Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Нацыянальны парк “Белавежская пушча” названы ў ліку тых мясцін Усходняй Еўропы, якія варта хоць аднойчы наведаць

Да сустрэчы ў пушчы!

Брытанская газета The Telegraph апублікавала рэйтынг славутасцяў ва Усходняй Еўропе, якія, на думку яе экспертаў,  абавязкова хоць аднойчы варта наведаць. Разам з Талінам, Рыгай, Санкт-Пецярбургам ды іншымі тур-напрамкамі ў спісе топ-25 на 18-й пазіцыі — знакаміты беларускі Нацыянальны парк. Вось як апісвае ўнікальнасць помніка прыроды брытанскае выданне: “Белавежская пушча — гэта сёння самы старадаўні, самы буйны фрагмент старажытнага лесу ў Еўропе, які збярогся. На яе тэрыторыі жывуць тысячы відаў раслін, птушак і жывёл. У тым ліку тыя, якіх ужо не сустрэнеш у іншых месцах, напрыклад, зубр ці чорны бусел”.

У Белавежскую пушчу прыходзіць вясна

Між тым гэта вельмі кароткі пералік з тых незвычайных багаццяў, якімі славіцца наша пушча. На самай справе іх не злічыць. А ўмоўна ўсю тэрыторыю пушчы можна падзяліць на паўночную і паўднёвую часткі. Першую, што ў Гродзенскай вобласці, больш наведваюць паляўнічыя. У сезон, расказваюць працаўнікі пушчы, яны едуць туды з Германіі, Балгарыі, Польшчы, Францыі ды іншых краін — хоць паляванне такое каштуе нятанна.

Ды паляўнічы інстынкт цяпер маюць не ўсе турысты. Большасць з іх аддаюць перавагу назіранням за ляснымі прыгажунамі здалёку. Тое можна зрабіць, няспешна шпацыруючы па лесе, які зачароўвае сваёй прыгажосцю. Для такіх турыстаў распрацаваны пешыя і веламаршруты, на якіх можна ўбачыць не толькі птушак і жывёл, але і ўнікальныя прыродныя аб’екты. Сярод іх і дуб з дыяметрам ствала каля паўтара метраў ды размахам кроны — як у вялікага пасажырскага авіялайнера. Ёсць на маршрутах і дуб з вялікім дуплом, куды лёгка могуць схавацца шэсць чалавек. Дарэчы, жыццё белавежскага 700-гадовага дуба-патрыярха, на думку батанікаў, ужо заканчваецца. Так што калі сустрэча з ім у вашых планах — не адкладвайце яе надоўга.

Паўднёвую частку пушчы даўно аблюбавала і дзятва — там круглы год ладзяцца сустрэчы з Дзедам Марозам і Снягуркай. Беларускі дзед Мароз, у адрозненне ад іншых, не знемагае ад нуды ў чаканні свежага Новага года — ён увесь год жыве цікавым, насычаным жыццём. Атрымлівае лісты ад дзяцей і адказвае на іх, прымае гасцей у сядзібе. Там жа непадалёку й Музей прыроды, дзе можна паназіраць, як сябе паводзяць дзікія жывёлы ў вальерах.

Пералічваць вартасці Белавежскай пушчы можна доўга. Але ж ніводзін аповед, ніводнае фото не перадасць тых адчуванняў, якія дорыць непасрэдная сустрэча з Пушчай. Мяркую пра тое і па сваім досведзе. Белавежская пушча — якраз той выпадак, калі лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць.

Дарэчы, падарожнічаць тры дні па Белавежскай пушчы замежным турыстам можна й без візы. Для іх з захаду адкрыты пункт спрошчанага пропуску “Перароў”, дзе можна перасекчы мяжу пешшу або на ровары. Падставай для ўезду будзе дакумент для выезду за мяжу і дакумент, якi прадастаўляе права наведаць Нацыянальны парк. У Пушчы вы адкрыеце для сябе новыя куткі прыроды, атрымаеце асалоду ад тамтэйшай прыгажосці. З карысцю для здароўя пройдзе час. А заадно і адчуеце, што такое беларуская прыязнасць і гасціннасць.

Голас Радзімы № 12 (3516), чацвер, 23 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter