Дабрыня і прыгажосць

На выставе малюнкаў дзяцей з парушэннямі слыху панавала творчасць, а таксама спагадлівасць і нераўнадушнасць. Я ўглядваўся ў твары юных мастакоў, якія прыйшлі на адкрыццё выставы, і спрабаваў адгадаць: чаго яны чакаюць на вернісажы? Заўважыў, погляды ў іх не па-дзіцячаму сур’ёзныя. Мусіць, жывучы ўвесь час на “астравах цішыні”, як трапна выказаўся адзін пазбаўлены слыху паэт, такія людзі вельмі цэняць разнастайныя кантакты са светам. Вядома ж, дзеці гэтыя не пазбаўлены клопату і ўвагі ні бацькоў, ні блізкіх, ні грамадства. У Мінску, напрыклад, для іх спецыяльна створана школа, дзе падчас навучання ўлічваюцца асаблівасці фізічнага развіцця такіх вучняў. І ўсё ж псіхолагі сцвярджаюць: менавіта праз творчую самарэалізацыю ляжыць шлях кожнага да шчасця...
На выставе малюнкаў дзяцей з парушэннямі слыху панавала творчасць, а таксама спагадлівасць і нераўнадушнасць.

Выстава — прыемны падарунак для юнай мастачкі Наталлі Рабавай і яе бабуліЯ ўглядваўся ў твары юных мастакоў, якія прыйшлі на адкрыццё выставы, і спрабаваў адгадаць: чаго яны чакаюць на вернісажы? Заўважыў, погляды ў іх не па-дзіцячаму сур’ёзныя. Мусіць, жывучы ўвесь час на “астравах цішыні”, як трапна выказаўся адзін пазбаўлены слыху паэт, такія людзі вельмі цэняць разнастайныя кантакты са светам. Вядома ж, дзеці гэтыя не пазбаўлены клопату і ўвагі ні бацькоў, ні блізкіх, ні грамадства. У Мінску, напрыклад, для іх спецыяльна створана школа, дзе падчас навучання ўлічваюцца асаблівасці фізічнага развіцця такіх вучняў. І ўсё ж псіхолагі сцвярджаюць: менавіта праз творчую самарэалізацыю ляжыць шлях кожнага да шчасця.

Навагоднія, Калядныя святы — заўсёды дзівосная пара чакання цудаў, прыемных сюрпрызаў і падарункаў. Вялікай радасцю для дзяцей стала і выстава з нагоды 15-годдзя творчай майстэрні “Фарба”, якая і цяпер дэманструецца ва ўтульнай зале Дома-музея першага з’езда РСДРП, што на беразе Свіслачы. Каб такое свята адбылося, паклапаціліся многія дарослыя, у тым ліку і актыў Мінскага міжнароднага клуба жонак паслоў, акрэдытаваных у Беларусі.

Наталлю Рабаву, адну з удзельніц выставы, суправаджае бабуля: спецыяльна прыехала на вернісаж з Віцебска, каб парадавацца за ўнучку. Вера Іванаўна расказала, што дзякуючы заняткам у майстэрні Наталля стала больш адкрытай, раскаванай у зносінах: “Унучка нават пачала часцей усміхацца!” Вельмі радавалася дзяўчынка, атрымаўшы дыплом аднаго з конкурсаў дзіцячага малюнка, што праходзіў у Балгарыі. Пятнаццацігадовая мастачка па вуснах бабулі разумее, пра што тая гаворыць, і на пытанне, дзе яе карціны, паказвае рукой на адзін з пейзажаў. У зялёных танах лета напісаны высокі ўзгорак, а карычневы лапік гліны перад ім, на пярэднім план, быццам адасоблены. І чаму з астраўка няма сцежкі-працягу ў той, навакольны свет? Спрабую распытаць пра сюжэт саму мастачку, а ў адказ — толькі сціплая ўсмешка...

Заснавальнік і кіраўнік творчай майстэрні “Фарба” Дзмітрый Ярмілаў упэўнены, што заняткі маляваннем вельмі патрэбныя. Патлумачыў на вернісажы: стварэнне майстэрні было ініцыятывай бацькоў, дзеці якіх маюць парушэнні слыху, а працуе яна па гэты час у многім дзякуючы таму, што “свет не без добрых людзей”. “У сілу сваіх фізічных асаблівасцяў мае падапечныя абмежаваныя ва ўспрыманні жыцця, а іх здольнасць да абагульненняў патрабуе развіцця, — удакладніў Дз.Ярмілаў. — А яшчэ мастацтва — гэта і цудоўны творчы “трэнажор”, і добрая псіхалагічная падтрымка як для саміх дзяцей, так і для іх родных”.

Немалаважна, што члены студыі, праз якую прайшлі дзесяткі хлопчыкаў і дзяўчынак, кожнае лета выязджаюць на прыроду, у вёску Валеўка Навагрудскага раёна. Там, паблізу чароўнага возера Свіцязь, нараджаюцца іх самыя адметныя творы, выкананыя пастэллю, акварэллю, гуашшу. Дарэчы, вяскоўцы з глыбінкі даўно сябруюць з юнымі мастакамі, а ў Валеўскай школе, дзе падчас пленэру жывуць дзеці, ёсць іх творы. Між іншым, карціны членаў “Фарбы” экспанаваліся таксама ў Швейцарыі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Японіі. І ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі наладжвалася выстаўка іх работ пад назвай “Свет іншымі вачыма”. Зрэшты, у творчай майстэрні “Фарба” не ставяць на мэце рыхтаваць мастакоў: там дапамагаюць дзецям пераадолець замкнутую прастору. Валодаючы фарбамі, вучні могуць выказаць свае пачуцці не толькі словамі ці жэстамі, але і малюнкамі.

Ад імя Мінскага міжнароднага клуба жонак паслоў удзельнікаў і гасцей выставы вітала старшыня Дабрачыннага камітэта Людміла Гурко. Яна выказала павагу і ўдзячнасць педагогам. “Мы падтрымліваем цесныя кантакты са спецшколай №14, сустракаемся з дзецьмі, па магчымасці дапамагаем нашым сябрам, — сказала Людміла Анатольеўна. — Добра, што разам мы можам даць дзецям тое, чаго жадаюць іх душы”. Дарэчы, удзельнікі выставы атрымалі ад Клуба жонак паслоў падарункі. Потым Людміла Анатольеўна патлумачыла мне, што дабрачыннасць – асноўны напарамак дзейнасці Клуба: на Навагоднія і Калядныя святы рэалізавана каля 30 дабрачынных праектаў. І ўсё гэта за грошы, якія зарабілі жонкі паслоў на дабрачынных кірмашах. Паспяхова прайшоў і перадкалядны кірмаш, арганізаваны Клубам у сталічным Доме дружбы.

Камп’ютарную праграму, якая “дае магчымасць ілюстраваць тэксты розных кніг сурдаперакладам”, атрымала дырэктар спецшколы №14 Наталля Краўчук ад дырэктара фірмы “Сакрамент-ІТ” Валерыя Ягорава. Даведаўшыся пра адкрыццё выставы, кіраўніцтва фірмы-рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій вырашыла падарыць сваю арыгінальную распрацоўку дзецям. Пры дапамозе гэтай праграмы, патлумачыў В.Ягораў, дзеці з парушэнямі слыху змогуць самастойна чытаць розныя тэксты, а значыць, больш паспяхова вучыцца, адаптавацца ў соцыуме. “Як мы ўжо мелі магчымасць пераканацца, камп’ютарныя тэхналогіі і праграмы накшталт гэтай — сапраўдны навагодні цуд для дзяцей з парушэннямі слыху, —казала, з радасцю прымаючы падарунак, Наталля Генадзеўна. — Гэта для іх як выратаванне!”

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter