Да згоды — праз дыялог культур

Канструктыўнасць, пераканаўчасць, кампетэнтнасць — такімі рысамі вызначаліся даклады і дыскусіі як на пасяджэннях Міжнароднай канферэнцыі па пытаннях міжкультурнага і міжэтнічнага ўзаемадзеяння на прасторах СНД, так і Кансультатыўнай рады пры Міністэрстве культуры Беларусі
Канструктыўнасць, пераканаўчасць, кампетэнтнасць — такімі рысамі вызначаліся даклады і дыскусіі як на пасяджэннях Міжнароднай канферэнцыі па пытаннях міжкультурнага і міжэтнічнага ўзаемадзеяння на прасторах СНД, так і Кансультатыўнай рады пры Міністэрстве культуры Беларусі

Удзячнасць ад Бацькаўшчыны — Валянціне ПіскуновайАбодва пасяджэнні праходзілі нядаўна адно пасля другога ў будынку СНД, былі паміж сабой і тэматычна звязаны. Гаварылі аб прысутнасці прадстаўнікоў беларускіх суполак у Расіі ды іншых краінах, пра асаблівасці культурнага дыялогу паміж нашымі суайчыннікамі за мяжой — як з іх “старой”, этнічнай, так і новай, іншаэтнічнай радзімамі. Даклады і выступленні ў дыскусіях, спадзяюся, будуць неўзабаве выдадзены, таму спынюся найперш на тых момантах абодвух пасяджэнняў, якія мяне найбольш уразілі.
На пленарным пасяджэнні канферэнцыі мадэратарамі былі намеснік Міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік і дарадца Пасольства Расіі ў Беларусі, кіраўнік Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску Віктар Малашэнка. На пасяджэнні, па сутнасці, быў закладзены тэарэтычны падмурак пад тры сесіі, якія адбыліся ўслед.
З дакладамі выступілі загадчык кафедры міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў прафесар Аляксандр Марозаў (“Заснавальныя прынцыпы міжкультурнага дыялогу ў кантэксце інтэграцыйных працэсаў у СНД”), загадчык сектара навукі Міністэрства культуры і турызму Азербайджана кандыдат палітычных навук Асіф Адзіль-аглы Усубаліеў, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі прафесар Ігар Катляроў. Мне ж выпаў гонар зрабіць даклад “Супрацоўніцтва краін СНД у галіне даследаванняў міжкультурных і міжэтнічных адносін: вопыт, вынікі, перспектывы”. Сесіі прайшлі на тэмы “Праблемы ідэнтычнасці ў кантэксце дыялогу культур”, “Міжрэлігійная і міжэтнічная згода: вопыт краін СНД” і “Дзейнасць сацыяльных інстытутаў па захаванні культурнай разнастайнасці і развіцці міжкультурнага дыялогу на прасторы СНД”, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, Казахстана, Расіі і Ўкраіны.
Юрый Статкевіч (справа) — наш зямляк з МалдовыБыла прынята разгорнутая пастанова. У ёй, дарэчы, падтрымана і прапанова аказаць дапамогу ў аднаўленні беларускага этнаграфічнага музея ў башкірскім сяле Балтыка, які згарэў нядаўна ад удару маланкі: пра тое пісала і наша газета. Я перадаў праз Цэнтр нацыянальных супольнасцяў, які даў згоду на збор ахвяраванняў, два экземпляры (для музея і бібліятэкі) выдання беларуска-арабскага тэксту карана-тэфсіра, створанага ў часы Вялікага Княства Літоўскага на беларускай і арабскай мовах.
Працягам канферэнцыі стала ІV пасяджэнне Кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі. Вёў форум Міністр культуры і старшыня рады Барыс Святлоў. З дакладаў самае станоўчае ўражанне пакінула, бадай, выступленне старшыні Саюза беларусаў Латвіі Валянціны Піскуновай “Латвія і Беларусь. Дасягненні і шляхі супрацоўніцтва з грамадскімі аб’яднаннямі беларусаў”. Цяпер гэтыя суполкі актыўна дзейнічаюць амаль ва ўсіх буйных гарадах паўночнай суседкі нашай краіны. Даюць добры плён вытворчыя і гандлёвыя кантакты, выходзіць газета “Прамень”.
Сярод выступленняў у дыскусіі адзначу насычаную фактамі прамову прэзідэнта спецыялізаванага фонду “Белыя Росы” з Санкт-Пецярбурга Ірыны Рогавай. Яна ладзіла ў Астравецкім раёне ўжо восем сустрэч расійскіх атамшчыкаў з беларускімі. “Белыя Росы” акружылі апекай помнік 14 тысячам маладых беларускіх рамеснікаў на Піскароўскіх могілках, якія загінулі ў час аблогі фашыстамі Ленінграда. Нашы суайчыннікі зберагаюць памяць пра беларускія ахвяры ў час аварыі на падлодцы “Курск”. Старшыня савета ФНКА “Беларусы Расіі” Валерый Казакоў расказаў пра дапамогу беларускім музеям у вяртанні мастацкіх каштоўнасцяў, вывезеных у час войнаў у Маскву ды іншыя гарады, перадаў у дар Мінкультуры копіі выяўленых ім старажытных дакументаў. Старшыня НКА “Беларусы Ўрала” з Екацярынбурга Васіль Азаронак падараваў музею “Беларусы свету” ў Інстытут культуры Беларусі змястоўны буклет, а маскоўскі юрыст, паэт і кампазітар Іосіф Рогаль — дыск са сваімі песнямі, першай сярод якіх значыцца “Беларусачка”.
Карыснымі былі мае “кулуарныя перамовы” з Віктарам Малашэнкам пра стварэнне з Інстытутам культуры Беларусі сумеснай сайтавай палічкі “Беларуска-рускі культурны дыялог”, а з намеснікам Міністра спорту і турызму Чэславам Шульгой — сайта “Беларускае краязнаўства і турызм”. За круглым сталом і ў кулуарах завязваліся знаёмствы, якія яшчэ дадуць свой плён.

Адам Мальдзіс

На здымках:
Удзячнасць ад Бацькаўшчыны — Валянціне Піскуновай
Юрый Статкевіч (справа) — наш зямляк з Малдовы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter