Да вашых паслуг

Бярэзінскі быткамбінат ў два разы павялічыў чысты прыбытак

За пяць месяцаў бягучага года выручка Бярэзінскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання склала больш за 4 млрд. рублёў

Прадпрыемства павялічыла ў два разы чысты прыбытак. А таксама падвоіла аб’ёмы аказання бытавых паслуг, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. Тэндэнцыі говораць пра тое, што вынікі па году будуць яшчэ больш значныя.

Калі прааналізаваць фінансава-гаспадарчую дзейнасць камбіната, то літаральна па ўсіх яе паказчыках ідзе значнае павелічэнне. У той час, як многія аналагічныя камбінаты адчуваюць істотныя цяжкасці і не могуць пахваліцца дынамікай у сваім развіцці, бярэзінскія бытавікі працуюць прыбыткова і будуюць далёка ідучыя планы.

«На РКБА зараз прыпадае 64,3 % агульнага аб’ёму бытавых паслуг, што аказваюцца ў нашым раёне. А ў сельскай мясцовасці камбінат займае гэту нішу цалкам. За апошнія гады прадпрыемства істотна прыбавіла, узяўшы арыенцір на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці, абнаўленне і пашырэнне асартыменту паслуг і прадукцыі, павышэнне іх якасці і канкурэнтаздольнасці. Але недахоп абаротных сродкаў працягваў быць адчувальным, і прадпрыемства пайшло на развіццё дадатковых вытворчасцей. Цяпер відавочна, што гэта быў адзіна верны крок», — адзначае намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама Аліна Ждановіч.

Зараз камбінат аказвае 18 відаў паслуг. Там працуе атэлье па пашыве і рамонце адзення, швейныя і трыкатажныя цэхі, абутковая майстэрня, цырульня, пральня, бюро рытуальных паслуг, цэх па вырабе помнікаў, майстэрня па рамонце бензапіл, дрэваапрацоўчы цэх і іншыя структуры. За апошнія два гады камбінат увёў паслугі па апрацоўцы прысядзібных участкаў, абкошванні тэрыторыі, распрацавана і запушчана ў вытворчасць 14 новых мадэляў трыкатажу, 25 новых мадэляў швейных вырабаў і шмат чаго іншага.

«На сёння самы прыбытковы ўчастак — цэх па пашыве верху абутку, які ў жніўні 2011 года на нашай базе адкрыла ЗАТ «Сівельга». Там вырабляецца больш за 20 мадэляў, у дзве змены працуюць 60 чалавек. Нашы работніцы хутка асвоілі складаную тэхналогію. Для таго, каб вырабіць адну пару загатовак, трэба выканаць больш за 50 аперацый. Толькі за мінулы год выручка ад рэалізацыі прадукцыі цэха склала 1,8 млрд. рублёў, а ўжо сёлета за пяць месяцаў — 1,2 млрд. рублёў, ад чаго атрыманы значны прыбытак», — расказвае дырэктар Бярэзінскага РКБА Аляксей Барауля. У планах развіцця прадпрыемства — выйсці за рамкі зборкі верху абутку і перайсці на выпуск гатовай прадукцыі. Такая магчымасць зараз абмяркоўваецца і пралічваецца.

Яшчэ адзін прыбытковы ўчастак камбіната — цэх па пашыве спецадзення. Толькі ў мінулым годзе там асвоілі 16 новых яго відаў. Вельмі ўдалыя мадэлі, прыгожыя, зручныя і высокай якасці — для дарожнікаў, леснікоў, работнікаў сельскагаспадарчай і прамысловай галін, практычна для ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу. Амаль усе прадпрыемствы Бярэзіншчыны заказваюць спецадзенне ў сваім РКБА. Сярод заказчыкаў і шэраг буйных прадпрыемстваў і арганізацый краіны. Спецыялісты камбіната актыўна займаюцца пошукам кліентаў, удзельнічаюць у тэндарах, прапаноўваюць сваю прадукцыю. І адзначаюць: «За якасць нам не сорамна!» Збіраецца камбінат вывесці сваё спецадзенне і на расійскі рынак, у адну з кампаній ужо адпраўлены для разгляду некалькі ўзораў. А экспарт, зразумела, дасць шэраг новых магчымасцей.

На пачатку развіцця сваёй дзейнасці знаходзіцца цэх дрэваапрацоўкі, які аказвае паслугі па заказах насельніцтва, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый. Там выпускаюцца піламатэрыялы розных відаў, заборы пралётныя любой мадэлі, бяседкі і іншая прадукцыя. Дарэчы, калі едзеш па Бярэзіншчыне, то ўвагу адразу прыцягвае тое, што агароджы ў населеных пунктах выкананы ў адзіным стылі, — гэта і ёсць прадукцыя РКБА. На прадпрыемстве лічаць, што дрэваапрацоўка — выключны рэзерв для далейшага развіцця.

Актыўна працуе на камбінаце бытавога абслугоўвання і рознічны гандаль. Ёсць магазін, дзе рэалізуюцца тавары ўласнай вытворчасці, іншых РКБА вобласці, з якімі працуюць у кааперацыі, абутак маркі «Сівельга» (дарэчы сказаць, значна танней, чым у іншых магазінах), прадукцыя іншых пастаўшчыкоў у вялікім асартыменце. Шырокі выбар тавараў — на ўсіх КПП раёна. І тут дынаміка адчувальная. Толькі за пяць месяцаў бягучага года рознічны тавараабарот склаў амаль 556 млн. рублёў, што ў два з паловай разы больш, чым за такі ж перыяд летась.

Сельскае насельніцтва абслугоўвае 11 комплексных прыёмных пунктаў. Хоць па стандартах у раёне іх трэба толькі 6, але змяншаць колькасць не плануецца — гэта прынцыповая пазіцыя дырэктара РКБА. «Людзям на вёсцы павінны быць даступныя ўсе неабходныя паслугі, якія ім трэба аказваць хутка і якасна. Мы пастараліся, каб нашы КПП былі своеасаблівымі цэнтрамі, куды людзі прыходзілі б з карысцю і добрым настроем», — адзначае Аляксей Барауля.

І сапраўды, КПП дагледжаныя, абсталяваныя ўсім неабходным для аказання паслуг. Памяшканні хоць і невялікія, але адразу відаць, што зроблена ўсё з розумам — кампактна і зручна. Стандартна найбольшай папулярнасцю карыстаюцца цырульныя паслугі, рамонт швейных вырабаў і бытавой тэхнікі. Па графіках на КПП двойчы на месяц, а пры патрэбе і часцей, прыязджаюць цырульнікі і майстры, што рамантуюць адзенне. Зрабіць неабходныя пакупкі людзі прыходзяць штодзень. Зона абслугоўвання КПП «Брадзец» — 13 навакольных вёсак, больш за 650 чалавек. Прыёмшчыца Алена Анціпава практыкуе розныя формы работы з кліентамі. Увогуле ў Бярэзінскім раёне прыёмшчыкі не сядзяць і не чакаюць, пакуль да іх прыйдуць людзі. Напрыклад, Алена перыядычна аб’язджае свой участак на машыне, прымае заказы па тэлефоне, абзвоньвае вёскі, прапаноўвае паслугі. Асаблівая ўвага тым, дзе пераважна жывуць састарэлыя. «Паглядзіце, які ў нас асартымент тавараў. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца бязевыя і паркалёвыя сукенкі і халаты, што шые наш РКБА, яны прывабныя, зручнага крою, жанчыны ахвотна заказваюць іх. Якасныя і дабротныя трыкатажныя вырабы для дзяцей і дарослых, заказаць можна ад простых мадэляў да звязаных па модных каталогах», — расказвае Алена. Трэба сказаць, што ў выніку сярэднямесячная выручка ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг на прыёмным пункце складае 20 млн. рублёў, а гэта нямала.

Прыёмшчыцы КПП «Паплавы» Таццяне Лаппо таксама ўласціва актыўная пазіцыя. Пункт знаходзіцца на аўтамабільнай трасе, а гэта блізкасць да райцэнтра, і, адпаведна, канкурэнцыя. Але вопыт і прафесіяналізм, добразычлівасць і індывідуальная работа з кожным кліентам даюць адчувальную перавагу ў канкурэнтным асяроддзі. «Зараз папулярнасць набывае паслуга па чыстцы і перашыве падушак. Хоць яна з’явілася і нядаўна, але заказаў ужо шмат. І тавары людзі купляюць ахвотна. Абутак, пасцельную бялізну, курткі, рабочую вопратку, бытавую хімію — каму што патрэбна», — расказвае Таццяна. 1486 чалавек з дзевяці вёсак у пункце гледжання КПП. Штомесяц там у сярэднім атрымліваюць выручкі больш за 23 млн. рублёў.

Зразумела, не ўсе КПП могуць паказаць такі вынік сваёй дзейнасці. «Але, трэба сказаць, колькасць тых, што паказваюць добры фінансава-гаспадарчы рэзультат, павялічваецца. Мы ўводзім у практыку маніторынгі работы КПП і тых патрэб, якія ёсць у насельніцтва. Так, згодна з гэтым, зараз думаем, як зрабіць спецыяльную перасоўную брыгаду, якая будзе выконваць заказы на правядзенне рамонту дамоў і іншых пабудоў сельскіх жыхароў — такія паступілі да нас запыты», — падкрэслівае Аляксей Барауля.

Зусім нядаўна і на самім камбінаце бытавога абслугоўвання праведзены капітальны рамонт. Зараз будынак у цэнтры горада выглядае вельмі годна, створаны належныя ўмовы для працы персаналу і зручнасці кліентаў. Сваім вопытам бярэзінскія бытавікі падзяліліся з калегамі з вобласці ў час семінару, што прайшоў на іх базе. Далей на камбінаце маюць намер павялічваць аб’ёмы па тых відах, што ёсць, і актыўна развіваць дадатковыя вытворчасці. «Належныя тэмпы дазваляе трымаць штодзённы кантроль за аб’ёмамі выпуску прадукцыі, заказамі, своечасовымі пастаўкамі матэрыялаў, рэнтабельнасцю, рэалізацыяй, агульнай дысцыплінай, парадкам і гэтак далей. Не толькі фінансава-эканамічная служба, але і сам кіраўнік павінен дзень у дзень з алоўкам у руках аналізаваць сітуацыю і своечасова яе рэгуляваць», — перакананы Аляксей Барауля.

На здымку: майстар цэха па пашыве верху абутку Сафія ЛАПЦЁНАК і зборшчык Любоў КРАСОЎСКАЯ.

Фота: Марына БАРАДАЎКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter