Самы чаканы балетны спектакль у новым сезоне — «Жар-птушка» Ігара Стравінскага ў пастаноўцы Андрыса Ліепы

Да нас ляцiць жар-птушка

У апошнія гады Вялікі тэатр прывучыў нас да новых пастановак...
У апошнія гады Вялікі тэатр прывучыў нас да новых пастановак. Не жартачкі: за пяць гадоў — сорак прэм’ер! Што чакае нас у новым, ужо 82-м па ліку, сезоне? 


Несумненна, самы чаканы балетны спектакль — «Жар-птушка» Ігара Стравінскага ў пастаноўцы Андрыса Ліепы. Гэты славуты артыст — часты госць у мінскім тэатры. Яго кіраўнік Уладзімір Грыдзюшка называе Ліепу сябрам і жартуе, што дзякуючы ў тым ліку і Андрысу ў Вялікім хутка можна будзе праводзіць дзягілеўскія «Рускія сезоны». Чаму менавіта «Жар-птушка»? Слова — пастаноўшчыку: 


— Я лічу, што ў тэатры павінны ісці спектаклі, якія зрабілі славу сусветнаму мастацтву, такія як «Шахеразада» ці «Жар-птушка», якія сталі сто гадоў таму сапраўднай сенсацыяй. А для артыстаў сёння сутыкнуцца з тым рэпертуарам, які танцавалі Паўлава, Карсавіна, Ніжынскі, — гэта выдатная магчымасць для прафесійнага самаўдасканалення. Беларускія артысты адкрываюць для сябе нейкія новыя творчыя гарызонты, а гледачы дакранаюцца да вечнага, прыгожага. 


Рыхтуецца здзівіць публіку і народная артыстка Грузіі і Расіі Ніна Ананіяшвілі. Не, яна не выйдзе на сцэну ў «Лаўрэнсіі», балерына выступіла балетмайстрам-пастаноўшчыкам. Акрамя таго, напісала лібрэта па матывах драмы Лопе дэ Вега «Авечая крыніца». Новы сюжэт у спалучэнні з харэаграфіяй вядомага балетмайстра народнага артыста СССР Вахтанга Чабукіані робіць пастаноўку ўнікальнай. 


«Паяцаў» не было на сцэне Вялікага пятнаццаць гадоў. І гэта дрэнна. Бо гэта жамчужына сусветнай оперы, якіх у кожным прыстойным тэатры павінна быць не адна-дзве, а россып. Уласна кажучы, рэпертуар тэатра і складаецца пераважна з сусветнай класікі («Аіда», «Рыгалета», «Яўген Анегін» і г.д.), але хочацца верыць, што і «Паяцы» там не згубяцца, тым больш што саліраваць будзе Тэймураз Гугушвілі. 


Запрашаць замежных артыстаў і пастаноўшчыкаў — звычайная, і пахвальная, практыка Вялікага. Але вышэйпералічаныя імёны і прозвішчы — гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы. У наступным годзе абяцаўся прыехаць у Мінск сам Барыс Эйфман, які рыхтуе для нас «Ганну Карэніну». Усе падрабязнасці пакуль таямніца. 


Не забываюць у тэатры і пра беларускіх аўтараў. Абяцаюць шырока адзначыць юбілеі двух праслаўленых мэтраў — Сяргея Картэса і Яўгена Глебава, паставіўшы спектаклі на іх музыку. 


Вынік наступны. Калі дадаць у спіс прэм’ер парачку опер у адной дзеі, «Царскую нявесту» і «Кармэн», а таксама новую рэдакцыю «Бахчысарайскага фантана» ў пастаноўцы Юрыя Траяна, атрымаецца, што ў бліжэйшы год нас чакае дзясятак прэм’ер. Пагадзіцеся, нямала. Будзем спадзявацца, што іх якасць перасягне колькасць і ў наступныя сезоны тэатру не спатрэбіцца гнацца за велізарнай лічбай іншых навінак.

Наталля СЦЯПУРА


stepuro@rambler.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter