Да чаго сніцца бусел

З сярэдзіны сакавіка пачыналі прылятаць буслы. Бусел — велічная, грацыёзная птушка, адна з самых любімых і шануемых славянамі. Можа, менавіта таму народ надаў буслу шмат чалавечых рысаў. Лічыцца, што гэтыя разумныя птушкі разумеюць чалавечую мову, мудрыя і справядлівыя, чулыя, могуць плакаць сапраўднымі слязьмі і наладжваюць вяселлі, быццам людзі. Сямейныя пары буслоў непадзельныя. Часцей за ўсё, калі адзін з буслоў гіне, другі таксама ахвяруе сваім жыццём.

* Буслы лічацца ахоўнікамі сямейнага шчасця і дабрабыту. Менавіта гэта птушка, па ўяўленнях нашых продкаў, прыносіць у хаты бацькоўскае шчасце — дзяцей. Менавіта таму, што буслы першымі абвяшчаюць надыход вясны — нясуць вестку аб абуджэнні прыроды, з прыняццем хрысціянства прылёт буслоў пачалі звязваць з Благавешчаннем Марыі.
* Лічылася, калі бусел падчас вяселля сядзе на пячны комін, у маладых хутка народзіцца дзіця. Калі жанчыне сніцца бусел — да цяжарнасці ці нараджэння сына.
* Бусел — ахоўнік хаты і падворка ад бяды і нястачаў, пажараў, гадаў, крумкачоў, каршуноў і г.д. І калі на даху хаты пасяліўся бусел, гэта прадказвала багацце і дабрабыт у сям’і.
* Павер’і аб буслах, якія прыносяць поспех і шчасце ў хату, вымагалі гаспадароў дапамагаць буслам у будаўніцтве іх гнёздаў: для гэтага на даху замацоўвалі старое кола. Але існавала правіла — гэта павінен быў зрабіць нежанаты хлопец з дапамогай незамужняй дзяўчыны. У такім выпадку буслы абавязкова паселяцца на гэтым даху, а хлопец з дзяўчынай хутка возьмуць шлюб.
* Калі бусел са сваёй сям’ёй сам пакінуў гняздо, гэта значыць, што ў хаце можа адбыцца штосьці дрэннае: пажар, удар маланкі, паводка і г.д.
* Пакрыўдзіць бусла, зруйнаваць яго гняздо было цяжкім грахом, які мог выклікаць розныя беды на гаспадароў хаты. Вядомы выпадкі, калі чалавек наносіў шкоду гнязду, і калі гінулі птушаняты, то бусел мог падкінуць у калыску дзіцяці гадзюку ці на дах хаты агонь.
* Добрай прыкметай было ўбачыць ранняй вясной першага бусла ў палёце. Гэта прадказвала цудоўнае здароўе на ўвесь год, добры ўраджай, а для незамужняй дзяўчыны — вяселле ў гэтым годзе. Бусел, які сядзіць на гняздзе, прадказвае дрэнны ўраджай, страты і г.д. Хаця ў некаторых рэгіёнах лічылі якраз наадварот: бусел у палёце варожыць на неспакойны год, бусел на гняздзе — да года ціхага і спакойнага.
* Убачыць вясной у першы раз пару буслоў — да вяселля або лёгкіх родаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter