Cонца грэе і зямля прэе

На Благавешчанне вясну гукаюць, цяпло сустракаюцьПершага красавіка святкуецца Дар’я Вясенняя. Як і ў многіх іншых краінах, у Беларусі ў першы дзень гэтага месяца падманваюць адзін аднаго. Свята так і завецца — Дзень смеху. Аднак мала хто ведае, што звычай паходзіць ад старажытных вераванняў: у гэты час, казалі, прачынаецца дамавік (хатнік), і яго трэба падманваць — пэўна, ён сам любіць гульні і розыгрышы.
Упершыню пабачыць бусла ў палёце — на шчасце!На Благавешчанне вясну гукаюць, цяпло сустракаюць
Першага красавіка святкуецца Дар’я Вясенняя. Як і ў многіх іншых краінах, у Беларусі ў першы дзень гэтага месяца падманваюць адзін аднаго. Свята так і завецца — Дзень смеху. Аднак мала хто ведае, што звычай паходзіць ад старажытных вераванняў: у гэты час, казалі, прачынаецца дамавік (хатнік), і яго трэба падманваць — пэўна, ён сам любіць гульні і розыгрышы.
Тыдзень перад праваслаўнай Вербніцай мае цікавую назву: Пахвальны. У гэты час нават дзікая качка знесенымі яйкамі быццам бы хваліцца, а жанчына новым адзеннем, зробленым уласнымі рукамі за зіму для ўсёй сям’і.
4 красавіка “Васіль Сонечнік ледзяшы са стрэх здымае”, а 6-га — Камаедзіца: мядзведзь прачынаецца і выходзіць з бярлогі. Таму ў гэты дзень на Бягомельшчыне, напрыклад, праводзілі пэўны рытуал усёй сям’ёй: на абед гатавалі гарохавыя камы, аўсяны кісель і суп з сушанага рэпніка. Заўважце: гэта ўсё тое, што любіць есці звер. Паеўшы, раўлі і клаліся на ложкі, але не спалі, а толькі паварочваліся з боку на бок. Цырымонія працягвалася каля дзвюх гадзін — і ўсё дзеля таго, кажуць, каб мядзведзь лёгка ўстаў з бярлогі. Тут даследчыкі беларускай культуры бачаць прыкметы таго, што ў старажытных насельнікаў краю родавым татэмам быў мядзведзь.
7 красавіка — Благавешчанне ў праваслаўных. У гэты час прачынаецца зямля, прылятаюць, буслы, якіх паўсюдна з радасцю сустракаюць. Напрыклад, у Драгічынскім і Іванаўскім раёнах Брэстчыны і сёння галёпы пякуць, або бусловыя лапы. Гэта — спецыяльнае печыва, з якім выходзяць на вуліцу і гукаюць: “Бусько, бусько, на тобі галёпу, а дай мэні жыта копу!” або “Бусел, бусел, клекатун, узяў бабу за каўтун!”. Старыя, калі першы раз пабачаць бусла ў палёце, радуюцца: ёсць прыкмета, што тады цэлы год чалавек будзе здаровым і бадзёрым. А калі ж стаячага — будуць ногі балець. Раней менавіта ў гэты дзень у Беларусі “загуквалі вясну”, а вось на Пасожжы, на Гомельшчыне ўжо пачыналі вадзіць карагоды — спраўлялі старажытныя абрады Ваджэння стралы.
Пасля Благавешчання пачыналі засеўкі. Спраўлялі ў гэтую пару і абрад Жаніцьбы коміна — апошняе запальванне святла ў хаце. Раней, як вядома, для асвятлення выкарыстоўваўся агонь лучыны, дым ад якой выходзіў у комін. Дарэчы, абрад Жаніцьбы коміна раней беларусы спраўлялі двойчы на год — увосень, пасля засевак у верасні, і ўвесну: звычайна на Фаміным тыдні пасля Вялікадня. Атрымліваецца, што менавіта гэты абрад і пазначаў пару, калі жанчыны па вечарах пралі кудзелю, ткалі палотны, шылі адзенне і займаліся вышываннем.

Рэгіна Гамзовіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter