XXI Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМI ў Беларусі” пройдзе 3—6 мая

Да хуткай сустрэчы, сябры!

Па традыцыі гэтая выстава становіцца пляцоўкай, дзе шырока прадстаўлены не толькі беларускія СМІ, але і выданні і інфармацыйныя рэсурсы Саюзнай дзяржавы, краін СНД і далёкага замежжа. У праграме форуму — круглыя сталы, семінары, майстар-класы з удзелам вядучых журналістаў. Акрамя таго, адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая літара”.

Фота БЕЛТА

На выставе можна будзе пазнаёміцца і з новымі праектамі аб’яднанай рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия” — “Альфа Радио”, інтэрнэт-партала і яе выданняў. У прыватнасці, 4 мая “Сельская газета” арганізуе віктарыну і падвядзе вынікі конкурсу на лепшы каравай. Вядучая рубрыкі “Сад і агарод” Наталля Тышкевіч (газета “СБ”) і кандыдат біялагічных навук Таццяна Курловіч дадуць майстар-клас па размнажэнні журавін. Наведвальнікі стэнда аб’яднанай рэдакцыі атрымаюць у падарунак парасткі гэтай расліны. У гэты ж дзень адбудзецца ўрачыстае ўручэнне прызоў пераможцам рэкламнай гульні “СБ” — “Мы — разам!”. Спецыяльны госць — папулярны выканаўца Віталь Карпанаў.

Газета “Рэспубліка” запрашае на “Юрыдычныя гадзіны” і выступленне артыстаў Белдзяржфілармоніі. “Знамя юности” ладзіць квэст, а “Народная газета” правядзе Дзень здароўя — прыходзьце 5 мая на сустрэчу з вядомай траўніцай Лідзіяй Навічыхінай. І гэта далёка не ўсе мерапрыемствы. Кожны дзень на стэндзе аб’яднанай рэдакцыі “СБ” будзе цікавым і насычаным.

Арганізатары выставы — Міністэрства інфармацыі, НВЦ “Белэкспа” пры падтрымцы Мінгарвыканкама, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку, РУП “Дом прэсы”, Беларускага саюза журналістаў.

Месца сустрэчы — Мінск, выставачны павільён на праспекце Пераможцаў, 14.

Віктар Любімаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter