Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Ва ўкраінскім сяле Сурска-Літоўскім, дзе жывуць нашчадкі перасяленцаў з беларускіх земляў, аднавілі праваслаўны храм

Да Неба цягнецца душа

Роўна праз 125 гадоў пасля пабудовы храма ў крымскім Фаросе ў яго з’явіўся двайнік — у сяле Сурска-Літоўскім пад украінскім Днепрапятроўскам. Больш за паўстагоддзя таму, у часы хрушчоўскіх ганенняў на вернікаў мясцовую царкву там знішчылі падрыўнікі. Потым, у новы час, царквою служыў там былы дом святара. Гадоў сем таму выспела сярод прыхаджан ідэя: узвесці новы храм. І хоць шлях ад задумы да ўвасаблення быў няпростым, аднак ён — пройдзены. Прычым новы храм — гэта копія вядомай царквы Уваскрасення Хрыстова ў Фаросе ў Крыме: збудавана яна была ў 1892 годзе на стромай скале (412 метраў над узроўнем мора) па праекце акадэміка архітэктуры Мікалая Чагіна.

На асвячэнне храма ў сяле Сурска-Літоўскім прыбыў уладыка Ірэнэй, мітрапаліт Днепрапятроўскі ды Паўлаградскі, які ў свой час і блаславіў яго будаўніцтва. “Ідучы сюды, — казаў уладыка, — я думаў, што гэта — храм міру. Так усё мірна тут будавалася. А як вяскоўцы чакалі дома Божага, прымалі пасільны ўдзел ва ўзвядзенні яго! І вось ён ёсць. То хай ратуе вас Гасподзь за гэты храм! Маліцеся ў ім, і добрая Вам лета!”

Новы храм і свята з нагоды яго асвячэння

Новая царква паўстала й дзякуючы спонсарам, дабрачынцам. Заслугоўвае добрага слова сціплы прадпрымальнік Руслан Уласенка, які ад самага пачатку спрычыніўся да будоўлі. Яшчэ адзін дабрадзей, прафесар Ігар Ханін, распавядае: “Самае галоўнае — што вярнулася праўда. Калісьці ў вёсцы было дзве царквы. Першая, драўляная, стаяла прыкладна тут, каля школы, дзе мы пабудавалі й цяперашнюю. Гэта быў драўляны храм. На жаль, ён згарэў. Вяскоўцы пабудавалі за свой кошт на правым беразе Суры другі, каменны. Хтосьці нёс яйка, хто капейку — так і вырасла царква-прыгажуня. Дарэчы, яе распісваў бацька вядомага савецкага мастака-акадэміка, нашага земляка Фёдара Рашэтнікава”.

Варта нагадаць, што ў сяле Сурска-Літоўскім жывуць нашчадкі беларусаў-ткачоў, якія былі пераселены з гістарычнай Бацькаўшчыны ў далёкім 1794 годзе: пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. За гэтыя стагоддзі ўкраінская зямля стала роднаю для іх. “Беларусы — малайцы, — казаў Ігар Ханін, — яны — патрыёты сваёй мінуўшчыны, памятаюць дзядоў-прадзедаў. Гэта выдатна! Мне ў свой час пашчасціла пабываць у горадзе Дуброўне на Віцебшчыне, адкуль больш за 220 гадоў таму перасялілі нашых землякоў. Гэта прыгожы гарадок на Дняпры. Як гасцінна там прымалі нас — фантастыка! І мы некалькі гадоў таму гэтак жа шчодра прымалі гасцей з Дуброўна. Храм — гэта дом Божы, шлях да паразумення. І яго пабудова нас таксама паядноўвае. Нібы мурашы мы дзень пры дні ўзводзілі яго, і дзякуючы такой талацэ, такому яднанню маё сяло стала яшчэ мацнейшым”.

На ўрачыстасці меў слова й Рыгор Андрэеў, старшыня аб’яднанай Сурска-Літоўскай тэрытарыяльнай абшчыны: “Адраджэнне храма — выдатная справа і для сяла, і для людзей. Для зберажэння і ачышчэння душы чалавек ідзе ў царкву: каб пакаяцца і памаліцца, здабыць унутраны супакой, атрымаць дабраславенне на добрыя справы. Царква пабудаваная на сродкі спонсараў. А мы як улада ўсяляк спрыялі пабудове: заклікалі людзей да ўдзелу, арганізацыйна дапамагалі адраджэнню святыні”.

Госцем свята стаў і Першы сакратар Амбасады Беларусі ва Украіне Аляксей Панкраценка. Вось яго ўражанні: “Сёння я быў тут з вельмі прыемнай місіяй. Перадаў вітальныя словы ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Беларусі Ігара Сяргеевіча Сокала з нагоды асвячэння храма ў сяле, дзе здаўна жывуць беларусы. Яны – заснавальнікі сяла. Таму з вялікім задавальненнем я пабываў на асвячэнні, перадаў словы прывітання ад Амбасадара, размаўляў з супляменнікамі. Адчуў іх цёплыя сэрцы, адкрытасць. Амбасадар Ігар Сокал знайшоў мецэната, які пабудаваў каля царквы дзіцячую пляцоўку, на якой мясцовыя дзеці, спадзяюся, будуць праводзіць лепшыя моманты свайго дзяцінства. Гэта ўжо другі мой прыезд у Сурска-Літоўскае. І штораз я з радасцю еду, каб перадаць словы вітання нашым супляменнікам ад Амбасады і Беларусі”.

І старшыня грамадскай арганізацыі “Беларусы Прыдняпроўя” Валеры Каралёў таксама не выпадкова быў запрошаны на свята: ён займаўся на месцы пабудовай дзіцячай пляцоўкі. “Асвячэнне новага храма — падзея доўгачаканая, — прызнаецца мясцовы сьвятар, іканапісец айцец Дзмітры Гаўрылюк. — Шмат гадоў ішла будоўля, і часта нам было няпроста. Усе дзівіліся: краіна перажывала розныя часы, але па благаславенні Божым паволі рухаліся мы наперад. І вось гэты шчаслівы дзень прыйшоў!”

...Радуюцца падзеі ўсе: прыхаджане, клір, госці. Рады і бацькі з дзецьмі: у сяле дадаўся яшчэ адзін цэнтр духоўнасці, цяпер у Сурска-Літоўскім два храмы. Новая царква-прыгажуня радуе вока і цешыць душу, якая, як вядома, заўсёды, нягледзячы на розныя перашкоды, імкнецца да Неба.

Мыкола Чабан, сяло Сурска-Літоўскае Днепрапятроўскага раёна, Украіна

Голас Радзімы № 42 (3546), чацвер, 2 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter