“ДАІШ” кантрабанду!

Акрамя эканамічных, фінансавых, кліматычных і ваенна-палітычных катаклізмаў на планеце вызначыўся самы моцны за апошнія трыццаць гадоў крызіс туріндустрыі
Акрамя эканамічных, фінансавых, кліматычных і ваенна-палітычных катаклізмаў на планеце вызначыўся самы моцны за апошнія трыццаць гадоў крызіс туріндустрыі. Аб чым абвясціла першая ў свеце найбуйнейшая брытанская турыстычная кампанія Thomas Cook, створаная ў 1841 годзе. Гэта адбылося ў выніку тэрактаў у Тунісе, Егіпце, Ізраілі, Індыі, Францыі... Патэнцыяльныя адпачываючыя не хочуць цяпер рызыкаваць жыццём. Да таго ж гібель у небе над Сірыяй бамбардзіроўшчыка Су-24 ПКС Расіі, збітага турэцкім F-16, значна паўплывала на расійска-турэцкія адносіны і фактычна спыніла вялікі расійскі турпаток у гэтую паўднёвую краіну. А для Турцыі гэта мільярды долараў.

Наогул “турэцкая тэма” днямі дамінавала. І ў сувязі з бежанцамі, і з нагоды барацьбы з тэрарыстамі “Ісламскай дзяржавы” (арабская абрывіятура — “ДАІШ”). Так, старшыня Еўрасавета Дональд Туск упэўнены, што сёлета межы ЕС нелегальна перасеклі 1,5 мільёна мігрантаў. Стары свет абяцае Турцыі: калі апошняя здолее выканаць абавязацельствы па размяшчэнні на сваёй тэрыторыі бежанцаў, то атрымае восенню 2016 года бязвізавы рэжым з Еўрасаюзам і тры мільярды долараў на іх патрэбы.

Сірыйскі крызіс і барацьба з ісламістамі ў блізкаўсходнім рэгіёне пакуль не прывялі міжнародную супольнасць да стварэння адзінай кааліцыі. Мэты, як кажуць, у Вашынгтона і Масквы розныя. Але Расія пасля інцыдэнту з Су-24 мае намер стварыць у Сірыі другую ваенную базу і, найперш, нанесці ўрон нафтаваму бізнесу баевікоў “ДАІШ”. Шлях якога, на думку расійскіх палітыкаў, і экспертаў, і нават Дзярждэпа ЗША, вядзе ў Турцыю. Падлічана: на нелегальным трафіку чорнага золата джыхадзісты штогод зарабляюць каля двух мільярдаў долараў. Сродкі ідуць на прыцягненне папаўнення, набыццё тэхнікі і зброі. Тым часам ЗША і Турцыя дамовіліся бліжэйшым часам шчыльна “закрыць мяжу” з Сірыяй.

Між іншым, падчас нядаўняй сустрэчы ў Бруселі 28 краін НАТА ўхвалілі новую стратэгію альянсу “па вядзенні гібрыднай вайны” і афіцыйна запрасілі ў склад арганізацыі Чарнагорыю. Аднак Масква папярэдзіла ваенны блок: экспансія на ўсход не застанецца без адказу... 

Да падзей ва Украіне. Спыненне паставак вугалю з Расіі і Данбаса стала адказам на арганізаваную ўкраінскім бокам энергаблакаду Крыма. З-за адсутнасці паліва не працуюць 7 з 14 электрастанцый: гэта пагражае калапсам усёй энергасістэмы Украіны. Цяпер на складах нашай краіны-суседкі назапашана ўсяго каля мільёна тон антрацыту. Яго ў лепшым выпадку хопіць на месяц.

Усё гэта адбывалася на мінулым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе далей? Пажывём — пабачым.

Сустрэнемся...

sav@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter