Дачку пакінула ў раддоме

“Пачну свой расказ з 1958 года, калі быў прызваны на тэрміновую службу з горада Мінска ў часць, што знаходзілася ў Валожыне.

“Пачну свой расказ з 1958 года, калі быў прызваны на тэрміновую службу з горада Мінска ў часць, што знаходзілася ў Валожыне.

Сюды, у Валожын, з блізкіх вёсак прыходзілі на танцы дзяўчаты, хлопцы. Аднойчы падчас звальнення пазнаёміўся з Верай Антонаўнай Морскай. Ёй тады было ўсяго шаснаццаць гадоў. Але якая гэта была прыгожая дзяўчына! Яна жыла з бацькам Антонам Рыгоравічам (ён працаваў на хлебнай базе), даглядала хворую маці. Мы пасябравалі з Верай. Гэта было маё першае каханне. Аднак лёсам, мабыць, нам было наканавана разысціся. Вера выйшла замуж за прапаршчыка, і яны паехалі ў горад Кобрын. А кахала ж яна мяне... Шмат гадоў прайшло з таго часу. З вашай дапамогай знайшлася Вера, за гэта я вельмі вам удзячны. Мы сустрэліся, пагаварылі. Але хочацца даведацца і пра нашу дачушку. Яна з’явілася на свет у радзільным доме № 1 сталіцы 22 лютага 1962 года. Вера яе хацела пакінуць там часова, але ёй сказалі, ці забіраць, ці пакідаць. Яна дзяўчынку пакінула, бо не было дзе жыць, працы, сродкаў на існаванне. Ведаю, шмат вады сплыло, але спадзяюся, што і гэты пошук будзе плённым. Мы ўсе вельмі хочам сустрэцца з нашай дачкой і сястрой. Мікалай Епіфанавіч Кузаўкаў (Кузаўкоў), Мінск”.

Не дачакалася з арміі

“У 1950-х гадах я закончыла геолагаразведачны тэхнікум і па размеркаванні была накіравана ў Заходнюю экспедыцыю ў горад Магілёў. Тут я пазнаёмілася з хлопцам. Звалі яго Іван ГЛАТКО (імя па бацьку забылася). Ён украінец па нацыянальнасці, з Чарнігаўскай вобласці ці з Чарнігава. У хуткім часе мы пажаніліся. Распісаліся ў загсе горада Клічава. Разам пражылі каля года. Потым ён пайшоў у армію. Я яго не дачакалася, развялася і 27 лютага 1957 года выйшла замуж другі раз. Ваня вельмі перажываў. Пісаў мне, але штосьці выправіць было немагчыма. Калі ён закончыў службу, у мяне ўжо было дзіця. Іван прыязджаў у Мсціслаў да мяне. Мне было шкада яго, але нічога не магла зрабіць. Магчыма, ён зараз жыве ў Магілёўскай вобласці, бо заставаўся тут працаваць. Я ўжо ў шаноўным узросце і вельмі хачу адшукаць свайго былога мужа і папрасіць у яго прабачэння. Мая віна перад ім вельмі вялікая. Галіна Міхайлаўна Кандраценкава, Мсціслаў”.

Прабач, калі пакрыўдзілі

“Мой брат Мікалай Васільевіч ФІЛІМАНЧУК нарадзіўся 4 жніўня 1956 года ва Украіне (сяло Люленец Калінаўскага раёна Вінніцкай вобласці). Да 1990 года  з жонкай Валяй, сынам Аляксеем, прыкладна 1980-га, і дачкой Наталляй, прыкладна 1983 гадоў нараджэння, жыў у Расіі (вёска Старая Курлаўскага раёна Уладзімірскай вобласці). Потым перапіска раптам спынілася. Перасталі пісаць і маёй маці. Прайшло шмат часу. У 1998 годзе я забрала маці да сябе, а праз год яна памерла, так і не дачакаўшыся вестачкі ад сына і яго сям’і. Мы пісалі  Мікалаю. Нашы лісты не вярталіся, і адказу на іх не было. Паехала на радзіму. Суседзі расказалі, што мой брат прыязджаў у 2002 ці 2003 годзе, але ў хату не зайшоў, бо там іншыя гаспадары. Распытаў пра мяне, маці. Даведаўся ўсё пра нас і паехаў. І ні слыху ні дыху. Мы хочам цябе бачыць, Коля, і тваю сям’ю. Адгукніся, каб мы ведалі, што ты жывы і здаровы. Нам шмат пра што трэба пагаварыць. Мы не бачыліся з табой амаль трыццаць гадоў. І прабач нам, калі мы цябе чым-небудзь пакрыўдзілі. Галіна Васільеўна Карасёва, Бабруйск”.

Не бачыліся 40 гадоў

“Хачу адшукаць сваіх братоў Віктара Іванавіча (Міхайлавіча) МАХАВІКА, прыкладна 1950-га, і Аляксандра Міхайлавіча (Іванавіча) МАХАВІКА, прыкладна 1952 гадоў нараджэння. У 1963-м я прыехала да маці Ефрасінні Іванаўны Махавік у горад Жодзіна Мінскай вобласці з Ленінградскага дзіцячага дома. У той час з ёй жыў Саша, а Віктар быў у Дзяржынскім дзіцячым доме. З 1966 года я не бачылася з братамі. Чула, што маці ў канцы 60-х — пачатку 70-х разам з сынамі пераехала. У пасведчанні аб нараджэнні запісаны мой бацька Аркадзь Міхайлавіч Собалеў. А дзе бацька братоў, не ведаю. Вельмі хачу сустрэцца з Віктарам і Аляксандрам.  Валянціна Аркадзьеўна Махавік (на фота), Мінск”.

Унукі выраслі даўно

“Мой сын Уладзімір Віктаравіч Каралёў, 1959 года нараджэння, служыў у арміі ў горадзе Нарва і там ажаніўся. Жонку звалі Таццяна. Яны пражылі дзесяць гадоў, і сын мой памёр. Нявестка Таццяна Віктараўна КАРАЛЁВА пасля распаду Саюза адзін раз прыязджала да мяне, затым мы страцілі сувязь. Ад сына засталіся дзеці: Аляксандр Уладзіміравіч КАРАЛЁЎ, 1980-га, і Аляксей Уладзіміравіч КАРАЛЁЎ, 1988 гадоў нараджэння. Дапамажыце знайсці іх, а таксама нявестку. Вера Сафронаўна Каралёва, Дубровенскі раён”.

Непарыўная сувязь

“Шукаю родных па мацярынскай лініі, а таксама былых суседзяў ці іх дзяцей. Нарадзілася я ў Мастоўскім раёне. Не ведаю, якое дачыненне яны мелі да Аўстрыі, але суседзяў маіх у вёсцы называлі аўстрыйцамі. Прозвішча іх было ДЗЯЛЯШ — муж Аляксандр, а жонка Гандзя. З іх дзецьмі я сябравала. Бывала, наварыць іх маці бульбы, самі ядуць і мяне частуюць. Потым я дома не хацела есці, і мая матуля вельмі перажывала. Калі закончылася вайна, да нас прыехала цётка Кацярына з сям’ёй: сынам Уладзімірам, дочкамі Аленай і Антанінай, зяцем і ўнукамі. Зараз ужо многіх з іх няма. Дапамажыце знайсці маіх родных Вячаслава Уладзіміравіча ПРАЗОРАВА і яго жонку Ніну. Вольга Мікалаеўна Жук, Гродна”.
Міхаіл Міхайлавіч Карніцкі, які жыве на Кубані, звярнуўся па дапамогу. “Да суседзяў прыязджала госця з Беларусі і расказвала аб праекце “Помні імя сваё”, які дапамагае шукаць родных. Дапамажыце і мне. Мой бацька Міхаіл Ларывонавіч КАРНІЦКІ, 1914 года нараджэння, быў на фронце, потым жыў у Комі АССР, памёр у 1967 годзе. Знайдзіце маіх родных, якія да 1965 года жылі ў вёсцы Пяшкова Нараўлянскага раёна”.

Горкае рэха вайны

“Мой бацька Васіль Абрамавіч ШЫНДЗІРАЎ быў накіраваны на фронт Шклоўскім райваенкаматам. Мне тады было 11 месяцаў. Родныя атрымалі паведамленне, што ў кастрычніку 1944 года наш дарагі чалавек, верны воінскай прысязе, загінуў і пахаваны ў вёсцы Турэнь у Румыніі. Хачу даведацца, ці захавалася за шмат кіламетраў ад дому магіла бацькі. Аліна Васільеўна Сацінава, Шклоўскі раён”.
Зварот накіраваны ў рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”. Гэта арганізацыя дапамагае даведацца пра стан магіл родных, якія загінулі ў час вайны і пахаваны за мяжой.
“Мой бацька Іван Фядосавіч КУРАШ, 1912 года нараджэння, з вёскі Арлы Столінскага раёна, вясной 1941 года быў прызваны на ваенныя зборы. Хутка пачалася вайна. Маці мая Вольга Міхайлаўна Кураш праз некаторы час атрымала паведамленне, што яе муж, а мой бацька прапаў без вестак. Можа, хто ведае пра яго лёс, дзе пахаваны? Марыя Іванаўна Пыцель, Лунінецкі раён”.
“Шукаю брата Васіля Васільевіча ЗАЛАЦЁНКАВА, 1926 года нараджэння. Быў накіраваны на фронт у 1944 годзе Чавускім райваенкаматам. Мы даведаліся, што служыў брат у 245-м стралковым палку 84-й гвардзейскай стралковай дывізіі. 24 студзеня 1945 года быў паранены і накіраваны ў 87-ы медсанбат. Сябар брата Сямён Фёдаравіч Корсун з Украіны паведамляў потым, што Васіль пахаваны ў Германіі, але дзе канкрэтна, не ведае. Можа, жывыя і адгукнуцца людзі, якія былі разам з маім братам і ведаюць пра яго лёс. Людміла Васільеўна Удодава, Чавускі раён”.
“Мы атрымалі паведамленне, што мой бацька Васіль Майсеевіч РУДЗЯНОК памёр ад ран у красавіку 1943 года, а дзе пахаваны, невядома. Вельмі хочам знайсці яго магілу. Ульяна Васільеўна Шклярова, Гомель”.
“Шукаю дзядзьку Міхаіла Іванавіча ГАРЛІНСКАГА, 1923 года нараджэння, жыў у вёсцы Вяча Лагойскага раёна. У 1943-м пайшоў у партызанскі атрад Захарава брыгады “Штурмана”. Дадому пасля вайны не вярнуўся. Лідзія Гаўрылаўна Нарышкіна, Мінск”.

Доўгачаканая радасць

  • Клаўдзія Іванаўна Лукша з Маладзечанскага раёна шукала родных мужа Уладзіміра Антонавіча Лукшы, якога ўжо няма сярод жывых. На ліст Клаўдзіі Іванаўны адгукнулася Алена Іванаўна Бабарыка. Яна вельмі рада, што наш праект дапамог родным знайсці адно аднаго.
  • Наталля Іванаўна Глазкова (Арэшчанкава) з Масквы шукала сясцёр Маргарыту Ільінічну Арэшчанкаву і Алу Іванаўну Арэшчанкаву. Адгукнулася М.І.Арэшчанкава. Пошук Алы Іванаўны Арэшчанкавай працягваецца.
  • Іна Максімава (Саўчанка) з горада Барань Віцебскай вобласці шукала сяброў маладосці Ганну Яфімаўну Васілёнак, Зінаіду Паўлаўну Паўлючык (Конанаву) і Аляксея Забаронка, разам з якімі вучылася ў Мінскім радыётэхнічным тэхнікуме. Спачатку адгукнулася З.П. Паўлючык, а крыху пазней Г.Я. Васілёнак.

Не май сто рублёў...

“Мы служылі ў адной вайсковай часці з цудоўным чалавекам Аляксандрам Рыгоравічам СІРАШАМ. Затым ён звольніўся, а нас накіравалі на службу ў Грузію, горад Тбілісі. Аднойчы, у час адпачынку, мы прыязджалі да яго ў госці. Адрас страцілі, але памятаю, што жыў на Гомельшчыне. Яшчэ хачу, каб адгукнуўся Уладзімір Іванавіч ДУБІНА, з якім разам служылі ў Тбілісі. Калі Саюз перастаў існаваць, раз’ехаліся хто куды. Уладзімір Іванавіч, на маю думку, таксама жыве ў Беларусі. Ніна Міхайлаўна Лядовая, Жодзіна”.
“Шукаю сяброўку Галіну Пятроўну КАРОНЧЫК, 1944 года нараджэння, і яе сям’ю: мужа Аляксея Ігнатавіча Карончыка, сына Сяргея і дачку Наталлю. Нашы мужы служылі на Далёкім Усходзе. Там мы і пазнаёміліся. Было гэта ў 1966 годзе. Затым майго мужа накіравалі ў Беларусь, а сябры пераехалі ў Маскву. Аляксей, муж сяброўкі, паступіў там у Ваенную акадэмію. Мы падтрымлівалі сувязь, ездзілі адно да аднаго ў госці. Аляксей служыў у Афганістане, Чыцінскай ваеннай акрузе, працаваў у Маскоўскай акадэміі імя Куйбышава. Галіна была выхавацелькай у дзіцячых садках. Іх сын Сяргей ажаніўся, жыў у горадзе Краснагорску. Дачка Наталля збіралася замуж. Мы ездзілі з ёй па магазінах, дапамагалі выбіраць вясельную сукенку. Потым яшчэ доўга перапісваліся. Званіла сябрам. Галіна якраз хварэла. Затым мы страцілі сувязь. Спрабавала некалькі разоў пазваніць, але на другім канцы проваду адказвалі, што гэта прадпрыемства. На душы неспакойна: можа, што здарылася з блізкімі мне людзьмі? Ці патрэбна ім мая дапамога? Галіна Фёдараўна Івашчанка, Паставы”.

З дапамогай міліцыі

“Мой сын Ігар Мікалаевіч СЯМКОЎ у 2005 годзе паехаў на заробкі ў горад Новы Урэнгой Цюменскай вобласці, і дагэтуль пра яго нічога не ведаем. Стаміліся жыць у невядомасці. Шукалі сына, звярталіся да начальніка міліцыі горада Новы Урэнгой, але безвынікова. Юстынія Васільеўна Сямкова, Пінск”.
У падобных выпадках сваё слова сапраўды павінна сказаць міліцыя. Мы ў пошуку да яе таксама часта звяртаемся.

Мроіцца маладосць

“Шукаю сябра маладосці Васіля ЯСІНСКАГА, 1943 года нараджэння. Родам ён з вёскі Даманавічы, з Беларусі. Мы разам выхоўваліся ў Кімбараўскім дзіцячым доме, які быў на вуліцы Гогаля ў Мазыры. Пазней Васіль прыязджаў да свайго выхавацеля Іллі Фёдаравіча (прозвішча забылася), і мы сустракаліся. Было гэта ў 1971 годзе. У мяне была ўжо малая дачушка. Васіль папрасіў мой фотаздымак на памяць. Ён жыў тады ў горадзе Волжскім Валгаградскай вобласці. Мінула 38 гадоў. Вельмі хачу, каб Васіль знайшоўся. Галіна Мікалаеўна Лінкевіч, Мазырскі раён”.

У школе адчынены дзверы заўжды

“У 1958 годзе мы закончылі Емяльянаўскую (зараз Усяжская) сярэднюю школу Смалявіцкага раёна. Лёс раскідаў нас па свеце, але сум па радзіме, жыццёвыя абставіны сабралі нас у роднай Беларусі. Сустракаліся былыя аднакласнікі. Сабраліся, надзіва, амаль усе. Не знайшлі толькі Алу Іванаўну МІЛАНОВІЧ, якая, па няпоўных звестках, жыве ў Мінску, і Марыю АТРОШЧАНКУ, якая, здаецца, у Магілёве. Дзяўчаты, адгукніцеся. Вольга Паўлаўна Сарока, Мінск”.

Даруй, сястрыца

“Мая сястра Валянціна Іванаўна ГАЛАЎЧУК, 1955 года нараджэння, з вёскі Трудавая Іванаўскага раёна. У 1979—1980 годзе яна паехала на заробкі ў Цюменскую вобласць. Дзе жыла і працавала, не ведаю. У кастрычніку 1983-га атрымалі паведамленне з міліцыі, што яна плавала ў рацэ і ўтапілася, пахавана на мясцовых могілках. Было ўказана месца, нумар магілы. У той час бацькі нашы не маглі паехаць так далёка. Зараз я зрабіла запыт, аднак мне адказалі, што такога месца пахавання няма. Але ж дзесьці павінны быць звесткі пра маю сястру, пра тое, як яна загінула. Хачу знайсці магілу сястры, наведаць яе, пакуль ёсць сілы, папрасіць прабачэння ад імя ўсіх родных, якія пакінулі яе. Людміла Іванаўна Данілюк, Брэст”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21.00.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter