Даўніна вабіць і натхняе

Ніка Ракіціна піша пра неверагодныя рэчы, але сама верыць толькі ў магію слова
Ніка Ракіціна піша пра неверагодныя рэчы, але сама верыць толькі ў магію слова.

У Нікі Ракіцінай яшчэ шмат творчых задумаўФантастыка па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю. У мінскіх кнігарнях гэтым жанрам звычайна занятая не адна паліца. Твораў выходзіць сапраўды шмат, але многія з іх вельмі ўжо падобныя адзін да аднаго. Зрэдку трапляе нешта насамрэч арыгінальнае, скардзяцца літатратурныя гурманы. І вось нядаўна з’явілася выданне, якое, здаецца, здолее дагадзіць нават самым пераборлівым. Гэта — раман “Ганітва” Нікі Ракіцінай. Доказам творчай індывідуальнасці аўтаркі, як вядома, стала ўзнагарода на фестывалі “ЕўРасКон-2008” — званне лепшага маладога пісьменніка-фантаста Еўропы.
Цікава, але настаўніца з Гомеля захапляецца зусім не Джонам Толкіенам і яго “Уладаром кольцаў”. Яе кумір — Уладзімір Караткевіч. Ніка Ракіціна называе яго сапраўдным волатам слова і працягвае распачатую традыцыю — распавядае пра гісторыю Вялікага княства Літоўскага. Толькі класік калісьці скарыстаў для гэтага дэтэктыў, яна ж — фэнтэзі.

— Вас называюць паслядоўніцай Уладзіміра Караткевіча, а “Ганітву” — рэхам “Дзікага палявання караля Стаха”. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Такое параўнанне не можа не цешыць. Дарэчы, з кнігамі Караткевіча пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве. Першы яго твор мне прынёс бацька. То быў “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Уявіце: дзесяцігадовая дзяўчынка прадзіраецца скрозь нетры мудрагелістай гісторыі. Дзякуючы юнацкай упартасці ў сюжэце разабралася даволі хутка, у некаторых герояў проста ўлюбілася. Потым трапіла ў рукі “Дзікае паляванне караля Стаха”… Большай асалоды ад кнігі дагэтуль не атрымлівала. Памятаю, як захацелася рэканструяваць убранне галоўнай гераіні — так цудоўна яно было апісана ў творы!

Пасля, ва ўніверсітэце, шмат даследвала творчасць Уладзіміра Сямёнавіча. Я ўжо збіралася ехаць да яго са сваёй дыпломнай работай, як прыйшла вестка, што пісьменніка не стала. На жаль, пазнаёміцца так і не давялося.

— Ваша фэнтэзі па матывах гісторыі ВКЛ — адзінае ў сваім родзе?

— Прынамсі, нічога такога я больш не сустракала. Заўважу, што “Ганітва” — гэта не чыстае фэнтэзі. У мяне атрымалася сумесь з гісторыі і міфалогіі. У аснове сюжэта ляжыць паўстанне 1830-1831 гадоў, якое пададзена з украпінамі легенд. Раман можна аднесці і да рэтра-дэтэктыва: тут ёсць злачынствы, пошукі вінаватых. Увогуле, доўга не магла вызначыць жанравую прыналежнасць “Ганітвы”, у рэшце рэшт спынілася на фэнтэзі.

— Усе фантастычныя моманты ў кнізе запазычаны з фальклору?

— Не, некаторыя прыдумала сама. Адзін з іх — паданне пра ваўкоў Марэны, славянскай багіні зімы і смерці. Усе, хто ні чытаў твор, былі ўпэўнены, што такая легенда насамрэч існуе: трэба толькі пашукаць у энцыклапедыі. Не верылі, што яе аўтар я: так арганічна выдумка ўпісалася ў рэальную міфалогію.

— Наколькі мне вядома, збіраючы дакументальны матэрыял, вы не толькі адпаведнай літаратурай карысталіся, але і па гістарычных мясцінах падарожнічалі. Што запомнілася больш за ўсё?

— Самыя яркія ўражанні пакінуў горад Краслава, што ў Латвіі. Там знаходзіцца палац графа Адама Плятэра. Надзвычай прыгожае месца: над будынкам, нібы кароны, узвышаюцца какошнікі, шмат дэкаратыўных дробязяў. Ідзеш па парку, што абступае палац, зеляніна раптам распадаецца — і перад вычыма паўстае бліскучая роўнядзь Дзвіны. Неверагодны краявід! Дзівосны ўспамін і пра Музей драўлянага дойлідства ў Строчыцах. Столькі новага даведалася там пра побыт беларусаў. З задавальненнем блукала між хутароў, доўга разглядала самаробныя дзіцячыя хадункі… Усё, што ўбачыла ў вандроўках, перанесла на старонкі “Ганітвы”.

Дарэчы, збіраць дакументальны матэрыял я пачала задоўга да напісання кнігі. Мяне вельмі цікавіў лёс Эміліі Плятэр — гераіні паўстання 1830-1831 гадоў. Ліцвінку не раз параўноўвалі з Жаннай Д’арк, менавіта ёй Адам Міцкевіч прысвяціў верш “На смерць палкоўніка”. Пра жанчыну, чыё імя стала сімвалам патрыятызму і барацьбы за незалежнасць, збіралася напісаць гістарычны раман. У гэтым жанры нічога не атрымалася: умяшалася захапленне містыкай.

— Самі ў магію верыце?

— Шчыра кажучы, не. Можа толькі ў магію слова. Інакш не стала б пісьменніцай.

— Якім вы бачыце свайго чытача?

— Гэта — адукаваны чалавек, які добра ведае гісторыю. Інакш яму будзе складана разабрацца ў сюжэтных перапляценнях, многіх рэчаў ён проста не зразумее. Напрыклад, у творы ёсць карчмар Коця Баршчэўскі, які збіраецца напісаць кнігу “Лейтава ў фантастычных апавяданнях”. Чалавек дасведчаны адразу ўловіць паралель з Янам Баршчэўскім і яго “Шляхцічам Завальнёй, або Беларуссю ў фантастычных апавяданнях”. Разгадаць гэтую і іншыя галаваломкі, рассыпаныя па рамане, можа толькі эрудзіраваны чытач. Менавіта ён, разлічваю, атрымае ад “Ганітвы” асалоду.

— Кніга напісаная на рускай мове. Каб з вашым поглядам на гісторыю продкаў маглі пазнаёміцца ўсе сучаснікі, было б мэтазгодна зрабіць пераклад на беларускую, літоўскую, польскую і ўкраінскую мовы. Што думаеце на гэты конт?

— Я не супраць. Галоўнае — знайсці добрых перакладчыкаў. Колькі раз пераконвалася, што поспех кнігі для шырокага чытача шмат у чым залежыць ад перакладу. Мне, напрыклад, рускамоўныя версіі твораў Караткевіча не ўсе падабаюцца. Не хачу нікога пакрыўдзіць. Але нават тым, хто дрэнна ведае беларускую мову, раю пачытаць класіка ў арыгінале. Задавальненне, на маю думку, атрымліваеш удвая, а то і ўтрая большае.

— Журы “ЕўРасКона” высока ацаніла кнігу. А ці былі негатыўныя водгукі?

— Напэўна былі, але да мяне чамусьці не дайшлі (усміхаецца). Увогуле, раман чытачам падабаецца. Некаторыя па начах за ім сядзелі — не маглі адарвацца, а потым на працу спазняліся. Да мяне не адзін ліст з такімі гісторыямі прыходзіў.

Важным для мяне быў “вердыкт” расійскага крытыка Дзмітрыя Валадзіхіна. Ён часта рэцэнзуе фантастыку. Мне напісаў нешта накшталт: у Вас атрымалася стварыць кнігу для разумнага чытача, кнігу самабытную і арыгінальную. Дзмітрый паспрбаваў параўнаць раман з творамі іншых фантастаў і не знайшоў аналагаў. Было вельмі прыемна. Хутка ў расійскай перыёдыцы павінна з’явіцца яго рэцэнзія на “Ганітву”.

— Ці адрозніваецца еўрапейскае фэнтэзі ад славянскага?

— Ведаеце, я не падзяляю літаратуру на нямецкую, французскую, чэшскую, беларускую… Для мяне існуюць толькі якасныя творы і тыя, што напісаны па-дылетанцку. Сёння выдаецца шмат забаўляльнай фантастыкі: “праглынуў” кнігу, а назаўтра і не ўспомніш, пра што яна. Трэба, каб у творы была духоўная база. Літаратура вышэйшага гатунку павінна быць гуманістычнай, падтрымліваць агульначалавечыя каштоўнасці.

— Вы не толькі пісьменніца, але, як і ўсе, — чытач. Якой літаратуры аддаяце перавагу?

— Я прыхільніца класікі. Люблю Аляксандра Бяляева, Рэя Брэдберы. З беларускіх аўтараў падабаюцца Міхась Лынькоў, Янка Маўр і, канешне ж, Уладзімір Караткевіч. Так здарылася, што сярод маіх сяброў нямала літаратараў , чытаю іх творы таксама.

— Будзеце працягваць пісаць на гістарычную тэму?

— Я вялікі эксперыментатар. У маім “рэпертуары” ўжо ёсць аповесці пра піратаў, гумарыстычныя дэтэктывы, дзіцячыя казкі, цяпер працую над раманам па сюжэце камп’ютэрнай гульні “Старажытныя скруткі ІІІ: Морровінд”. Хочацца паспрабаваць яшчэ шмат чаго, таму гісторыяй абмяжоўвацца не збіраюся.

Вольга Карней
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter