Да Францішка на каву.

Мінулымі выхаднымі ўсе шляхі вялі зусім не ў Рым, а на поўнач Беларусі, у горад Смаргонь. Райцэнтр Гродзенскай вобласці на два дні ператварыўся ў сталіцу свята беларускага пісьменства і адначасова ў вялікі сярэдневяковы кірмаш з яго абавязковымі атрыбутамі: мядзведзямі, цыганамі, батлейкай, гульнямі і прысмакамі.Тых, каму ў гэтыя дні на радзіму Багушэвіча трапіць не ўдавялося, карэспандэнт “НГ”запрашаюць у падарожжа ў тыя часы, калі Смаргонь славілася абаранкамі, мядзведжай акадэміяй, рыцарамі з чароўнымі паннамі, калі бегаў тут басанож маленькі хлопчык Францішак...

Мінулымі выхаднымі ўсе шляхі вялі зусім не ў Рым, а на поўнач Беларусі, у горад Смаргонь.

Райцэнтр Гродзенскай вобласці на два дні ператварыўся ў сталіцу свята беларускага пісьменства і адначасова ў вялікі сярэдневяковы кірмаш з яго абавязковымі атрыбутамі: мядзведзямі, цыганамі, батлейкай, гульнямі і прысмакамі.Тых, каму ў гэтыя дні на радзіму Багушэвіча трапіць не ўдавялося, карэспандэнт “НГ”запрашаюць у падарожжа ў тыя часы, калі Смаргонь славілася абаранкамі, мядзведжай акадэміяй, рыцарамі з чароўнымі паннамі, калі бегаў тут басанож маленькі хлопчык Францішак...

 

Адзін верш на ўсіх

Суботняя раніца была дажджлівая, і, шчыра кажучы, здавалася, што хмары не разгоніць нават самая сонечная песня. Па дарозе ў горад трапляліся толькі рэдкія веласіпедысты... Горад як быццам заціх у чаканні...
І госці на Дзень беларускага пісьменства пакрысе пачалі прыбываць.
Міжнародны форум “Мастацкая літаратура як сродак зносін народаў” сабраў выдаўцоў, паэтаў, перакладчыкаў з розных краін свету. Падзяліцца вопытам змагання з другасортнай кнігай з’ехаліся літаратары з Сербіі, Польшчы, Расіі, Казахстана і Літвы. Ад абмеркавання фінансавых праблем паэты перайшлі да дэкламацыі ўласных твораў і паабяцалі адзін аднаму, што найлепшы верш яны напішуць разам.
— Мы павінны аб’яднацца, дапамагаць адзін аднаму. У імя міру, дабра, гуманізму і спакойнага жыцця на зямлі, — заклікаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Дудка беларуская

З мэтай больш даведацца пра Смаргонскі край і яго знакамітых ураджэнцаў госці свята адправіліся ў Кушляны, дзе захавалася сядзіба паэта Францішка Багушэвіча — галоўнага персанажа сёлетняга Дня пісьменства. Каб стварыць музей літаратурнага класіка, член Саюза пісьменнікаў Алесь Жамойцін змяніў гарадскую кватэру на сялянскую хату. Наведвальнікам спадар Жамойцін не толькі расказвае біяграфію вялікага земляка, але і частуе кавай ды грае на дудцы, той самай “дудцы беларускай”, якую апяваў у сваіх вершах Багушэвіч.
Сёння ў Багушэвіча — не адзін, а дзесяткі, сотні паслядоўнікаў — як пісьменнікаў, так і выдаўцоў. На сцэне летняга амфітэатра ў гарадскім парку сталіцы XVI Дня беларускага пісьменства ўзнагароджвалі пераможцаў 49-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Свае прызы атрымалі лепшыя мастацкія выданні, даведачныя выданні, лепшае духоўна-асветніцкае выданне і многія іншыя. На конкурс 2009 года ўсяго паступіла больш за 200 выданняў па 23 намінацыях ад 39 выдавецтваў і выдавецкіх арганізацый. Свае ўзнагароды атрымалі таксама пераможцы Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, перакладу, сатыры і гумару, дэтэктыўнага і песеннага жанраў.

Ад храма да газеты

Асноўныя ўрачыстасці адбываліся ў нядзелю. Свята пачалося з адкрыцця і асвячэння новага храма Смаргоні — сабора Праабражэння Гасподняга. Царква ўражвае сваёй веліччу і асляпляе белым колерам сцен. Іканастас, дарэчы, спецыяльна выраблялі майстры з Жыровіцкага манастыра. Ад труны Гасподняй у Смаргонь прывезлі жыватворны агонь. Ля святыні прыхаджане пасадзілі шаснаццаць дрэўцаў (бо Дзень пісьменства праходзіў шаснаццаты раз) — і такім чынам заклалі Сад малітваў.
Галоўнай “прэм’ерай” стаў помнік Францішку Багушэвічу, які з’явіўся ў гарадскім парку. Тут жа разгарнулі свае павільёны вядучыя выдавецтвы і СМІ краіны. Ля стэнда “Народнай газеты” яблыку не было дзе ўпасці. Чытачы ўдзельнічалі ў конкурсах і прапаноўвалі тэмы для будучых публікацый. Адзін з такіх матэрыялаў — аб праблемах смаргонскай маладой сям’і — чытайце ў бліжэйшых нумарах газеты.
— “Народную газету” чытаем разам з жонкай кожны вечар за гарбатай, — расказаў пра асаблівае месца нашага выдання ў жыцці сваёй сям’і Уладзімір Лабада. — Без навін не пражывеш, засумуеш. Цікавімся палітыкай, эканомікай, культурай. Раней, вядома, больш газет выпісвалі. Хацелася б, каб больш выданняў было на беларускай мове. Прыемна, што ў “НГ” апошнім часам стала больш матэрыялаў на роднай мове.
Ці існавала на самай справе ў Смаргоні славутая мядзведжая акадэмія? Аказалася, што мясцовыя жыхары і праўда вылоўлівалі ў навакольных лясах медзведзянят, каб навучыць іх тонкасцям цыркавога мастацтва. Два-тры месяцы — і жывёла танчыла і кланялася на забаву публіцы. Дарэчы, мішка выяўлены на гербе Смаргоні і лічыцца яе абаронцам. Яшчэ адзін сімвал Смаргоні — абаранкі. Іх рабілі па спецыяльных рэцэптах. Вырабы смаргонскіх кандытараў некалі карысталіся асаблівым попытам у суседняй сталічнай Вільні.

Брэнд на жыце

Так што было ў гэты дзень свята і для страўніка. Ала Дыро, дырэктар вішнеўскага дома культуры, вырашыла ўсіх накарміць “ад пуза”. Ад аднаго погляду, кінутага на багаты стол, цякла сліна: сала, каўбасы, хатні сыр з кменам, гуркі і, натуральна, абаранкі! Усё зроблена з песняй на вуснах і любасцю ў сэрцы, прычым па сакрэтных тэхналогіях, аб якіх кухары не расказалі. Пасярэдзіне стала — самагонка “манаполька”. “Такой гарэлкай, якая настоена на прарослым жыце, на працягу стагоддзяў частаваліся ў корчмах Смаргоншчыны, — пахвалілася мясцовым напіткам Ала Лявонаўна. — Гэта наш неафіцыйны брэнд!”

Смаргонскі кірмаш уразіў сваім размахам. Чаго тут толькі не было! Цыганскія шатры, фокусы, гармонікі і нават цукеркі-пеўнікі, вядомыя ўсім з дзяцінства... Не трэба ніякай машыны часу, каб проста з цэнтральнай вуліцы перанесціся ў мінуўшчыну. Гістарычныя клубы Гродзеншчыны падрыхтавалі незабыўнае шоу. Чароўныя пані са сваімі вернымі кавалерамі вучылі ўсіх жадаючых старадаўнім танцам. Адважныя хлопцы пераапрануліся ў рыцараў...
Семнаццатае па ліку свята беларускага пісьменства адбудзецца ў Хойніках Гомельскай вобласці — на радзіме Івана Мележа.

Аўтарытэтна

Уладзімір ПАТУПЧЫК, намеснік прэм’ер-міністра:
Смаргоншчына дала свету выдатных кампазітараў, мовазнаўцаў, паэтаў
— Дзень беларускага пісьменства — гэта даніна павагі тым, хто на працягу многіх вякоў нёс у свет цудоўную беларускую мову, хто заклаў грунт для кнігавыдання, ствараючы на Беларусі асветніцкія цэнтры, хто аздобіў сусветную культуру сваімі неўміручымі творамі. Смаргоншчына нарадзіла выдатных дзеячаў культуры, навукі, палітыкаў і пісьменнікаў, асветнікаў. Сярод іх сусветна вядомы кампазітар Міхаіл Клеафас Агінскі, кампазітар-дырыжор Мечыслаў Карловіч, этнограф-лінгвіст Ян Карловіч і Францішак Багушэвіч, які адзін з першых пачаў пісаць творы на беларускай мове.

Уладзімір РУСАКЕВІЧ, міністр інфармацыі:
Свята набыло міжнародны фармат
— На Дзень беларускага пісьменства прыехалі літаратары, дзеячы культуры з Расіі, Польшчы, Літвы, Сербіі, Казахстана, госці з іншых краін. Свята набыло міжнародны фармат. Знакавымі не толькі для Смаргоні, але і для ўсёй краіны сталі асвячэнне сабора Праабражэння Гасподняга і адкрыццё помніка класіку нашай літаратуры Францішку Багушэвічу, чыё жыццё і творчасць прысвечаны Смаргонскай зямлі. Праграма свята была вельмі насычаная, уключала не толькі літаратурныя імпрэзы, але і музычныя, фальклорныя, мастацкія. Думаю, многія наведалі сядзібу Багушэвіча і былі ўражаны той незвычайнай атмасферай, якая захоўваецца ў пісьменніцкім доме. Важнай падзеяй Дня беларускага пісьменства стала ўручэнне ўзнагарод пераможцам Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, а выдатных узораў паліграфічнага і дызайнерскага майстэрства з кожным годам усё больш, канкурэнцыя павялічваецца, а значыць, беларуская кніжная справа не стаіць на месцы і ідзе наперад.

Павел ЛАТУШКА, міністр культуры:
Прапагандаваць сваю родную мову трэба асабістым прыкладам
— Беларуская культура вельмі багатая, ёсць шмат імён людзей у гісторыі краіны, якія ўнеслі вялікі ўклад у яе развіццё. Беларусы павінны ганарыцца тым, што створана. Абапіраючыся на гэта, мы будуем сённяшнюю Беларусь, будуем яе заўтра. Прапагандаваць сваю родную мову трэба асабістым прыкладам. Нядаўна мая дачка напісала верш. Я не прымушаў яе размаўляць па-беларуску. Толькі пастаянна нагадваў, што гэта вельмі важна, што неабходна памятаць, адкуль мы родам, і як вынік — верш на беларускай мове.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter