«Чытво нiколi класiкай не будзе»

Вiктар Шнiп напiша 200 баладных партрэтаў гiстарычных асоб Беларусi

Паэт i кнiгавыдавец Вiктар Шнiп упэўнены, што герой нашага часу не забойца цi гвалтаўнiк, а кожны з нас

Выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» невыпадкова i заслужана называюць флагманам айчыннага кнiгадрукавання. Адсюль пайшлi ў свет лепшыя творы класiкаў беларускай лiтаратуры. Выпушчаныя тут кнiгi даўно i ўпэўнена займаюць першыя месцы i атрымлiваюць вышэйшыя адзнакi на мiжнародных i рэспублiканскiх конкурсах. Выдаць свой твор у «Мастацкай лiтаратуры» заўсёды лiчылася i лiчыцца прэстыжным i ганаровым. Але цi лёгка сёння стаць такiм аўтарам? З гэтым пытаннем «Р» завiтала да галоўнага рэдактара выдавецтва i вядомага беларускага паэта Вiктара ШНIПА (на здымку).

— Вiктар Анатольевiч, якiя патрабаваннi прад’яўляеце да аўтараў?

— Высокiя. Каб выдацца ў «Мастацкай лiтаратуры», неабходна мець сапраўды якасны мастацкi твор. Прычым мы не робiм нiякiх скiдак нi на ўзрост аўтара, нi на яго ранейшыя заслугi. Кожны прапанаваны твор чытаем, як першы твор аўтара.

— Жадаючых трапiць на строгi рэдактарскi адбор многа?

— Ведаеце, няма такога дня, каб да нас у выдавецтва не прыходзiў нехта з аўтараў. Хiба толькi зусiм ужо дрэннае надвор’е можа перашкодзiць такiм вiзiтам. Але калi нiкога няма сёння, то заўтра, можна не сумнявацца, будуць iсцi чарадой.

— Вас, як выдаўца, гэта, вiдаць, павiнна радаваць – ёсць з чаго выбiраць?

— Прапаноў сапраўды дастаткова, i выбар даволi вялiкi. Але мяне часам здзiўляе самаўпэўненасць некаторых аўтараў-пачаткоўцаў – i старэйшага ўзросту, i маладых. яны нясуць свае творы адразу ў выдавецтва, каб адразу выпусцiць кнiгу, i нават не сумняваюцца, што ўсё напiсанае павiнна быць тут жа прынята да друку.

Прызнаюся, такiя аўтары выклiкаюць у мяне насцярожанасць. Чаму iх не чутно было раней, кнiга ж не пiшацца ў адзiн дзень? Чаму яны засталiся па-за нашай лiтаратурнай перыёдыкай? Калi не звярталiся, то чаму? Калi iм адмаўлялi, то, можа, не без прычыны? Таму, знаёмячыся з прапануемымi выдавецтву творамi, я ў першую чаргу гляджу, цi прайшоў iх аўтар апрабацыю свайго пяра ў лiтаратурных часопiсах «Полымя», «Маладосць», «Неман», у штотыднёвiку «ЛiМ», дзе працуюць сапраўдныя прафесiяналы, якiя не абмiнуць варты публiкацыi твор.

А то прыходзiць неяк адзiн такi аўтар. Нiдзе раней не друкаваўся, але кнiгу выдаць хоча. Твор свой натуральна лiчыць самым лепшым i таленавiтым. Пытаюся: «Хто яшчэ яго чытаў?» Адказвае: «Нiхто». — «Няўжо нават жонцы не чытаў?» – здзiўляюся. Гаворыць: «Я спрабаваў, але яна слухаць не хоча». Дык для каго, скажыце, выдаваць тыя творы, калi нават уласная жонка аўтара iмi не зацiкавiлася?

— Цяжка бывае адмаўляць?

Паколькi сам паэт, то перш за ўсё працую з аўтарамi вершаваных радкоў. Каб вызначыць, цi ёсць у iх сапраўдная паэзiя, мне не трэба ўсё перачытваць, дастаткова прагледзець выбарачна. Але нават калi бачу, што i паэзii ў вершах няма, i ўзрост аўтара не дазваляе спадзявацца, што нешта зменiцца ў лепшы бок, усё роўна нiколi не гавару наадрэз, маўляў, лiтаратура — гэта не ваш занятак, кiдайце, спалiце ўсё, што напiсалi, i больш не бярыцеся. Можа, iншы раз так i трэба было б, але... Па-першае, чалавек, якi адчувае ў сабе жаданне пiсаць, нiколi сам не кiне гэтага рабiць. А вось тое, што быў такi Шнiп i гэткую параду даў, не забудзе. А не дай бог, калi я яшчэ i памылюся?! Па-другое, нашто крыўдзiць творчага чалавека. Нехта пiша слабей, нехта мацней. Бог дае талент няроўна. Але ўпэўнены, што занятак лiтаратурай нiводнаму чалавеку не шкодзiць, а толькi робiць яго лепшым, дабрэйшым. Няхай нават ён пiша ўсяго толькi вiншаваннi да дня нараджэння i гэтым прыносiць камусьцi свята. А сказаць: забудзь усё, спалi, дык i свята не будзе, i сам чалавек будзе маральна знiшчаны. Лепш мы з iм пагаворым пра яго творчасць, пра жыццё, пра лiтаратуру, нешта цiкавае я ад яго даведаюся, нешта – ён ад мяне.

— Напэўна, вы вельмi далiкатны рэдактар.

— Можа, такiя з майго боку адносiны да творчых людзей таму, што да мяне, некалi пачаткоўца, таксама па-добраму адносiлiся старэйшыя калегi, вучылi, раiлi.

Для мяне было святым слова старэйшых пiсьменнiкаў – Мiколы Аўрамчыка, Яўгенii Янiшчыц, Пятра Макаля, Мiхася Стральцова, Аляксея Русецкага, да якiх хадзiў калiсьцi паказваць свае вершы. Тады некаторым з iх было столькi гадоў, колькi мне цяпер, але яны здавалiся мне ўжо вельмi сталымi людзьмi. Спадзяюся, калi да мяне прыходзяць маладыя аўтары, то так пра мяне не думаюць. Мне хочацца гаварыць з iмi, як роўныя. Я не мэтр, да якога нельга падступiцца.

Мiж iншым са мной, як з аўтарам, i зараз таксама працуюць калегi. У тым жа «Полымi», калi прыношу свае вершы, бывае, часам заўвагi робяць. Я прыслухоўваюся, нешта папраўляю. I сапраўды, верш атрымлiваецца лепшы. Гэта нармальны рабочы працэс. Наогул, лiчу, не трэба баяцца раiцца, паказваць iншым свае творы. Чым больш людзей прачытае, тым лепш.

— Вас не бянтэжыць, што колькасць пiсьменнiкаў сёння расце?

— Яна не расце, колькасць застаецца амаль адна i тая ж. Перыядычна расце актыўнасць. Памятаеце, калi ў 1990-я гады раптам з’явiлася магчымасць выдаваць кнiгi за свой кошт, усе кiнулiся ў пiсьменнiкi i ўсе вакол зрабiлiся пiсьменнiкамi. Але дзе ж яны цяпер i хто iх ведае? Час прайшоў, выдалi па адной кнiжцы, падарылi сябрам, задаволiлi сваё жаданне мець кнiгу i зацiхлi. Ёсць i сёння тыя, хто iдзе гэтым жа шляхам. Аднак сапраўдных пiсьменнiкаў – цiкавых усiм, тых, чые творы становяцца з’явай, тых, хто працуе ў лiтаратуры грунтоўна, сур’ёзна, цягавiта, – нямнога, i iх не павiнна быць многа.

— Якiя жанры вабяць сёння айчынных лiтаратараў?

— Бачачы папулярнасць расiйскiх аўтараў кшталту Марынiнай цi Данцовай, многiя таксама кiнулiся пiсаць фантастыку, дэтэктывы, жаночыя раманы пра каханне – усё тое, што называюць чытвом i што нiколi класiкай не стане. Мiж тым часцей застаюцца надоўга ў лiтаратуры, праз гады выхоўваюць пакаленнi чытачоў якраз творы, якiя сёння, магчыма, чытаюцца з цяжкасцю i не маюць звышпапулярнасцi. Але менавiта ў iх робяцца спробы прасачыць характэрныя рысы героя нашага часу. I ён не забойца цi гвалтаўнiк. Ён – кожны з нас. Вось толькi асэнсаваць наш час, сучаснiкаў у мастацкiм творы ўдаецца, на жаль, далёка не многiм.

— На якiя iмёны вы параiлi б звярнуць увагу чытачам?

— Што датычыць аўтараў «Мастацкай лiтаратуры», то мне цяжка называць кагосьцi аднаго цi некалькiх, бо мяне абвiнавацяць у неаб’ектыўнасцi. Iмёны ўсiх аўтараў, якiя атрымалi права на выданне сваёй кнiгi ў «Мастацкай лiтаратуры», уключаны ў наш каталог, свайго роду перспектыўны план. Напрыклад, на гэты год у iм 140 найменняў кнiг. Недзе палова ўжо выйшла. Астатнiя перанесены на больш познi тэрмiн. Каго выдаваць раней, каго пазней, вызначае заказ. Адбываецца так: анонсы будучых твораў рассылаюцца па бiблiятэках, якiя заказваюць пэўную колькасць экземпляраў той цi iншай кнiгi. У першую чаргу выдаюцца тыя аўтары, чыя кнiга набiрае большы тыраж, а значыць, прэтэндуе на большую чытацкую цiкавасць.

— Выдавецкiя справы не замiнаюць вашай уласнай творчасцi?

— А як яны могуць замiнаць? Сустрэчы з аўтарамi, знаёмства з iх творчасцю – гэта новыя ўражаннi, назiраннi, меркаваннi. Уласна для сябе не ўяўляю магчымым запланавана садзiцца за стол цi за камп’ютэр з мэтай напiсаць новы верш. Паэзiя ж жыве ў душы, i вершы могуць нараджацца ў любы час, у любым месцы, хоць сабе i ў трамваi. Галоўнае, каб яны саспелi, склалiся ў галаве. А пасля толькi паспявай запiсваць.

— I што ў вас саспела цi спее?

— Задумаў зрабiць галерэю баладных партрэтаў гiстарычных асоб Беларусi, пачынаючы з Усяслава Чарадзея. Усяго ў спiсе каля 200 балад, ёсць прысвечаныя адметным мастакам, кампазiтарам, паўстанцам, святарам, пiсьменнiкам, асветнiкам... Некаторыя балады ўжо напiсаны, некаторыя яшчэ напiшу. Зараз шмат чытаю пра гэтых людзей, разважаю над iх лёсамi, прасочваю iх шлях у гiсторыi i культуры Беларусi, i гэтая праца прыносiць мне велiзарнае творчае задавальненне.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter