Да новага жыцця ў Божай ласцы!

З пастырскага паслання Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень.

…Сын Божы прыйшоў у свет, дзе дамінуе грэх і смерць. Аднак Ён прыйшоў, каб прабываць сярод смерці і няшчасцяў як Жыццё свету. Да Яго спяшаліся розныя хворыя і пракажоныя, бацькі памерлых дачок і маці памерлых сыноў і г. д. Езус правёў сваё жыццё сярод сляпых, кульгавых, глухіх, нямых, грэшнікаў, апантаных нячыстымі духамі і г. д. Жывучы сярод няшчасцяў і смерці, Валадар Жыцця паддаўся ёй на дрэве крыжа і зышоў у магілу.

Нягледзячы на гэта, анёл пытаецца: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?» Езус пражыў сваё жыццё як Валадар Жыцця сярод памерлых, быў пахаваны як кожны з іх, але на трэці дзень пасля сваёй смерці Ён ужо не быў сярод іх. Ён уваскрос у першы дзень новага тыдня. Слова «новы тыдзень» трэба разумець як новы час, бо з уваскрасеннем Хрыста распачаўся час збаўчай Божай ласкі.

Сучасны свет супрацьстаіць прысутнасці Бога на зямлі. Мы можам вызнаваць нашу веру ў Бога, аднак у той жа час жыць так, як быццам Езус не ўваскрос. Шукаем шчасця ў нязгодных з воляй Божай сексуальных задавальненнях і сквапных накапленнях матэрыяльных рэчаў. Забіваем ненароджанае жыццё. Выказваемся за разводы. Падтрымліваем штучнае апладненне і сурагатнае мацярынства. Не захоўваем прынцыпаў хрысціянскай этыкі. З лёгкасцю можам прынізіць годнасць чалавека. Практыкуем акультызм, магію, варажбу і г. д. Шукаем саміх сябе ў этнічнай ідэнтычнасці, сацыяльным ці эканамічным статусе. Нярэдка хвалімся: «Я добра адукаваны, разумны, не такі, як іншыя; мой заробак большы, чым у іншых; я атрымаў вялікую спадчыну, і ўсё гэта падымае мой статус у грамадстве».

Усё гэта не што іншае, як здрада Евангеллю. Святы апостал Павел кажа, што ўсё належыць да адноўленага праз Хрыста свету. У ім няма розніцы, бо ва ўсім ёсць Хрыстус. Калі мы стараемся адрозніваць сябе паводле сацыяльнага, эканамічнага ці палітычнага статусу, гэтым самым мы здра- джваем Евангеллю, здраджваем абвяшчэнню ўваскрасення. Менавіта таму анёл зноў пытаецца ў нас: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых?»

Замест таго, каб шукаць нашага жыцця сярод памерлых, святы Павел заклікае весці барацьбу з духоўнай смерцю. Навучаючы, што Хрыстус — гэта нашае жыццё, ён таксама навучае, што мы павінны памерці для граху і ўваскрэснуць да жыцця ў Божай ласцы.

Гэта праўда, што мы баімся смерці, бо яна азначае цемру. Гэта канец нашай надзеі, старанняў, мараў. Аднак Хрыстус паказвае, што гэта не так. Ён паказвае сябе як святло ў канцы гэтага глыбокага і цёмнага тунэлю. Таму давайце святкаваць гэты дзень! Давайце святкаваць нашае збаўленне! Мы ўжо больш не знаходзімся ў цемры граху, але ў святле Хрыста, якое ніколі не заходзіць.

Гісторыя мукі і смерці Хрыста — гэта гісторыя трыумфу фальшу над праўдай, несправядлівасці над справядлівасцю, злога духа над дабром. Езус быў фальшыва абвінавачаны за злачынствы, якіх не здзейсніў, несправядліва асуджаны на смерць, якой не заслужыў. Адзін з вучняў здрадзіў, верныя прыяцелі пакінулі, а Пётр, якому Ён вызначыў быць першым, ажно тры разы адрокся ад Яго. Людзі, якіх Ён любіў, заклікалі Яго ўкрыжаваць і выпусціць на свабоду злачынцу Бараббу. Гэта гісторыя здрады і хлусні, несумленнасці і ганебнасці, нявернасці і гвалту, накіраваная супраць нявіннай і бездапаможнай ахвяры. Усё гэта прыходзіць нам у галаву ў Вялікую пятніцу, калі мы бачым Езуса бічаванага, высмеянага, прыбітага да дрэва крыжа, на якім Ён памёр, а затым быў пахаваны. Калі б гэта быў канец Ягонай гісторыі, то сапраўды гэта была б вельмі сумная гісторыя. Але, дзякуй Богу, гэта не так.

Смерць — гэта не канец гэтай гісторыі. Ёсць яшчэ адна частка. Найбольш важная, бо, як кажа прыказка, «смяецца той, хто смяецца апошнім». І ў гэтай частцы гісторыі мы бачым Езуса ўваскрослым у славе. І гэта тая Добрая Навіна, якую нам нясе свята Пасхі.

Сапраўды, Добрая Навіна ёсць у тым, што праўда Хрыстова несмяротная. Яе можна пераследаваць, можна абвінаваціць у ілжывасці, можна асудзіць, можна пахаваць у магіле і г. д., як гэта было некалькі дзесяцігоддзяў таму на нашай зямлі. Яле яна ўваскрэсне на трэці дзень.

У святле праўды Уваскрасення нам, дарагія браты і сёстры, неабходна памятаць аб несмяротнасці Хрыстовай праўды і ніколі не адмаўляцца ад яе, нават калі іншыя адмаўляюцца, бо праўда заўсёды застаецца праўдай. Як мы верым у тое, што сонца ёсць і свеціць, нават калі за хмарамі яго не бачна, так нам трэба верыць, што праўда Хрыстова існуе, і з ёй трэба лічыцца.

Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі Хрыстовай. Віншую ўсіх вернікаў-католікаў і тых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята. Віншую таксама і праваслаўных, якія праз тыдзень будуць спяваць радаснае «Алелюя». Пасха Хрыстова — гэта наша супольнае хрысціянскае свята, якое заклікае нас не шукаць жывога сярод памерлых і радавацца перамозе жыцця. Аб’яднаем нашы духоўныя сілы і намаганні ў абароне Божай праўды, якая вядзе да сапраўднага жыцця і шчасця ў Божай ласцы, якога ніхто і нішто не можа нас пазбавіць.

Віншую ўсіх людзей добрай волі. Езус сваёй крыжовай смерцю і слаўным Уваскрасеннем збавіў усіх людзей, і таму наша радасць мае права быць супольнай.

Усім вам жадаю моцы Уваскрослага, Яго ўваскрасаючай з магілы граху ласкі; жадаю радасці, шчасця і надзеі.

Няхай радаснае «Алелюя» гучыць у нашых сэрцах і душах, няхай збаўчая Пасха ідзе па зямлі, няхай закране кожнага чалавека, няхай адорыць яго новым жыццём ва ўваскрослым Хрысце!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! І мы павінны ўваскрэснуць да новага жыцця ў Божай ласцы!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter