Чытай-горад

Аматары кнігі і чытання ў чаканні адкрыцця традыцыйнай Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу
Аматары кнігі і чытання ў чаканні адкрыцця традыцыйнай Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Агляд дасягненняў нацыянальнага і сусветнага кнігавыдання пройдзе з 11 па 15 лютага. Дваццаць другі па ліку форум б’е рэкорд па колькасці краін-удзельніц. У гэты раз ён збярэ прадстаўнікоў 28 дзяржаў. Геаграфія шырокая: ад Фінляндыі да Кітая, ад Швецыі да Венесуэлы, ад Польшчы да Кубы, ад Літвы да ЗША. Упершыню далучылася Бразілія. 



Галоўныя тэмы выставы — 70-годдзе перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і аб’яўлены ў нашай краіне Год моладзі. 

Важная навіна: выстава пройдзе па новым адрасе. Спяшацца наведвальнікам цяпер трэба не ў залу «Белэкспа», а ў павільён адміністрацыйнага комплексу па праспекце Пераможцаў,14. Перамяшчэнню форуму паспрыяў сам кіраўнік дзяржавы. Высокі інтэр’ер для высокіх знакавых кніг, заўважыла з гэтай нагоды міністр інфармацыі Лілія Ананіч. 

Месца, каб разгарнуць свае экспазіцыі, хопіць усім. Ужо вядома, што лідарам у сэнсе размаху стане Кітайская Народная Рэспубліка. Сёлета гэтая краіна выступае ў статусе ганаровага госця выставы-кірмашу і на сваім стэндзе плошчай амаль 400 квадратных метраў прадставіць каля 5 тысяч самых розных выданняў. Выдатная магчымасць праз кнігу лепш даведацца пра народ, культуру, традыцыі сяброўскай краіны, адносіны з якой у нас дынамічна развіваюцца. Дарэчы, у ходзе выставы чакаецца падпісанне мемарандума на 2015—2020 гады аб перакладзе і выданні беларускіх і кі-тайскіх класічных твораў. Ужо ёсць і першыя ластаўкі гэтага супрацоўніцтва, на выставе іх абавязкова пакажуць. Усяго ў праграме КНР — 35 мерапрыемстваў, у тым ліку пісьменніцкі форум і тэматычныя круглыя сталы, прысвечаныя пытанням развіцця дзвюх нацыянальных літаратур. 



А для ўдзелу ў міжнародным сімпозіуме «Пісьменнік і час» у Мінску чакаюць прадстаўнікоў з 16 краін. Гэтае мерапрыемства пройдзе ўпершыню і абяцае стаць знакавай падзеяй. Літаратары павядуць гаворку пра ролю творчай інтэлігенцыі ў сучасным глабальным свеце, важнасць слова пісьменніка-сучасніка для захавання духоўна-маральных асноў развіцця грамадства і дзяржавы, высокай місіі пісьменніка ў рабоце з моладдзю. 

Цэнтральным экспанентам выставы-кірмашу будзе ў гэты раз Расія. Чакаюцца прыезд вялікай дэлегацыі і маштабная разнапланавая праграма мерапрыемстваў па тэмах абвешчанага ў Расіі Года літаратуры, 70-годдзя Вялікай Перамогі і Года ветэранаў у краінах СНД. 

Буйныя калектыўныя экспазіцыі рыхтуюць Францыя, Германія, Іран, Вялікабрытанія, ЗША. 

А што ж мы? Нацыянальны стэнд нашай краіны размесціцца на самавітай плошчы ў 330 «квадратаў». Упершыню кнігі дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтваў (а ўсяго ў нашай краіне іх працуе 450) будуць прадстаўлены разам, аб’яднаныя ў некалькі тэматычных раздзелаў: альбомы, буклеты, даведнікі, краязнаўчая літаратура, энцыклапедычная зона, літаратурна-мастацкая кніга, вучэбная літаратура і дзіцячая, прычым на гэтай пляцоўцы будзе зроблена ўсё, каб максімальна завалодаць увагай юных чытачоў. 

Беларусь – краіна,  якая выдае і чытае, не без гонару гаворыць Лілія Ананіч. З года ў год не памяншаецца колькасць кніг, якія выдаюцца на аднаго жыхара. Гэтая лічба застаецца прыкладна адной і той жа — 3,3 асобніка, і яна параўнальная з пазіцыямі кнігавыданняў Расіі. Агульная колькасць кніг, выпушчаных за 2014 год, — 11 тыс. 613 найменняў, тыраж — 31,2 млн. асобнікаў. 

Шматлікія сустрэчы з аўтарамі, мастакамі, выдаўцамі, прэзентацыі, аўтограф-сесіі, шырокі продаж кніг — усё гэта кожны год прыцягвае на мінскую выставу вялікую колькасць аматараў літаратуры ўсіх узростаў, і не толькі жыхароў сталіцы. Колькасць наведвальнікаў кірмашу нязменна расце. Для прыкладу, дзесяць гадоў таму — амаль 24 тысячы чалавек, у мінулым годзе — 56 тысяч. А значыць, нягледзячы на тое што новыя тэхналогіі актыўна ўжываюцца ў сучаснае жыццё, друкаваная кніга цікавіць і не здае свае пазіцыі.

У тэму

У дні работы XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу памятныя знакі-сімвалы атрымаюць пераможцы 54-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Удзел у ім прынялі 46 выдавецтваў, што склала рэкордную колькасць за апошнія гады. На суд журы было прадстаўлена 148 кніг павышанай якасці.

Вышэйшая ўзнагарода — Гран-пры ў намінацыі «Трыумф» прысуджана фотаальбому «Беларусь замкавая», выдадзенаму паліграфкамбінатам імя Я. Коласа. Памятны знак-сімвал «Вялікі залаты фаліянт» і дыплом імя Ф. Скарыны будуць уручаны пераможцу. Пераможцы вызначаны таксама сярод выданняў шэрагу іншых напрамкаў.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter