Да газеты — з любоўю. Соф’я Пугач зрабіла Драгічынскае раённае аддзяленне “Брэстаблсаюздруку” адным з найлепшых.

Драгічынскае раённае аддзяленне УП “Брэстаблсаюздрук” — адно з найлепшых у рэгіёне. Нездарма некалькі гадоў таму яго начальніцы Соф’і Пугач быў уручаны медаль “За працоўныя заслугі”. Сваю ганаровую ўзнагароду Соф’я Васільеўна імкнецца апраўдваць і да гэтай пары. Як у яе гэта атрымліваецца, яна расказала карэспандэнту “НГ”. Пакуль Соф’я Пугач даслужылася да пасады начальніка Драгічынскага раённага аддзялення “Брэстаблсаюздруку”, яна працавала на ўсіх участках: была і кіяскёрам, і інструктарам па падпісцы. Жанчына не шкадуе, што звязала свой лёс з перыядычнымі выданнямі.

“Гэта маё месца па жыцці”, — падкрэслівае яна. — Я ніколі не марыла аб іншай працы. З дзяцінства люблю чытаць.Тэлевізара і радыё ў нашай хаце не было (нарадзілася я ў вёсцы), таму звычайна мы з братам бавілі вольны час, лежачы на печы і чытаючы па чарзе ўголас, — узгадвае Соф’я Васільеўна. — Я часта наведвала бібліятэку, каб чытаць кнігі, часопісы і газеты. Спачатку гэта было маім захапленнем, а потым паўплывала на выбар прафесіі.

У час наведвання драгічынскага магазіна “Друк” жыхары райцэнтра прызналіся, што з ахвотай прыходзяць сюды, бо “тут магчыма не толькі набыць свежыя газеты і часопісы, але і шэраг іншых рэчаў, патрэбных для дома і работы”. Кліентам падабаецца і зручная выкладка тавараў, і ветлівае абслугоўванне. Усё гэта, паводле слоў кіяскёра Галіны Піліповіч, заслуга Соф’і Пугач, якая клапоціцца пра тое, каб у гандлёвых кропках Драгічынскага раённага аддзялення УП “Брэстаблсаюздрук” быў поўны парадак.

— А як можа быць інакш, калі мы працуем з людзьмі, большасць наведвальнікаў ведаем у твар, — тлумачыць Соф’я Васільеўна.

— Соф’я Васільеўна — добры начальнік, з кожным знойдзе агульную мову. Усе яе ведаюць і паважаюць, бо яна працуе ў “Брэстаблсаюздруку” ўсё сваё жыццё, а гэта больш за 40 гадоў, — кажа загадчыца склада Вольга Анісько. Аднак начальнік Драгічынскага раённага аддзялення “Брэстаблсаюздруку” пераканана, што без падтрымкі свайго калектыву нічога ў яе не атрымалася б. Дарэчы, Соф’я Васільеўна сама з ахвотай дапамагае раніцай раскладваць газеты.

— Я — вытворчая адзінка, як усе. Чаму ж мне не дапамагаць работнікам, каб свежая перыёдыка хутчэй трапіла ў кіёскі? — не разумее Соф’я Пугач. — Ёсць жа пастаянныя пакупнікі, якія стаяць ля ганка і чакаюць, пакуль мы адчынімся, каб набыць свежыя выданні. Соф’я Васільеўна і сама з задавальненнем чытае газеты і часопісы, бо гэта цікава і, акрамя таго, з’яўляецца часткай яе прафесіі.

— Каб прапаноўваць выданні людзям, варта іх ведаць самім, — гаворыць яна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter