Гістарычныя вехі і сённяшнія справы аграгарадка Даўгінава

Даўгінава: райскі куток Вілейшчыны

З ДАЎНІХ часоў з беларускай сталіцы ў паўночным кірунку вядзе Даўгінаўскі тракт. Мястэчка з такой назвай упершыню пісьмова ўзгадваецца ў сярэдзіне ХV стагоддзя як уладанне віленскага ваяводы Яна Доўгірда. На працягу вякоў розныя гаспадары валодалі выцягнутым уздоўж рачулкі Сярністай паселішчам. Не аднойчы ўрываліся ворагі і дашчэнту знішчалі Даўгінава. Пасля войнаў сядзібы занава адбудоўваліся.


Уладальнікі маёнтка Караль Міхал і Эва Друцкія-Сакалінскія ў ХVIII стагоддзі фундавалі ўзвядзенне драўлянага касцёла, а святар Дамінік Марціноўскі збудаваў царкву. У Даўгінаве размяшчаўся грэка-каталіцкі дэканат, у які ўваходзіла 26 парафій.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка стала цэнтрам воласці Вілейскага павета, і ў ім пастаянна ладзіліся багатыя кірмашы.

65 гадоў у шлюбе Казімір і Зінаіда ЯГЕЛЫ.

На суконнай фабрыцы графа Станіслава Каменскага, дзе працавала тры сотні рабочых, усталявалі вадзяны і паравы рухавікі. 28 станкоў ткалі тонкія сукны розных колераў, якія адпраўлялі спажыўцам у Рыгу, Вільна, іншыя прыбалтыйскія гарады.

Не мінулі Даўгінава рэвалюцыйныя падзеі пачатку мінулага стагоддзя. Тысяча сялян з навакольных мясцін выступілі супраць нізкіх заработкаў. Дзейнічала мясцовая падпольная арганізацыя бальшавікоў.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі мястэчка апынулася ў складзе буржуазнай Польшчы. Тут жыў і вучыўся вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля.

Начальнік Вілейскага райсельгасхарча Ігар ШЭВЯЛЁЎ і выконваючы абавязкі кіраўніка ААТ “Даўгінава” Аляксандр БЯГАНСКІ.

У маі 1940 года Даўгінава атрымала статус гарадскога пасёлка і цэнтра сельсавета.

У нямецка-фашысцкую акупацыю ў навакольных лясах дзейнічаў партызанскі атрад “Мститель”.

Пасля вайны сяляне аб’ядналіся ў калгас, які рэарганізаваны ў ААТ “Даўгінава”. Дзейнічалі хлебапякарня, малочны і каўбасны цэхі. Адкрыліся сярэдняя школа, участковая бальніца.

Захаваліся гістарычныя помнікі — касцёл Святога Станіслава і праваслаўная царква Святой Тройцы. У Інстытут геалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі перададзены рэдкі экспанат — Даўгінаўскі ідал.

На прыёме ў доктара Ігара СЦЯЖКО пенсіянерка Лідзія ЗАХАРЭВІЧ.

ВОКНАМІ на белакаменную царкву, якой, як і мясцоваму касцёлу, больш за паўтара стагоддзі, глядзіцца будынак сельсавета. У будзень — цішыня ля даўгінаўскіх храмаў. Ціха і ў сельсавеце, куды завітаў перад вандроўкай па Даўгінаве. Старшыня Аляксандр Маліноўскі паехаў у Вілейку за матэрыяламі для рамонту будынка. З вядучым спецыялістам Наталляй Мінчык накіраваліся да старажылаў — Казіміра і Зінаіды Ягелаў. На мурожным падворку перад ганкам стаяла павозка на гумавых колах. Далей за хлявамі віднеліся радкі квітнеючай бульбы. Драўляны дом акружылі разгалістыя садовыя дрэвы.

— Няўдалы на садавіну выдаўся год, — кінуўшы позірк на старыя яблыні, заклапочана вымавіў дзевяностапяцігадовы Казімір Ягела. — За мой век рэдка бывала, што ў маі, калі зацвітаюць сады, снег падаў і па начах марозіла. Нават чарнічнік у лесе не вытрымаў. Мала ягад. На палях азімыя падмерзлі і ўраджаю высокага не будзе.

Механізатар Іван АТРОШЧЫК.

З хаты выйшла хударлявая гаспадыня Зінаіда Іосіфаўна. 65 гадоў іх сямейнаму саюзу. Ваеннымі шляхамі-дарогамі ў складзе Другога Беларускага фронту баец Казімір Ягела вызваляў краіны Еўропы. У адным з баёў на тэрыторыі Германіі цудам застаўся жывы. Ад выбуху прысыпала зямлёю. У палявым шпіталі залячылі раны, і разам з аднапалчанамі ён трымаў далей кірунак на Берлін. Бачыў ахоплены пажарам Дрэздэн. Вайну закончыў у берлінскім прадмесці. Вярнуўся дамоў. Бацькоў ужо не было. Займеў сям’ю. Да выхаду на пенсію развозіў канём з даўгінаўскай пякарні хлеб па вясковых магазінах. З жонкаю Зінаідай Іосіфаўнай дзвюх дачок і сына выхавалі. Дзяўчаты раз’ехаліся, а сын Станіслаў застаўся з бацькамі. Каня купілі. Зусім нядаўна была і свая карова.

— Вялікі статак у Даўгінаве, — адзначае кіраўнік спраў сельсавета Галіна Ханашчык. — Восем кароў, бык, конь, авечкі і козы на падворку працавітага гаспадара Паўла Гурыновіча. Малако прадае нарыхтоўшчыку, які пастаўляе яго ў вілейскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”.

Па дваццаць кілаграмаў малака штодзённа прадае сям’я Галіны і Іосіфа Пратасевічаў. Сена для дзвюх кароў і каня гаспадар разам з сынам Аляксандрам сам нарыхтоўвае. Ад сваякоў у спадчыну дастаўся ім гектар зямлі, на якой вырошчваюць збажыну і бульбу. Травою засяваюць пакінутыя сядзібы і атрымліваюць па тры ўкосы.

Вядучы спецыяліст Наталля МІНЧЫК  і кіраўнік спраў  сельсавета  Галіна ХАНАШЧЫК.

— Дапамагае гомсельмашаўская конная касілка, — задаволены Іосіф Пратасевіч. — За сезон да дзесяці тон сена нарыхтоўваем. Хутка пачнём другі ўкос.

Працуюць Галіна Пятроўна і Іосіф Альбертавіч настаўнікамі. Сын Аляксандр сёлета з залатым медалём закончыў Даўгінаўскую сярэднюю школу і паступае на энергетычны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Бацька і сын выкройваюць час і для падрыхтоўкі школы да новага вучэбнага года. А ў выхадныя Іосіф Альбертавіч з дачкою Сафіяй спяваюць у касцельным хоры.

Цудоўны хор і ў даўгінаўскай Траецкай царкве, у якой трыццаць пяць гадоў правіць айцец Іван Ліннік. З маладосці ў царкоўным хоры Данута Апанасевіч. Дачку і сына, а таксама пяцярых унукаў хрысціла ў гэтым храме. Сацыяльным работнікам працуе дачка Алена, а сын Алег — у мясцовым аддзяленні МНС.

РОДНЫМ стала Даўгінава для ўрачоў Ігара і Дануты Сцяжко. Трыццаць гадоў таму пасля заканчэння Мінскага медінстытута прыехалі па размеркаванні і засталіся. Ігар Яўгенавіч узначаліў участковую бальніцу, а Данута Аляксееўна — тэрапеўт. Пабудавалі дом. Выхавалі двух сыноў. Маюць двух унукаў.

Вольга і Уладзімір СЯДЫХ з дачкой Дзіянай і сынам Кірылам.

— Пераважная большасць пацыентаў — людзі сталага ўзросту, — адзначае Ігар Яўгенавіч. — Акрамя кіраўніцтва бальніцай, разам з іншымі ўрачамі, а іх у нас тры, выязджаем і праводзім медагляд жыхароў па вёсках. На тэрыторыі сельсавета дзейнічае пяць ФАПаў.

У міжсезонне цяжкавата дабірацца ў аддаленыя вёсачкі і хутары. Паўсотні вёсак і вёсачак вакол Даўгінава. Хутары Сіўцы і Кутнае ўжо зніклі. Парожнія стаяць усе хаты ў Замошшы, Мушанцы, Румянскіх. У некаторых вёсках дамы выкуплены гараджанамі пад лецішчы.

Калі працяглы час не знаходзіцца гаспадар пустуючага падворка, на пасяджэнні сельвыканкама прымаецца рашэнне аб зносе пабудовы. Ужо сёлета ачысцілі паўтара дзясятка сядзіб. Засталося шмат пакінутых падворкаў, навокал якіх райская прыгажосць. Чаруе чыстае паветра і пужае незвычайная цішыня.

Выхавацель дзіцячага садзіка Алена ХАНЯЎКА з дзецьмі.

Няспешна ў асноўным мінчане становяцца новымі гаспадарамі пакінутых сядзіб. У сельсавеце ўпэўнены, што ажывуць усе пустуючыя падворкі. Побач — Мядзельшчына з блакітнымі азёрамі, багатыя на прыродную даніну бары і лясы. Усё часцей звяртаюцца патэнцыяльныя пакупнікі. Большасць з іх шукаюць адзінокія сядзібы. За мінулы год у сельсавеце аформілі продаж сарака вясковых дамоў.

Не толькі прыгожымі мясцінамі славіцца даўгінаўскі куточак Вілейшчыны, але і багатымі традыцыямі. Штогод 8 мая касцёл Святога Станіслава арганізоўвае вялікі фэст, прысвечаны святому, імя якога носіць храм.

Удзельніца царкоўнага хору Данута АПАНАСЕВІЧ.

Багатая гісторыя каталіцкай парафіі. На пачатку ХVII стагоддзя ў касцёле знаходзіўся славуты абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, які зараз упрыгожвае Будслаўскі каталіцкі храм. Традыцыйна праз Даўгінава праходзяць паломнікі на Будслаўскі фэст. Усё мястэчка загадзя рыхтуецца прымаць іх. Працуе грамадская лазня. Начуюць пілігрымы ў школе, Доме культуры і па сем’ях.

Святары даўгінаўскай парафіі Гваўдзецкі, Беўта-Бароўскі і Дарашкевіч ахвяравалі свае жыцці за веру. У нямецка-фашысцкую акупацыю ксёндз Казімір Дарашкевіч хаваў яўрэяў у плябаніі, якая захавалася за касцёлам. У гады масавага атэізму невядомыя забілі святара. Доўгі час не было настаяцеля. Парафіяне змаглі ўтрымаць святыню ў добрым стане. Прыходзілі і маліліся, адпраўлялі набажэнствы. У 2000-я гады адрэстаўрыраваны алтар даўгінаўскага касцёла, адзін з найбольш старажытных у Беларусі, дзе правіць айцец Алойзы Шулік.

Школьны медаліст  Аляксандр ПРАТАСЕВІЧ.

АДНА з вуліц аграгарадка названа ў гонар Мікалая Кісялёва. Добраахвотнікам ён пайшоў на фронт. Палітруком змагаўся з ворагам у складзе 29-й стралковай дывізіі 32-й арміі, якая трапіла ў варожае акружэнне. Палітрук збег з палону і ў 1942 годзе быў прыняты ў партызанскі атрад “Мститель” (“Дзядзі Васі”) пад камандаваннем Васіля Варанянскага, які дзейнічаў на тэрыторыі Вілейскага раёна. Атрымаў заданне перавесці праз лінію фронту трыста ўцалелых з пяці тысяч яўрэйскіх жыхароў Даўгінава.

У ізраільскім інстытуце Яд-Вашэм захоўваецца ліст былога жыхара Даўгінава Хеўліна Шымона, дзе ўзгадваецца пра эпізод з трохгадовай дзяўчынкай з сям’і Крэмераў, якая, калі прабіраліся да лініі фронту, галосна плакала і прасіла есці. Хваляваліся, што гітлераўцы пачуюць плач і знішчаць усіх. Прынялі рашэнне, каб выжыць, маленькую прынесці ў ахвяру. Маці павяла дачушку ў рэчку тапіць. Дзяўчынка адчула пагрозу і стала прасіцца, што будзе слухацца. Дарослыя стаялі на беразе і заліваліся слязамі. Да здранцвелай маці падышоў Мікалай Кісялёў і забраў дзіця на рукі, падзяліўся акрайцам хлеба. Павёў усіх за сабою і ўратаваў.

Сафія і Галіна ПРАТАСЕВІЧ.

Мікалаю Якаўлевічу прысвоена званне “Праведнік народаў свету”. Штогод у Тэль-Авіве 5 чэрвеня, у дзень апошняга расстрэлу Даўгінаўскага гета, збіраюцца нашчадкі ўратаваных Мікалаем Кісялёвым яўрэяў. Яго прозвішча ўвекавечана і ў назве сквера на маскоўскім Новым Арбаце. У пасляваенныя гады ён жыў у Маскве. На радзіме, у башкірскім горадзе Благавешчанску, усталяваны помнік герою…

МІРНЫМІ справамі жыве аграгарадок. Гатовы выйсці ў поле ўсе 14 збожжаўборачных камбайнаў ААТ “Даўгінава”, якім кіруе малады Аляксандр Бяганскі. Гаспадарка вялікая. Сёлета трэба ўбраць амаль чатыры тысячы гектараў збажыны і дзвесце гектараў рапсу. Працягваецца нарыхтоўка кармоў для 3300 галоў буйной рагатай жывёлы, што ўтрымліваюцца на чатырох фермах. А ў канцы жніўня па традыцыі будзе адзначацца свята адной з вёсак сельсавета.

Вілейскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter