Прокуратура Речицкого района раскрыла новые факты геноцида времен Великой Отечественной

«Да дома брат не дабег трыста метраў»

Фашыстаў не хвалявалі чалавечыя лёсы, тое, дзе і як будуць жыць мясцовыя людзі. І ці будуць жыць увогуле

Пракуратура Рэчыцкага раёна ў ходзе расследавання справы аб генацыдзе беларускага народа апытала 132 сведкі, каб высветліць новыя абставіны фашысцкіх злачынстваў. У гэтай рабоце як ніколі важная аператыўнасць: з кожным днём людзей, якія бачылі вайну на свае вочы, усё менш.

Вайна да Храбрага дабралася ў жніўні

Калі пачалася вайна, Андрэю Андрэевічу Сівуху з вёскі Храбры Рэчыцкага раёна было 11. Сёння за яго плячыма доўгі жыццёвы і працоўны шлях. Аднак нават самыя шчаслівыя ўспаміны не могуць выцесніць з памяці страшныя ваенныя гады.

Андрэй Андрэевіч Сівуха і Анатоль Мікалаевіч Сівуха.

Андрэй Андрэевіч нарадзіўся ў вялікай сям'і. У яго мамы, Еўдакіі Карнееўны, было дзесяць дзяцей. Два сыны да ваеннага ліхалецця паспелі пачаць самастойнае жыццё, а ў роднай вясковай хаце заставалася шасцёра: Анюта, Маня, Каця, Андрэй, Коля і Валя.

— Бацька наш быў камуністам, у 1930-я ўзначальваў сельскае спажывецкае таварыства, пасля выбіраўся старшынёй калгаса. Калі ў 1941 го­дзе ў сельскім Савеце сфарміраваўся партызанскі атрад «За Ровенскую Слабаду!», бацька ўступіў туды. Старэйшы брат вайну сустрэў лейтэнантам. Другому, Валодзю, было васямнаццаць, ён з таварышамі працаваў на будоўлі чыгуначных шляхоў да гомельскага аэрадрома. Стратэгічны аб'ект немцы пачалі бамбіць з першых дзён, але праца не спынялася: людзі працягвалі пракладваць рэйкі. Да вайны на будоўлю выправілася шмат хлопцаў з суседніх вёсак, жывым вярнуўся толькі адзін. Хутка праз наш пасёлак пачалі ісці калоны савецкіх салдат. Тата сказаў: «Усё, Аўдолля, пайду і я ў армію!»

Так наш герой застаўся старэйшым мужчынам у хаце. Дзень, калі немцы першы раз з'явіліся ў вёсцы, Андрэй Андрэевіч добра памятае:

— Наша вёска збоку ад шляху, таму немцаў да жніўня 1941-га ў нас не было. І вось хтосьці сказаў, што яны накіроўваюцца з Роўнага пад

Ямпаль. Калі фашысты з'явіліся, то ўбачылі свіней, што якраз пасвіліся каля нашай хаты. Адзін салдат узняў вінтоўку і прыстрэліў дваіх падсвінкаў. Умомант пагрузілі тушы ў машыну, а самі селі каля хаты пакурыць. Наш сусед, дзед Апанас, быў вельмі добрым чалавекам, дапамагаў нам, калі бацька пайшоў на фронт. Ён падышоў да немцаў, вакол якіх таўкліся і мы, падлеткі, і таксама папрасіў цыгарэту. А фашыст сунуў яму ў рот пісталет. Дзед збялеў і ледзь не ўпаў. Пасля гэтага выпадку доўга хварэў.

Спаленая вёска.

Ва ўчынках нямецкіх салдат прасочваецца бязлітасная метадычнасць. Іх не хвалявалі чалавечыя лёсы, тое, дзе і як будуць жыць мясцовыя людзі. І ці будуць жыць увогуле. Андрэй Андрэевіч узгадвае, што для фашыстаў людзі былі проста расходным матэрыялам:

— Летам 1943-га немцы сабралі ўсіх працаздольных старых і хлопцаў і пагналі з вёсак да Дняпра. На яго беразе рабілі ўмацаванні, дзеля чаго звозілі людскія хаты, разбуралі і закапвалі ў зямлю. Працаваць даводзілася ў прыцемку, начавалі ў хлявах. Маці і жонкі прыносілі ім ежу, бо кармілі пасля цяжкай працы баландай. Мой аднавясковец Мікалай Флёраў змог уцячы. Ён наказаў сваёй матулі, каб разам з ежай прынесла жаночую вопратку: з твару ён быў прыгожы, нібы дзеўка. Разам з жанчынамі так і прайшоў праз варту. Іншых хлопцаў, якія хацелі збегчы, адразу расстрэльвалі. Мікалая ж ніхто не шукаў, бо немцы працоўную сілу не лічылі.

Былі сярод вяскоўцаў і здраднікі. У суседняй хаце на гарышчы хаваўся малады хлопец-дэзерцір, які быў прызваны, але з войска ўцёк.

— Пра гэта ніхто не ведаў, — расказвае Андрэй Андрэевіч. — А калі ў вёску прыйшлі немцы, з гарышча злез Яша, увесь зарослы, з барадою. Падышоў да салдат і прапанаваў сваю дапамогу.

Вёскі гарэлі, і не адзін раз

Жыццё ў акупацыі цяжка з чымсьці параўноўваць. Кожны дзень мог стаць апошнім. З цягам часу многае не забываецца. Перастае балець. Але ёсць гісторыі, ад якіх і сёння замірае сэрца.

Экспазіцыя Рэчыцкага раённага краязнаўчага музея.
У Рэчыцкім раёне ў гады вайны спалена 118 вёсак, некаторыя з іх гарэлі два разы, многія так і не аднавіліся. Андрэй Андрэевіч на свае вочы бачыў, як фашысты палілі суседнія Бязуеў, Роўнае, Ровенскую Слабаду:

— Шостага жніўня 1942 года першы раз спалілі суседнія вёскі. Рабілі гэта не немцы, а больш жорсткія ма­дзьяры, якія помсцілі партызанам. Мне тады быў трынаццаты год. Рана, гадзін у дзевяць, выйшаў касіць. Дзень быў ясны, сонечны. Раптам чую: грыміць штосьці, нібыта ў звон б'юць ці ў бочку. Гэта са шляху стралялі па вёсках. Людзі хаваліся ў ячмень, бульбу. Тых, хто не паспеў, немцы забівалі. У Роўным і Бязуеве загінула больш за 60 чалавек. Тыя, хто жыў у Ровенскай Слабадзе, ведалі, які лёс іх чакае, а таму хто на конях, хто пешкі з клункамі беглі ў наш пасёлак.

Трагічны эпізод узгадвае Анатоль Мікалаевіч Сівуха, аднафамілец Андрэя Андрэевіча:

— Вёска гарэла, людзі хаваліся ў бліжэйшых лясках, выкопвалі ямы, бо ведалі, што вяртацца няма куды. Надышоў вечар, і на папялішча з пашы прыйшоў вясковы статак. Балюча ўзгадваць, як раўлі нядоеныя каровы...

Як аказалася, аднаго разу фашыстам было мала. Ужо перад вызваленнем Рэчыцкага раёна яны зноў палілі навакольныя вёскі. Людзей не забівалі, але многія населеныя пункты, напрыклад пасёлкі Вясна і Шырокі, былі спаленыя дашчэнту. І сёння мала хто ведае, што яны ўвогуле існавалі.

Боль сям'і Сівуха

Ёсць у гэтай сям'і асабістая трагедыя, пра якую немагчыма расказваць без слёз. Ад рук фашысцкіх прыслужнікаў загінуў адзінаццацігадовы Коля. Андрэй Андрэевіч і сёння не можа спакойна ўзгадваць той дзень:

— Раней паміж нашай і суседняй вёскамі скрозь былі балоты. Да вайны хадзіў туды ў школу. Столькі там птушак розных вадзілася! З сябрамі набіралі поўныя шапкі яек качкі і кнігаўкі. 26 снежня 1942 года брат разам з таварышамі, тры Колі, два Іваны і Павел, выправіліся на самаробных каньках па лёдзе ў Роўнае да цёткі аднаго з іх. Разам з імі мог быць і я, але дзядзька папрасіў з'ездзіць з ім у лес. Вярнуліся мы рана, быў адзін з самых кароткіх дзён. А ў вёсцы кажуць: «Пастралялі нашых хлопцаў...»

Вайна вымушала хлапчукоў рана сталець, але яны ўсё роўна былі дзецьмі, якім хацелася пацешыцца, пагуляць з таварышамі. Колю Сівуху і Івану Максімаву кароткая сустрэча з дзяцінствам каштавала жыцця.

Ліст жыхаркі Рэчыцы Надзеі Дуброўскай, якая была на прымусовых работах у Германіі. Дзяўчына піша бацькам пра надзвычай цяжкія ўмовы працы.
— Хлопцы вярталіся дамоў, каля Роўнага была невялікая коўзанка. Яны там затрымаліся, а якраз каля яе нямецкі транспарт захрас… Фашысты пачалі вылазіць з машын, на іх былі доўгія белыя халаты, у якіх выходзілі паляваць на партызан. Хлопцы спужаліся і пабеглі. Брат для свайго ўзросту быў рослы, на нагах у яго было два канькі, у астатніх па адным. У адзін момант Коля зачапіўся нагой за купіну і ўпаў, канёк адарваўся. Нямецкая куля разарвала яму грудзі. Да дома не дабег 300 метраў. Маці ўсё жыццё захоўвала яго скрываўленую палатняную кашулю. А я ўсё думаю, калі б ён не ўпаў, калі б канёк не адарваўся…

Яшчэ аднаго хлапчука, Івана Максімава, два разы параніла ў жывот. Яго дзядуля яшчэ спрабаваў дапамагчы ўнуку, але ў дзве гадзіны ночы малы сканаў. Перад смерцю Ваня паўтараў: «Скажыце партызанам, каб пабілі ўсіх немцаў!»

Цяжкім быў і лёс Анюты, старэйшай сястры Андрэя Андрэевіча Сівухі. Ёй давялося прайсці паўтары тысячы кіламетраў, каб выратаваць калгасную жывёлу.

— У першыя дні вайны паступіў загад гнаць калгасны статак далей ад баявых дзеянняў, за Днепр. Кароў што­дзень трэба было даіць, да таго ж многія па дарозе цяліліся. Цялят не маглі браць з сабой, а таму забівалі. У якасці даярак адправілі чатырох дзяўчат, зусім маладзенькіх: адной было 19, тры 16-гадовыя, сярод іх і наша Анюта. І дзяўчаты дагналі статак пешшу да Сталінграда! А там кароў усё роўна давялося зарэзаць для патрэб арміі. Дамоў дзяўчаты вярнуліся толькі пасля вызвалення Рэчыцы, а да таго часу працавалі ў калгасах Сталінградскай вобласці трактарысткамі.

Для большасці чытачоў расказаныя гісторыі далёкія і страшныя, такое цяжка ўявіць. Для Андрэя Андрэевіча Сівухі гэта балючыя незагойныя раны. Сёння наш герой жыве ў роднай вёсцы. Ён абаяльна ўсміхаецца, з імпэтам расказвае пра курэй і пчол, стары сад і калодзеж, які паставіў сам. Але нельга не заўважыць, як хавае Андрэй Андрэевіч набрынялыя слязьмі вочы, калі паказвае старую драўляную хату, прабітую асколкамі снарадаў і кулямі. Не, вайну ён не забудзе ніколі.

ВАЖНА

Як расказаў намеснік пракурора Рэчыцкага раёна Мікалай Ласіца, апытанне жывых сведкаў — адзін з эфектыўных спосабаў устанавіць новыя факты фашысцкіх зверстваў:

Намеснік пракурора Рэчыцкага раёна Мікалай Ласіца.
фота gp.by

— Мы апыталі вялікую колькасць людзей, сярод якіх ветэраны, вязні канцлагераў, інваліды вайны і інш. Не ўсе, вядома, могуць даць карысную інфармацыю. Бо нават дзеці вайны сёння — гэта людзі сталага ўзросту. Часам па розных прычынах даводзіцца размаўляць ужо з роднымі сведкаў. З архівамі таксама працуем, але інфармацыю з дакументаў абавязкова ўдакладняем.

Жывыя гутаркі з людзьмі дапамаглі ўстанавіць раней не зарэгістраванае месца масавага пахавання ахвяр вайны ў вёсцы Крынкі. Па папярэдняй інфармацыі, гэта магілы настаўніцы з вучнямі, якіх расстралялі фашысты.

— Доўгі час іх даглядалі супрацоўнікі мясцовай школы, але школа зачынілася, сёння пахаванне закінута. Хутка на гэтым месцы ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна правядуць раскопкі. Калі інфармацыя пацвердзіцца, плануецца перапахаванне. Таксама ўстаноўлена 11 магіл ахвяр вайны на вясковых могілках.

Яшчэ пра адно магчымае месца масавага расстрэлу мірных жыхароў расказалі ўдзельнікі Гомельскага абласнога пошукавага грамадскага аб'яднання «Памяць Айчыны». У канцы XX стагоддзя на тэрыторыі Рэчыцкага льнозавода будавалі навес, падчас тэхнічных работ натрапілі на чалавечыя астанкі.

— Мы знайшлі пенсіянерку з Рэчыцы, якая ў 1990-х працавала галоўным інжынерам на заводзе. Яна пацвердзіла папярэднюю інфармацыю. Папрацаваўшы з архівамі, удалося устанавіць, што раней гэта была ўскраіна горада, дзе праходзіў супрацьтанкавы роў. Цалкам верагодна, што ў гэтым месцы фашысцкія злачынцы маглі праводзіць расстрэлы.

Сёння большасць папярэдне адзначаных магчымых сведкаў фашысцкіх зверстваў на тэрыторыі Рэчыцкага раёна далі паказанні. Але ў пракуратуры кажуць, што заўсёды выслухаюць тых, хто бачыў падзеі ваенных гадоў на свае вочы або памятае аповеды родных.

Алёна Кухарава, студэнтка 4-га курса факультэта журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter