Да Шчасця — на веласіпедзе

У Беларусі не перавяліся заўзятыя падарожнікі
У Беларусі не перавяліся заўзятыя падарожнікі.

Іосіф Лісай, гараджанін з Мастоў, што на Гродзеншчыне, ужо размяняў сёмы дзесятак. Узрост, аднак, не перашкаджае яму здзяйсняць цікавыя падарожжы. Сёлета, напрыклад, ён ездзіў на адпачынак да Азоўскага мора “на ровары” – так здаўна ў заходніх рэгіёнах Беларусі называюць веласіпеды.

Наш зямляк правёў у дарозе 39 дзён, праехаўшы за гэты час 3850 кіламетраў. Прычым з іх 1400 кіламетраў прыйшлося на кальцо вакол Азоўскага мора. За дзень падарожнік у сярэднім накручваў на веласпідометры не меней 100 кіламетраў, а аднойчы было нават і 135.

Па дарозе Іосіф Лісай пабываў у сяле Арэхаўка Луганскай вобласці, дзе жыў знакаміты прыхільнік здаровага ладу жыцця Парфірый Іваноў, аўтар аздараўленчай сістэмы “Дзетка”. Падарожнік наведаў месца Палтаўскай бітвы, а таксама горад з абнадзейлівай назвай Шчасце. Паспрабаваў адолець і Крымскую пясчаную касу, але пасля 35 кіламетраў нялёгкага шляху, як сам прызнаецца, сышоў з дыстанцыі. Але ён не здаецца: “Куплю сабе лепшы ровар і абавязкова адолею тую касу”.

Рычард Салата
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter