Першыя пілігрымкі рушылі на фэст у Будслаў Мядзельскага раёна

Да Апякункі Беларусі

Фота БЕЛТА

Націраючы мазалі, змагаючыся са спякотай і смагай, начуючы ў добрых людзей ці проста пад зорным небам, яны пераадолеюць сотні кіламетраў, каб пакланіцца цудатворнаму абразу Маці Божай Будслаўскай. Больш за чатырыста гадоў знаходзіцца гэты абраз на будслаўскай зямлі і ўвесь гэты час прыцягвае ўвагу людзей — веруючых і не надта. Пра цуды, якімі ён адорвае, нават кніга напісана — яшчэ ў XVII стагоддзі. Айцом Элеўтэрыем Зеляевічам у кнізе “Задыяк на зямлі” апісаны 42 цудадзейныя выздараўленні, якія ўчыніла Маці Божая Будслаўская і сведкам якіх ён стаў асабіста. Вядома, за стагоддзі іх колькасць павялічылася ў разы.

Дзеля цуду, малітвы, удзячнасці, духоўнага ачышчэння тысячы вернікаў з розных куткоў Беларусі і замежжа прыходзяць і падчас урачыстасцей Маці Божай Будслаўскай. Сёлета яны пройдуць з 30 чэрвеня па 1 ліпеня. Да свята яшчэ цэлы тыдзень. Але некаторыя групы пілігрымак, з найбольш аддаленых ад Будслава парафій, да прыкладу, з Ліды і Баранавічаў, ужо рушылі ў дарогу. Пілігрымкі розныя: пешыя, роварныя, аўтобусныя, сямейныя і нават пакутныя, якія праходзяць толькі на хлебе і вадзе. У Будславе іх удзельнікаў чакаюць сустрэча з абразом і насычаная праграма свята.

У ёй не толькі галоўная ўрачыстая імша ў 11 раніцы 1 ліпеня, але і музычная пастаноўка, маладзёжная праграма, прэзентацыя кніг і шмат іншых цікавостак.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter