Чысты сiмвал Беларусi

У нашых бярозах мы пазнаём родную Беларусь...

У нашых бярозах мы пазнаём родную Беларусь. Вельмi шмат у iх агульнага: чароўная прыгажосць, прыродная шчодрасць, светлая радасць у добрыя часiны i затоены смутак, калi надарыцца бяда, трапяткое хваляванне… Усё гэта i многае iншае цесна знiтавала лёс нашай зямлi i бярозы, самага дарагога, любiмага дрэва. I вечнага, як i вечная наша Бацькаўшчына. Няма iншага дрэва, якое б так даўно, трывала i дастойна ўвайшло ў жыццё беларусаў.

Моцныя каранi

I нездарма ў нашай гiсторыi, на шырокiх беларускiх прасторах столькi назваў, якiм менавiта бяроза дала жывы змест i сэнс. Вельмi цiкавыя звесткi наконт гэтага прыводзiць у сваёй кнiзе «Тапонiмы распавядаюць» Валянцiна Лямцюгова. Аказваецца, у павер’ях усходнiх славян бяроза ўспрымалася, шанавалася як дрэва-ахоўнiк i пасрэднiк памiж светам жывых i памерлых, як сiмвал раслiннай сiлы, дзявочай прыгажосцi, кахання i шлюбу. Нездарма мы параўноўваем стройныя, танканогiя маладыя бярозкi з нявестамi.

Сотнi паселiшчаў, рэк, азёр, тысячы лясных урочышчаў, лясоў, палёў, сенажацяў сваiмi назвамi нагадваюць пра беластвольнае дрэўца. Найчасцей Бярозаўка. Паселiшчы з такой назвай засноўвалiся ў бярозавых лясах цi на месцы бярозавага хмызняку. А яшчэ ёсць бярозавыя балоты, прасекi, кладкi… Асабiста я заўсёды з нейкiм хваляваннем успрымаю назву раённага цэнтра маёй малой радзiмы – Бяроза-Картузская. Упершыню ўпамiнаецца ў 1477 го­дзе, паходзiць ад назвы ракi Бяроза, левага прытока Шчары. I колькi ж у гэтым раёне бярозавых гаёў… Словам, гэтае дрэва мае надзвычай моцныя каранi, як у прамым сэнсе, у зямлi, так i ў гiсторыi Беларусi.

Блiжэй да людзей?

Бярозы ў нашых паселiшчах — неад’емная з’ява, самая адметная прыкмета прыроднай лагоды i жыццёвай утульнасцi.

Мне здавалася, ды й цяпер такое прыходзiць на роздум, калi бываю ў вёсцы, бярозы чуйна i ўважлiва прыслухоўваюцца да ўсяго, што адбываецца навокал, чым жывуць i заклапочаны людзi, — дзеляць iх няпростую долю. Калi ў вайну гiтлераўцы двойчы за сувязь з партызанамi палiлi нашу вёску, разам з хатамi, рознымi пабудовамi гарэлi i бярозы, якiя раслi побач. Дзякуй богу, не загiнулi тыя дрэвы, што былi далей, на аселiцах альбо ў канцы агародаў. Усюды страшна чарнелi паселiшчы, а бярозы, да якiх не дацягнулася злая рука чужакоў-пачвараў, раслi, як i раней, зелянелi з ранняй вясны да восенi, напамiнаючы людзям аб вечнасцi жыцця.

Людзi пабудавалi новыя хаты, пасадзiлi на сваiх сядзiбах маладыя бярозкi. А на ўскрайку Пешак з’явiлася i дружна пайшла ў рост цэлая сямейка бяроз. Быццам сталi яны жывой i святой памяццю аб вяскоўцах, якiя загiнулi ад лютага ворага. I раней, калi ў сваiх родных Пешках глядзеў на гэтую сямейку, i цяпер, калi бачу нешта падобнае ў iншых беларускiх вёсках, у маё сэрца прыходзiць шчымлiвае пачуццё. Так i нарадзiлiся наступныя вершаваныя радкi:

Ля нашай цiхай, прыветнай вёскi

Сям’ёю дружнай растуць бярозкi.

Стань, чалавеча, i падзiвiся –

Адкуль бярозкi тут узялiся?

Вiдаць, у лесе iм цесна стала,

Цi небяспека дзесь напаткала…

Яны рашылi, што лепей будзе,

Калi ў вёсцы iх прымуць людзi.

Вяскоўцы рады з тае нагоды:

Бярозкi гэтыя – дар прыроды.

Шумяць над iмi вятры зiмою,

Сiлкуюць шчодра дажджы вясною.

I нам не трэба тужыць у скрусе –

Растуць бярозы на Беларусi!

Ля родных хат, на ўсiх абшарах,

Як нашы песнi i нашы мары.

Жывая брама

Вось малюнак, якi болем адклiкаецца ў сэрцы. Якая прыгожая бяроза расла каля гэтай дарогi. Маладая, стройная, вясёлая...

I вось што аднойчы тут адбылося. У лесе побач адвялi дзялянку, пачалi нарыхтоўваць i вывозiць адтуль зрэзаныя сосны. Якраз каля бярозы з шашы пралажылi дарогу на тую дзялянку. Цяжкiя машыны раз’ездзiлi зялёны поплаў, выразалi глыбокiя калдобiны.

Калi аднойчы цэлы дзень шумеў густы лiвень, дык гэтую дарогу так размыла, што машыны па ёй iсцi не змаглi. Зрабiлi аб’езд побач з бярозай. На яе не звярталi нiякай увагi вадзiцелi, машынамi паабдзiралi кару, пашкодзiлi ствол. А потым нехта проста наехаў на дрэва i яно, амаль зламанае, гаротна пахiлiлася якраз над той дарогай, па якой раней вывозiлi лес. З-за людской абыякавасцi i бяздушша бяроза памiрала, бо атрымала надта цяжкiя раны.

Прыйшоў я вясной на гэтае месца паглядзець, што сталася з маёй бярозай. З затоеным болем думаў, што яе ўжо няма. I здзiвiўся ад начаканасцi. На ствале бярозы дружна бралiся маладыя парасткi. Яна, быццам родная мацi, давала iм жыццё. Сагнуты над дарогай ствол, расквечаны зялёнымi парасткамi, нагадваў браму. Машыны тут ужо не хадзiлi, бо даўно вывезлi з дзялянкi сосны.

I цяпер людзi, якiя летам збочваюць з шашы на шырокi луг i бяруць накiрунак да возера, каб правесцi час на цудоўным улоннi прыроды, праходзяць цераз незвычайную жывую браму, якую пакiнула iм бяроза…

Гай ажно свецiцца

Варта перайсцi ад лiрычнага ўспрымання бяроз да сённяшняй рэальнай сiтуацыi з iмi ў нашай рэспублiцы. Гутарым з начальнiкам Упраўлення лясной гаспадаркi Мiнлясгаса Валянцiнам Шатраўкам.

— Як жывецца бярозам на нашай зямлi, цi шмат iх у Беларусi?

— Сёлета на пачатак студзеня маем амаль 1 мiльён 820 тысяч гектараў бярозавых лясоў. Для параўнання: у 2001 годзе было 1 мiльён 629 тысяч гектараў. Такiм чынам, за восем гадоў прыбавiлася 190 тысяч гектараў, што добра. Бярозы растуць па ўсёй тэрыторыi Беларусi, як чыстыя гаi, так i прымесi. Iх у нас два вiды: бяроза барадатчатая i пушыстая.

Калi гаварыць пра народнагаспадарчае значэнне бярозы, дык яна надзвычай каштоўная для вытворчасцi моцнай i прыгожай фанеры. Ну i нарыхтоўка вясною ў вялiкiх колькасцях бярозавага соку. Безумоўна, бяроза – адна з дрэвавых парод, якая сваёй прысутнасцю ўпрыгожвае нашу прыроду, павялiчвае яе бiялагiчную разнастайнасць. Менавiта з гэтай мэтай пры стварэннi лясных культур мы спецыяльна ўводзiм невялiкую колькасць бяроз. А таксама для паляпшэння глебы: яна не так акiсляецца, калi восенню асыпаецца на зямлю бярозавае лiсце.

— Што-небудзь пагражае нашай прыгажунi?

— Нейкi час мы назiралi хваробу, якая называецца бактэрыяльнай вадзянкай, ад яе дрэвы засыхалi. Дзякуй богу, гэты небяспечны перыяд мiнуў, i цяпер сiтуацыя з бярозамi стабiльная.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter