Да 65-годдзя Перамогі.

“Дапамажыце адшукаць месца пахавання майго бацькі Іосіфа Ізраілевіча ФАЛЕВІЧА, 1905 года нараджэння, ураджэнца Баранавіцкага раёна. У першыя дні вайны бацька пайшоў на фронт. Яго бачылі пад Магілёвам, пазней — пад Масквой. У 1944 годзе ад бацькі быў апошні ліст. Ён прасіў адшукаць яго сям’ю. Фрыдрых Іосіфавіч Фалевіч, Слуцк”.

“Дапамажыце адшукаць месца пахавання майго бацькі Іосіфа Ізраілевіча ФАЛЕВІЧА, 1905 года нараджэння, ураджэнца Баранавіцкага раёна. У першыя дні вайны бацька пайшоў на фронт. Яго бачылі пад Магілёвам, пазней — пад Масквой. У 1944 годзе ад бацькі быў апошні ліст. Ён прасіў адшукаць яго сям’ю. Фрыдрых Іосіфавіч Фалевіч, Слуцк”.

“Я доўгі час шукаю звесткі пра лёс майго бацькі — кадравага афіцэра Івана Мацвеевіча МАТВЕЕВА, 1909—1912 года нараджэння, ураджэнца вёскі Масеева Цёмкінскага раёна Смаленскай вобласці. Да вайны наша сям’я жыла ў Слоніме. Бацька разам з салдатамі ездзіў на ўмацаванне мяжы. У чэрвені 1941-га ён вярнуўся з палявых работ і сказаў маці, каб яна ўзяла мяне і тэрмінова вярталася ў горад Гжацк (зараз Гагарын) Смаленскай вобласці, да бабулі. Развітаўся з намі і паехаў з салдатамі. Пасля перамогі маці паведамілі, што яе муж прапаў без вестак. Валянціна Іванаўна Матвеева, Мінск”.
“Мой брат Іван Якаўлевіч КАВАЛЕНКА, 1925 года нараджэння, быў прызваны на вайну з Рагачоўскага (тады Журавіцкага) раёна. У мяне захаваліся пісьмы, якія Іван пісаў з фронту з ліпеня 1944-га па сакавік 1945 года. Пасля вайны атрымалі паведамленне, што ён прапаў без вестак. Зінаіда Якаўлеўна Бобрыкава (Каваленка), Жлобін”.
“Мой бацька Феадосій Іванавіч ХВАШЧЫНСКІ, 1908 года нараджэння, ураджэнец вёскі Амельня Жлобінскага раёна, у 1930-м скончыў Мінскае танкавае вучылішча, у 1939-м — маскоўскую Акадэмію імя Фрунзе. У пачатку вайны служыў у 81-й стралковай дывізіі ў штабе намеснікам начальніка 1-га аддзела ў Пружанах. Быў капітанам. У хуткім часе прапаў без вестак. Людміла Феадосьеўна Хвашчынская, Бабруйск”.
“Дапамажыце адшукаць родных па лініі майго дзядзькі Васіля Мікалаевіча КУПРУСЯ, 1919 года нараджэння, ураджэнца вёскі Закальнае Любанскага раёна. Гэта родны малодшы брат майго бацькі Якава Мікалаевіча Купруся. Мой бацька прайшоў усю вайну, быў афіцэрам, меў шмат узнагарод. Пайшоў з жыцця 26 красавіка 2004 года. На вялікі жаль, сувязі паміж нашымі сем’ямі не было. Ведаем толькі, што дзядзька трапіў у варожы палон 2 ліпеня 1941 года. Памёр 1 снежня 1941 года ў лазарэце шталага 18А ў горадзе Вольфсберг (Аўстрыя). Дзядзька Васіль доўга лічыўся прапаўшым без вестак. Толькі цяпер стала вядома месца яго гібелі і пахавання. Спісы тых, хто загінуў у палоне, былі надрукаваны ў газетах, маюцца на сайтах, у тым ліку “Народнай газеты”. Дакументы пра гібель дзядзькі ў палоне нам перадаў старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Віктаравіч Даманеўскі. А высланы яны былі Мінскім абласным выканаўчым камітэтам. Нам вядома, што ў дзядзькі была дачка Зоя Васільеўна Купрусь, яна крыху старэйшая за мяне (я з 1942 года). У свой час Зоя скончыла швейнае прафтэхвучылішча. Магчыма, у яе ёсць сям’я. Можа, яны жывуць у іншай вобласці нашай Беларусі. Хачу перадаць Зоі або яе сям’і дакументы пра гібель Васіля Мікалаевіча. Людміла Якаўлеўна Гунько (Купрусь), Слуцк”.
На сайце нашай газеты знаёмае прозвішча знайшла Яніна Юр’ева. У электронным пісьме яна паведаміла, што Павел Аляксандравіч Варапаеў, 16.11.1914 года нараджэння, з Віцебскай вобласці, з’яўляецца яе родзічам. Дзядуля Яніны з боку бацькі — яго родны пляменнік. Павел Аляксандравіч прапаў без вестак у час вайны. З дапамогай “НГ” родныя нарэшце даведаліся, што ён быў ваеннапалонным і загінуў 2 студзеня 1942 года ў Хамельбургу.

Шукаю цябе

“Мой сын Юрый Уладзі-міравіч КУЛАН, 1967 года нара-джэння, падчас распаду Савецкага Саюза паехаў у Амурскую вобласць (Зейскі раён, пасёлак Залатая Гара). Працаваў будаўніком. Ажаніўся. Яны з жонкай Галінай жылі ў яе бацькоў. Я пісала на іх адрас, але адказу не атрымала. Можа, хто са знаёмых пазнае яго на фотаздымку і паведаміць нам пра яго лёс і месцазнаходжанне. Ганна Ільінічна Кулан, Ганцавіцкі раён”.
“Нядаўна даведалася, што ў Беларусі жыве мая сяброўка-аднакурсніца Тамара Канстанцінаўна (здаецца, па бацьку так) МАРЧАНКА. Яе муж Ігар Георгіевіч Марчанка, а дзяцей завуць Алег і Марына. Мы з Тамарай разам вучыліся ў 1960-х гадах у педагагічным інстытуце імя Абая ў горадзе Алматы (Казахстан). Лёс развёў нас рознымі дарогамі. Эма Аляксандраўна Вірко (Стацэвіч), Брэст”.
“Шукаю сваю знаёмую, імя і прозвішча якой не ведаю. Мы сустрэліся на вакзале ў горадзе Ліда. Яна жыла ў Мінску на вуліцы Кірава. Працавала кранаўшчыцай на будоўлі. Станіслаў Зыгмундавіч Марцінкевіч, Мінск”.
“У 1956 годзе пасля заканчэння Гомельскага медвучылішча я працавала медсястрой у Гомелі. Мы з братам жылі ў двухпакаёвай кватэры ў цэнтры горада. Побач з намі жыла сям’я Гладковых. У гаспадыні Вольгі Міхайлаўны быў брат Мікалай Міхайлавіч ГЛАДКОЎ, які служыў у марскім флоце ў Рызе. Мы пазнаёміліся, перапісваліся. Пазней я даведалася, што ён ажаніўся. Я таксама выйшла замуж. З мужам пражыла 50 шчаслівых гадоў. Але ніяк не магу забыць пра свайго сябра. Ведаю, што ён скончыў Гомельскі рачны тэхнікум. Быў капітанам на пасажырскім судне, што плавала паміж Гомелем і Кіевам. Роза Іванаўна Гаспадарава, Мінск”.
“Прайшло шмат часу, як мой сын Аляксандр Віктаравіч КАРПАЎ, 1960 года нараджэння, ураджэнец Гродна, і некалькі чалавек ад фірмы “Амэкс” былі накіраваны ў горад Тулу на будаўнічыя работы. Было гэта ў чэрвені—ліпені 2000 года. З кастрычніка пра яго няма ніякіх звестак. Пісала на адрас, па якім жыў сын. Праз тры месяцы ліст вярнуўся з надпісам “адрасат выбыў”. Званіла начальніку сына. Ён сказаў, што нічога не ведае пра яго. Джэма Міхайлаўна Буглак (Карпава), Гродна”.

Бераг юнацтва

Чым больш гадоў адлічвае няўмольны лёс, тым часцей успамінаюцца людзі, падзеі, сустрэчы самага ружовага часу — часу юнацтва. Тое, што было ўчора ці тыдзень таму, чамусьці не застаецца ў памяці. А тыя далёкія дні помняцца да дробязей. І такія яны шчаслівыя, тыя далёкія-блізкія дні, што хочацца падзяліцца імі з сябрамі па гульнях, па школе, каб разам перанесціся хоць на хвілінку ў краіну юнацтва.  Дапамагае гэта зрабіць сумесны пошукавы праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”. Мы ладзім пошукі, а затым адбываюцца сустрэчы. А іх удзельнікі дораць і нам радасныя хвіліны, дазваляючы зазірнуць у сваю краіну, як гэта зрабіў жыхар сталіцы Аляксандр Герасімавіч Крываль.

— Нарадзіўся я ў вёсцы Серагі Слуцкага раёна. Бацькі не было, маці часта хварэла, а нас было трое дзяцей. Неяк родзіч параіў маці звярнуцца па дапамогу ў аддзел адукацыі. Там далі накіраванне ў Слуцкі дзіцячы дом для мяне, малодшага ў сям’і, — успамінае Аляксандр Герасімавіч. — У 1960 годзе я, сямікласнік, апынуўся сярод мноства незнаёмых хлопцаў і дзяўчат.
Спачатку яму было цяжкавата. Але паступова прывыкаў, знайшоў сяброў. І высветліў, што жыць у дзіцячым доме ўтульна, весела і цікава. Кожны з вялікай сям’і ў 157 чалавек знаходзіў сабе занятак па душы. Многія займаліся спортам: футболам, валейболам, каталіся на лыжах, каньках. У дзіцячым доме быў цудоўны домравы аркестр, які нават выязджаў на гастролі, запісваўся на радыё. А сам Аляксандр з задавальненнем спяваў у хоры. Яшчэ ён любіў займацца па гаспадарцы: даглядаць каня, ездзіць па прадукты. Вучыліся ўсе ў пятай слуцкай школе.
— Час праляцеў хутка. У 1964 годзе я скончыў школу, паехаў у Магнітагорск, дзе жыў родзіч. Пасля вучылішча металургаў працаваў на металургічным камбінаце. Вядома, Урал уражваў. Але цягнула ў Беларусь, — прызнаўся суразмоўца. — Я прыехаў у Мінск. Працаваў у адным месцы, затым на камбінаце будматэрыялаў, цяперашнім “Кераміне”. Скончыў тэхнікум. Нагледзеў сабе жонку Зінаіду Васільеўну. А затым мне прапанавалі пайсці майстрам вытворчага навучання ў прафтэхвучылішча. Я адразу згадзіўся, бо ўвесь час марыў стаць настаўнікам. З задавальненнем працаваў з моладдзю. Удзельнічаў у грамадскіх справах. І свая сям’я папоўнілася двума сынамі.
У тыя актыўныя кіпучыя гады не хапала часу спыніцца, задумацца, зазірнуць у мінулае. Аляксандр Герасімавіч ведаў толькі, што выхаванцы дзіцячага дома, закрытага ў 1967 годзе, раз’ехаліся па ўсім Саюзе. І ў Мінску шмат хто застаўся. Але за той час ён сустрэў толькі Вольгу Лагун, якая працавала на гадзіннікавым заводзе.
— А потым, калі надышоў пенсійны ўзрост, я зразумеў, як хутка праляцеў час. І захацелася знайсці тых, з кім гуляў, сябраваў у маладосці. Звярнуўся па дапамогу на праект “Помні імя сваё”. Але не мог уявіць, што столькі сяброў адгукнецца, — радуецца Аляксандр Герасімавіч. — На сённяшні дзень знайшлося каля 30 чалавек. Першая сустрэча была ў кватэры Сяргея Размакова. Дарэчы, мы адразу пазналі адзін аднаго. Бачыліся ўжо з Верай Радзюк і Зінаідай Горневай, што жывуць у Слуцку, там жа знайшлася Зінаіда Леановіч, а яе брат Міхаіл — у Салігорску. У снежні мінулага года мы сабраліся ў Лідзіі Станкевіч. Усім вельмі цікава сустрэцца, даведацца, як склаліся лёсы. Засумавалі, напэўна, адзін па аднаму.
Аляксандр Герасімавіч задаволены, што лёсы тых, з кім ужо маюцца стасункі, склаліся добра. У жыцці яны, дзякаваць Богу, “прабіліся”. З задавальненнем расказваюць адзін аднаму пра сем’і, паказваюць фотаздымкі. Расказваюць навіны пра тых, хто не змог пакуль што прыехаць. Напрыклад, Любоў Ермачэня жыве ва Украіне. Вучылася ў Данецкім інстытуце машынабудавання, цяпер там працуе выкладчыцай. Узгадаў ён яшчэ Марыю Грынюк, Валянціну Дварэцкую, Марыю Чэкан, Марыю Стасевіч...
— Летась мне давялося пабачыцца з дочкамі дырэктара нашага дзіцячага дома Канстанціна Афанасьевіча Канцавога. Мілу, напрыклад, памятаю маленькай, яе за ручку вадзіла маці. Цяпер яна працуе ў магазіне ў Слуцку.
Слёз пры сустрэчах няма. Ёсць вялікая радасць. І гэтай радасцю тыя, хто знайшоўся, хочуць падзяліцца з сябрамі, якія, яны вераць, абавязкова знойдуцца.
— Мы марым сабрацца летам нашай вялікай сям’ёй, — падзяліўся Аляксандр Герасімавіч. — Магчыма, паедзем у Слуцк, пройдземся па вуліцах, па знаёмых месцах.
Той, хто хоча зноў уліцца ў вялікую сям’ю выхаванцаў 1960—1967 гадоў Слуцкага дзіцячага дома, тэлефануйце Аляксандру Герасімавічу (х.т. 8-017-275-42-63) або пішыце на праект “Помні імя сваё”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter