Да бульбы — з паклонам

На палях сельгаскааператываў і прысядзібных сотках яшчэ гарачая пара
На палях сельгаскааператываў і прысядзібных сотках яшчэ гарачая пара.

З такім ураджаем і песню заспяваем…Ранні пад’ём. Касынка на галаву, кашы ў рукі — і гайда ў поле. Працы на ўсіх хапае. Бліжэй да палудня на бульбянішчы гожа выстройваюцца радамі белыя мяхі, капальніцы ж працуюць амаль без перадыхаў. А трактар з бульбакапалкай ускрывае ўсё новыя рады, пакідаючы за сабой пахкую раллю з белымі, залацістымі, ружовымі россыпамі наверсе.

Штогод у Беларусі нарыхтоўваюць амаль па 9 мільёнаў тон бульбы: восьмае месца ў свеце па аб’ёмах вытворчасці. Прычым каля дзевяноста працэнтаў “другога хлеба” даюць прыватныя соткі. Хапае землякам бульбы на ўласныя патрэбы, можам і сусе-дзяў пачаставаць. Сёння краіна ў стане экспартаваць (заключаны дагаворы з кампаніямі Расіі, Украіны, Малдовы, Азербайджана) каля 400000 тон прадукта. А за савецкім часам, бывала, за межы адпраўлялі звыш паўтара мільёна тон. Цяпер прадпрымаюцца меры, каб нарошчваць экспарт “другога хлеба”. Сёлета, напрыклад, па спецыяльнай праграме, накіраванай на развіццё бульбаводства, плошчы ў сельгаспрадпрыемствах пад гэтай гароднінай павялічыліся да 60 тысяч гектараў.

…Як ні дзіўна тое гучыць, але капаць бульбу мне прыемна. Асабліва калі яна ўрадзілася. Разграбаю мяккую, прыемную навобмацак зямлю, вымаю вялікія, часам на далонь, бульбіны. І колькі смакоцця з іх можна згатаваць! Бульбяныя бліны і дранікі, клёцкі і цэпеліны… А як вам бульба вараная з кропчыкам, ці запечаная ў духоўцы? Неяк пачула ад мастакоў: маўляў, капаючы бульбу, мы ўсе далучаемся да традыцыі беларускага народа. І сапраўды, і 10, і 20, і 100 гадоў таму беларусы спажывалі гэты прадукт, які стаў і на маёй роднай Астравеччыне нацыянальным. Хоць, праўда, тэхніка на палях іншая, але ж пах раллі, новай бульбы ў мяхах мусіць, той жа…

Хутка напаўняюцца кашы, вырастаюць мяшкі, і машына вязе іх з поля. А потом — яшчэ рэйс, і яшчэ… І гэта з сарака сотак. Сярэдняя ўраджайнасць па Беларусі, дарэчы, летась была каля 180 цэнтнераў з гектара. Спецыялісты лічаць — не шмат, каб канкурыраваць на знешніх рынках, трэба збіраць мінімум 250. Праўда, і сёння ў нас ёсць гаспадаркі, дзе ўраджайнасць ад 400 да 500 ц/га!

...Даўжыня радоў на нашых сотках — метраў васемсот: узвышша, нізіна, зноў узвышша… Каб пры любых умовах надвор’я быць з ураджаем, мець бульбу на любы густ, бацькі мае сёлета вырошчвалі чатыры яе гатункі. Вось “Лугаўская”, з фіялетавымі вочкамі, белая ў разрэзе, клубні разварыстыя і крахмалістыя. Прадаўгаваты залаты “Скарб” — мусіць, самы любімы ў Беларусі гатунак: ім тут занята трэць пасяўных плошчаў. “Скарб” слаба разварваецца, аднак не капрызны, “рахманы”, амаль пры любым надвор’і дае добры ураджай. А яшчэ красуюцца на раллі клубні ружовыя, бы шчокі прыгажуні. Ёсць і чырвоныя, як сталовы бурак. Карацей, будзе выбар і ў гаспадыні, і ў едакоў.

Дарэчы, у свеце вядома больш за сем з паловай тысяч гатункаў бульбы. У Беларусі два гады таму створаны “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук па бульбаводстве і садавіна-гароднінаводстве”. Вучоныя выводзяць новыя гатункі і гібрыды бульбы, здольныя пры добрых умовах даваць 50-80 тон з гектара. У Беларусі ўжо выведзена больш за сто гатункаў, унесеных ў дзяржрэестры не толькі нашай краіны, але Расіі, Кітая, Арменіі. Самыя розныя звесткі пра бульбу сабраны нават у спецыяльнай тоўстай энцыклапедыі. Ёсць у нас і рэгіянальныя сельскагаспадарчыя доследныя станцыі, там вырошчваюць гатункі, якія найлепш падыходзяць да мясцовых умоў. Цяпер, напрыклад, пайшоў на палі гатунак “Каларыт”, які найбольш падыходзіць для гатавання бульбы-фры: падоўжаная форма, мала крахмалу, прыгожы колер пры абсмажванні.

...Вось і закончыліся нашы рады. Ураджай сабраны. Самая пара парадавацца яму ды талакою на ўзбочыне поля паабедаць, а часам пад чарку і песню вясёлую заспяваць. То дзякуй табе, бульба, не толькі за тое, што корміш нас, але і што збіраеш разам!

Людміла Мінкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter