Дадзены Богам дар

Першы і апошні зжатыя снапы мелі выключнае значэнне ў рытуальнай практыцы ўсходніх славян. Часам іх звалі “гаспадарамі” ці імяніннымі снапамі. Асабліва шырока выкарыстоўвалі зерне з першага снапа ў структуры вясельнага абраду.

(Заканчэнне.Пачатак у № 221, 222.)
 
* Маці нявесты клала ёй у абутак два жытнёвыя каласы, каб тым самым запраграмаваць плён у гаспадарцы будучай пары.
* Маладую пару праводзілі ў вясельную дарогу і абсыпалі зернем перад тым, як вясельны картэж накіруецца ў храм на вянчанне. Ім жа ўдзельнікі вясельнай урачыстасці сустрэнуць маладых пасля вянчання, а таксама будуць абсыпаць іх у той момант, калі жаніх будзе пераносіць нявесту на руках цераз парог сваёй хаты.
* Хлебнымі каласамі ўпрыгожвалі вясельнае дрэўца, каравай і іншыя рытуальныя рэчы, якія выкарыстоўвалі ў час вяселля.
* Калі ў сям’і нараджалася дзіця, то ў час першага рытуальнага купання ў купель абавязкова клалі зярняты з трох, дзевяці або дванаццаці каласоў жыта. Са снапа-гаспадара выцягвалі тры каласы, расціралі іх на далоні, веялі на ветры і давалі бабцы-павітусе, якая са спецыяльнай замовай высыпала зерне на дно купелі. Сімвалічны сэнс гэтага рытуалу зводзіўся да жадання бацькоў запраграмаваць на новым этапе жыцця свайго роду яго абавязковы працяг.
* Атрыбутам асаблівай статуснай значнасці надзялялася зерне са снапа-гаспадара ў кантэксце пахавальнага абраду. З дома выносілі нябожчыка — смерць, аднак жыццё ў гэтай сям’і, у гэтай хаце павінна працягвацца, таму, як толькі труну выносілі за парог, адна з жанчын-суседак павінна была рассыпаць па падлозе жменю зерня жыта, каб жыццё ў хаце доўжылася: жывым — жыць! Як толькі госці сядалі за жалобны стол, яны выконвалі адзін адказны рытуал. У тым тарцы стала, які бліжэй да чырвонага кута, пакідалі месца для нябожчыка. Там клалі бохан хлеба — сімвал завершанага жыцця; аднак за сталом сядзелі жывыя, таму тут жа, побач з атрыбутыкай смерці, былі атрыбуты працягу жыцця — шклянка з зернем жыта (яго бралі з апошняга снапа), у якой будзе гарэць свечка. 
* Увесну, калі гаспадар пойдзе на засеўкі, ён зноў-такі возьме з таго снапа некалькі каласоў, разатрэ іх на далонях і перамяшае з астатнім зернем, прызначаным для сяўбы.
* На хуткі шлюб, нараджэнне дзіцяці, будучы ўраджай і г. д. варажылі, выцягваючы колас са снапа: поўны колас прадказваў поспех, пусты — няўдачу ў задуманых справах.
* Тры каласы з апошняга снапа ранняй вясной закопвалі ў зямлю. Па тым, якое насенне прарасце хутчэй, і вызначалі тэрміны (раннія, сярэднія ці познія) пасеваў.
* Асаблівыя адносіны былі да каласоў-спарышоў. Лічылася, таму, хто знойдзе колас-спарыш, наканавана шчасце, поспех, шанцаванне ва ўсіх справах на працягу сямі год. Такі колас трэба было абавязкова насіць пры сабе (зашыць у адзенне, пакласці ў шапку і г. д.).
* Дзяўчыне колас-спарыш прадказваў хуткі шлюб, жанчыне — нараджэнне двайнят.
* Каб муж і жонка былі неразлучныя, ім неўпрыкмет давалі з’есці зерне коласа-спарыша.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter