёне. Валавы намалот зерня перавысіў 8200 тон. 

Галоўны аграном Аляксандр Бакіноўскі i вядучы інжынер Аляксей ЛАЎШУК.

На свяце-кірмашы «Дажынкі», што ладзілася ў аграгарадку Магільнае, дыпломамі першай ступені адзначаны дырэктар Анатоль Шклярэўскі, галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Бурак і галоўны аграном Аляксандр Бакіноўскі. З дыпломам пераможцы спаборніцтва на перавозцы збожжа ад камбайнаў вярнуўся са свята і вадзіцель МАЗа Андрэй Брычык. За сезон — амаль тры з паловай тысячы тон.Пачыналі ўборачны сезон з абмалоту рапсу. Потым прыступілі да ўборкі збожжавых. У першыя дні з раніцы ўбіралі азімую пшаніцу, а пасля абеду пераязджалі на ячменнае поле. У разгар жніва да васьмі зернеўборачных камбайнаў падключылася атрыманая з «Гомсельмаша» машына апошняй мадыфікацыі. Выпускнік аграфака Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Уладзіслаў Шклярэўскі паспеў за ўборку намалаціць на ёй звыш 500 тон збожжа. На раённым свяце-кірмашы «Дажынкі» ён таксама адзначаны дыпломам пераможцы спаборніцтва сярод маладзёжных экіпажаў раёна.

Камбайнеры працавалі ў полі без памочнікаў. Першым адкрыў тысячны намалот збажыны механізатар Аляксей Зубчонак. Усяго на яго рахунку звыш 2100 тон убранага ўраджаю. Больш як па тысячы тон намалацілі механізатары Віталь Лычкоўскі і Аляксей Калядзiч. Працавалі яны на гомсельмашаўскай зернеўборачнай тэхніцы. Амаль столькі ж прайшло праз бункер камбайна КЗС-1218, якім кіраваў Аляксей Лаўшук.

— Трэці сезон убіраю збожжавыя, — прадстаўляецца вядучы інжынер Аляксей Лаўшук. — На перыяд жніва падаю заяву аб пераводзе ў камбайнеры. У гаспадарцы працую пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага агратэхнічнага ўніверсітэта. Тут сям'ю стварыў. Жонка Вольга працуе медыкам. Зараз у дэкрэце. У нас падрастаюць сын і дзве дачушкі. Ад гаспадаркі атрымалі дом. Абуладзілі падворак. Летась па намалоце заняў першае месца ў раёне. Атрымаў грамату і грашовую прэмію. Да гэтага жніва старанна рыхтаваўся. Перад тым як выехаць у поле, дэталёва агледзеў усе вузлы гомсельмашаўскага камбайна. За 13 гадоў эксплуатацыі многія з іх фізічна знасіліся. Па гуку адчуваю работу механізмаў. Падчас жніва нас стрымлівалі толькі дажджы. Двойчы на дзень на поле дастаўлялі гарачыя абеды. Анжаліка Лукашэвіч не першы год цудоўна кухарыць, умее смачна гатаваць разнастайныя стравы.

Механізатары Вадзім ТРАПЯНОК, Аляксей КАЛЯДЗІЧ, Андрэй БРЫЧЫК i Сяргей ШЫРКО. 

На ніве адразу, як спадала раса, пачыналі абмалот збажыны. Першым пераадолеў рубеж у тысячу намалочаных тон Аляксей Зубчонак на новым камбайне КЗС-2124. Віншаваць яго з працоўнай перамогай прыязджалі старшыня райвыканкама Дзмітрый Колас, кiраўнiк раённага аб'яднання прафсаюзаў Аксана Салавей, прадстаўнікі адміністрацыі гаспадаркі. А потым кожнага тысячніка віталі, уручалі пісьмовыя падзякі і грашовыя прэміі. Дырэктар Дома культуры аграгарадка Возера Таццяна Лычкоўская разам з самадзейнымі артыстамі падрыхтавала выязны канцэрт. Такая ўвага прыдала настрою.

Уборку збожжавых у гаспадарцы завяршылі ў сярэдзіне жніўня. У аграгарадку Возера арганізавалі віншаванне ўдзельнікаў гэтай важнай кампаніі. Дырэктару Анатолю Шклярэўскаму ўручылі сноп жыта новага ўраджаю, а лепшым механізатарам — грашовыя прэміі.
Повар Анжаліка ЛУКАШЭВІЧ.

Акрамя вадзіцеляў гаспадаркі, на перавозцы збожжавых працавалі па дамоўленасці і гараджане. На шасці МАЗах адвозілі ўраджай ад камбайнаў на збожжаток. Зернесушыльная тэхніка ўвесь сезон працавала кругласутачна. Зерне аператыўна даводзілася да неабходных кандыцый. У першую чаргу рыхтавалася насенне азімых культур. У вызначаны тэрмін пасеялі азімы рапс на плошчы 330 гектараў. Амаль на такой жа плошчы будзе пасеяны азімы ячмень, што ў тры разы больш, чым летась. Усяго пад збожжавы азімы клін адведзена 1600 гектараў. Штодзённа звыш паўсотні гектараў засявае механізатар Дзмітрый Якавенка на магутным трактары «Беларус-3522» з пасяўным агрэгатам «Бярэсце». Працаваў ён у сталіцы, але душа паклікала на зямлю. Вясной і восенню ў Дзмітрыя Віктаравіча самы адказны час — пасяўная.

Гаспадарка штогод планава выконвае дзяржзаказ па зерневых каласавых і насенні рапсу. На Мінскі камбінат хлебапрадуктаў пастаўлена 900 тон азімай пшаніцы. 40 тон насення рапсу адпраўлена на Віцебскі маслаэкстракцыйны завод. На сталічнае ААТ «Крыніца» згодна з дзяржзаказам плануецца паставіць 200 тон піваварнага ячменю.

– Азімыя збожжавыя парадавалі, — падсумоўвае вынікі жніва дырэктар УП «Эксперыментальная база імя Катоўскага» Анатоль Шклярэўскі. — На асобных участках азімага ячменю намалочвалі на круг да 60 цэнтнераў. А яравым збожжавым не хапіла вільгаці для наліву коласа. Плануем пашыраць плошчы азімых зерневых. Яравыя на нашых палях лепш сеяць не пазней за першую дэкаду красавіка, каб усходы да спякотных дзён паспелі ўвабрацца ў сілу.

Нягледзячы на тое, што атрымана на 1700 тон збожжа менш, чым летась, свае патрэбы ў зерні забяспечым. Ёсць усе падставы гэты недабор ліквідаваць кукурузай, пад якую занята 1200 гектараў. Намерваліся на кліне ў 400 гектараў вырошчваць пачаткі, але з-за засухі атрымалася менш грубых кармоў, таму ўбіраць на зерне кукурузу будзем на плошчы ўдвая меншай, чым планавалася. Летнія дажджы і цёплае надвор'е паспрыялі росту гэтай культуры і развіццю пачаткаў. Разлічваем атрымаць па 100 цэнтнераў зерня з кожнага гектара, што дасць магчымасць на дзве тысячы тон павялічыць фуражны запас.

Механізатар Дзмітрый ЯКАВЕНКА.

Галоўная задача ў гаспадарцы — забеспячэнне грамадскага статка кармамі ўласнай вытворчасці. Ад таго, як гэта атрымаецца, залежыць эфектыўнасць працы не толькі жывёлаводаў, але і ўсёй гаспадаркі. Таму нарыхтоўка кармоў мае першараднае значэнне. Два корманарыхтоўчыя камбайны ўбіраюць зялёную масу кукурузы на сілас. Плануецца закласці яго 30 тысяч тон, што на шэсць тысяч тон больш, чым было назапашана летась. Гэта дасць магчымасць кампенсаваць недахоп сенажу з сеяных траў. Ставіцца задача на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы мець па 32 цэнтнеры кармавых адзінак. За летні перыяд удалося атрымаць тры ўкосы люцэрны. Займае гэта кармавая культура 400 гектараў. Цёплы пачатак восені абнадзейвае на чацвёрты паўнацэнны ўкос гэтай каштоўнай расліны. Сенаж з яе абагачае рацыён пратэінам і бялком, а кукурузны сілас — энергіяй.

У гаспадарцы самая высокая ў раёне шчыльнасць буйной рагатай жывёлы: амаль 90 галоў на гектар. За год грамадскі статак прырос больш як сотняй маладняку і дасягнуў амаль 5400 галоў, з якіх трэцяя частка — каровы. Гадавы надой ад кожнай перавысіў 5600 кілаграмаў малака. Штодзённа на Капыльскі філіял Слуцкага малаказавода адпраўляецца 27 тон прадукту. Рэнтабельнасць вытворчасці яго дасягае 40 працэнтаў. Побач з цэнтральнай сядзібай, аграгарадком Возера, завяршаецца будаўніцтва малочнатаварнага комплексу на 800 галоў.

Камбайнер Уладзіслаў ШКЛЯРЭЎСКІ.

З года ў год гаспадарка паспяхова развіваецца, паляпшаецца дабрабыт працаўнікоў.

УНП 600109984
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter