Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» — штогадовае паломніцтва, якое традыцыйна папярэднічае Дню беларускага пісьменства

Да вытокаў духоўнасцi

Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» — штогадовае паломніцтва, якое традыцыйна папярэднічае Дню беларускага пісьменства, — 2 верасня адправіцца з Мінска да сёлетняй сталіцы свята — Шчучына. 



Як заўсёды, з пілігрымамі — прадстаўнікамі духавенства, навукоўцамі, літаратарамі, дзеячамі культуры і мастацтва — падарожнічае Непагасная лампада духоўнасці, запаленая ад Жыватворнага агню ад Труны Гасподняй. Яго часцінка перададзена з Іерусаліма ў Беларусь яшчэ ў 1992 годзе і захоўваецца ў Свята-Духавым кафедральным саборы. 

На шляху экспедыцыі Жыватворны агонь распаўсюджваецца па ўсёй краіне — ён перадаецца на свечкі прыхаджанам, ім асвячаюць саборы, храмы, манастыры, капліцы, помнікі славы і мужнасці. Паломнікі наведваюць многія сацыяльныя і адукацыйныя ўстановы — дзіцячыя дамы, бальніцы, прытулкі, школы, праводзяць літаратурныя вечарыны і навукова-творчыя канферэнцыі. 

— Як у птушкі два крыла, так і ў духоўнасці: ёсць духоўнасць хрысціянская і духоўнасць свецкая. Святло Божае зроднена са святлом навукі і мастацтва, — тлумачыць сутнасць экспедыцыі, неад`емнай часткі Дня беларускага пісьменства, яе нязменны кіраўнік, пісьменніца, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Ніна Загорская.

Разам з Жыватворным агнём у «Дарозе да святыняў» удзельнікаў экспедыцыі традыцыйна суправаджае і Адзігітрыя (Шляхаводная) — цудатворная Загор`е-Сталавіцкая ікона Пакрову Прасвятой Багародзіцы. У гэтай святыні цікавая гісторыя. З`яўленне яе адбылося вясной 1983 года ў час земляных работ каля вёскі Загор`е Баранавіцкага раёна, на месцы, дзе некалі стаяў храм і якое людзi празвалi Святым Полем. Празвалі невыпадкова. Шмат войнаў пракацілася праз яго, і ўсе яны пакідалі тут свае ахвяры. Месца святое памяццю пра тых, чые астанкі знаходзяцца ў гэтай зямлі. Калі яе пачалі браць для будаўніцтва аўтатрасы, першы ж коўш экскаватара падняў з зямлі ікону, і яе з`яўленне прымусіла рабочых спыніць працу. Ікона была прызнана цудатворнай Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы ў 2000 годзе.

Святое Поле — заўсёдная першая кропка на маршруце навукова-асветніцкай экспедыцыі. Так будзе і сёлета. Адтуль удзельнікі адправяцца па маршруце Баранавічы — Івацэвічы — пасёлак Першамайская (станцыя Бяроза-Картузская) — вёска Малеч Бярозаўскага раёна — Пружаны — Свіслач — Вялікая Бераставіца — Гродна — вёска Верцялішкі — Скідаль і 6 верасня прыбудуць у Шчучын.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter