Да вытокаў горнецца душа

Яшчэ не холадна, і на Палессі можна з галавой акунуцца ў вераснёвую прыгажосць, ацаліцца ў жыватворнай плыні народнай культуры
Яшчэ не холадна, і на Палессі можна з галавой акунуцца ў вераснёвую прыгажосць, ацаліцца ў жыватворнай плыні народнай культуры


Аграгарадок Ляскавічы: прыгожая мясціна!

На аператыўнай сувязі з рэдакцыяй у вераснёўскія дні — кіраўніца Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алена Сіпакова. “А што там чуваць з фэстам “Покліч Палесся”, ці дакладна ён сёлета адбудзецца? — чытаем у яе электронным пісьме. — Мы, на жаль, не знайшлi ў нэце анiякiх навiн пра імпрэзу. На якiм узроўнi плануюць арганiзатары правесцi фэст? Можа ў іх ёсць магчымасць даслаць нам палажэнне пра фэст, а добра б і афiцыйнае запрашэнне для самадзейных артыстак. Бо ў людзей жа скончылася пара адпачынкаў — проста так з працы не адпрасіцца. Мы два гады марылi пра гэтае свята! Калі арганізатары дарогу не аплацяць — што ж, самі, як кажуць, паясы падцягнем. Можа ўсё ж атрымаецца нам пабываць на Палессі? Калi ласка, паведамiце, што там ды як”.

Перадгісторыя ў перапіскі такая. Калі Алена бывала летась у Мінску, то ў рэдакцыі мы зладзілі ёй сустрэчу з вядомым харэографам Міколам Котавым: ён даўно свой на Міжнародным фэсце этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”. Які праходзіць у Петрыкаўскім раёне, у аграгарадку Ляскавічы: гэта цэнтр Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. Чаму менавіта там? Бо, лічаць спецыялісты, тая мясцовасць, Прыпяцкае Палессе зберагло багатую, самабытную культуру палешукоў — там па гэты час жывуць народныя святы, абрады, рамёствы, дзейнічаюць цікавыя фальклорныя гурты. Арганізатары фэсту — Гомельскі аблвыканкам, Міністэрства культуры, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, Петрыкаўскі райвыканкам. Ад Міколы Конанавіча спачатку атрымалі мы няўсцешную навіну, што сёлета фэсту быццам бы не будзе, а потым — і добрую вестку: пройдзе-такі 24 верасня! У Петрыкаўскім райвыканкаме нам інфармацыю пацвердзілі. А больш даведацца пра фэст можна ў нэце па спасылцы http://petrikov.gomel-region.by/ru/zov-polesia/ Спадзяемся, што нашыя намаганні не будуць марнымі, а іркуцкія беларускі пабачаць-пачуюць-адчуюць прыгажосць і духоўную моц Палесся.

А пакуль да фэсту — пачытаем цёплы ліст Міколы Котава ў рэдакцыю. У жніўні ён гасцяваў у Тураве: найпрыгажэйшая мясціна Палесся. Дарэчы, маршрут “Тураў—Ляскавічы” папулярны ў турыстаў. Харэограф сустракаўся там з сябрамі маладосці, удзельнікамі створанага ім ансамбля танца “Прыпяць”. Піша аб прыгажосці старажытнай зямлі, асвечанай асобай Кірылы Тураўскага, пра цікавыя месцы: замчышча, музей археалогіі, каменныя крыжы, што растуць з зямлі… Тураўчане вельмі цёпла сустракаюць гасцей. Напрыклад, аграсядзіба ці хата-гатэль “Кола Струменя”, у якой гаспадыняю Ірына Сяргейчык, стаіць непадалёк ад унікальнага Тураўскага луга. Які, дарэчы, вельмі багаты на розных птушак. А Струмень — гэта рэчка, што ўпадае ў Прыпяць. “Ірына Аляксандраўна з хаты дзеда Сямёна зрабіла ўтульны куточак для адпачынку, — згадвае сустрэчы Мікола Котаў. — Усё там сагрэта працавітымі рукамі, і мэбля ўся — драўляная, у народным стылі. Ёсць руская печ з ляжанкаю, а кожны з 4-х пакояў мае свой каларыт. Свяцільнікі, плеценыя з лазы, на падлозе — палавічкі даматканыя, дзедаўскі куфар…” 


У палескай царквы — адметны каларыт

Сама ж гаспадыня — урач, добра ведае і народную медыцыну, можа даць слушныя парады тым, хто завітае да яе ў госці. Да таго ж Ірына Аляксандраўна — знаўца народных традыцый Тураўшчыны, знаёміць цікаўных з адметнасцямі мясцовай мовы, запрашае мясцовых спявачак — паспяваць. Зрэшты, некаторыя госці шукаюць каля Струменя (кола ў палешукоў — гэта ж і ёсць каля...) цішыні, спакою, любуюцца прыгажосцю прыроды. Услухоўваюцца ў яе натуральныя гукі. Гаспадыня расказвала, як неяк беларус, які цяпер жыве ў Францыі, прызнаўся, што не хоча больш анікуда з гэтай мясціны з’язджаць: “Водар гэтай зямлі, прырода, птушкі не адпускаюць мяне”.

Удыхалі тую прыгажосць і Мікола Котаў з яго сябрам — Іван Матох, афіцэр у адстаўцы, жыве цяпер у Маскве. Апошні запісаў у “Кнізе наведнікаў” аграсядзібы: “Нельга надыхацца такім смачным, чыстым паветрам. Здаецца, сама зямля вітае кожнага на Беларусі”. А Мікола Котаў пакінуў у родным яму Тураве такі запіс: “Я адчуваю сябе тут — як у хаце бацькоў. Тут нават можна дакрануцца да зорак рукою: такое вялікае і блізкае да нас неба”. Ён піша, што гаспадыня сядзібы вядзе своеасаблівую эстафету дабрыні ад бацькоў яе, Аляксандра і Ніны: “Яны шмат нагараваліся пад час ваеннага ліхалецця, але ж і шмат папрацавалі на роднай зямлі, узгадвалі пяцёра дачок: Ларысу, Таццяну, Святлану, Алу, Ірыну. І ўсім далі вышэйшую адукацыю! Ну а галоўнае — навучылі шанаваць свой край, прыветна ставіцца да людзей, тварыць дабро ад шчырага сэрца”.

Вось у якім цудоўным краі ладзіцца Міжнародны фэст этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”! Спадзяемся, некаму з гасцей захочацца спыніцца і ў аграсядзібе “Кола Струменя”, якую аблюбавалі ўжо і арнітолагі, і аматары палескай даўніны. 

“Хто хоць аднойчы пабываў на нашай Святой Зямлі, той абавязкова захоча сюды вярнуцца зноў, хоць ненадоўга,” — чытаем у нэце словы-запрашэнне ад Ірыны Сяргейчык. Дарэчы, ёсць там і яе электронны адрас: sergeychik4@tut.by Спадзяемся, пасланне яе прачытаюць і беларусы замежжа, якія заглянуць у старажытны Тураў, адгукнуцца на “Покліч Палесся”. І не важна, будзе гэта сёлета ўвосень ці на наступны год увесну: родны бераг — ён жа заўсёды родны. Незалежна ад надвор’я, пары года і адлегласці, якую да яго трэба пераадолець.

Іван Ждановіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter