Чыстая бульбачка

Мядзельшчына плануе заняцца арганічным земляробствам

Арганічнае земляробства плануецца шырока ўкараніць на Мядзельшчыне

Такі накірунак — не навіна для нашай краіны, яго элементы і зараз прымяняюцца ў земляробстве. За апошнія гады ўдалося істотна скараціць прымяненне мінеральных угнаенняў за кошт арганічных. Перспектыва і запатрабаванасць — відавочныя. Зараз работы па развіцці арганічнага земляробства вядуцца не толькі ў навуковай, але і ў заканадаўчай сферы. Падрабязна гэтыя пытанні абмяркоўваліся на другой Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Арганічная сельская гаспадарка: вопыт развіцця за мяжой і ўкаранення ў Беларусі».

Як паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Паўлоўскі, Мінсельгасхарчам сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам атрыманы ўзоры ўра¬джаю бульбы, грэчкі і бабовых культур, вырашчаныя па патрабаваннях арганічнага земляробства. Гэта прадукцыя і перададзена сельгаспрадпрыемствам Мядзельскага раёна, дзе ўжо ў наступным годзе плануецца стварыць экалагічна чыстыя плантацыі.

Чаму менавіта Нарачанскі край выбраны першым цэнтрам арганічнага земляробства ў краіне? Адказ просты: гэта запаведная тэрыторыя, дзе знаходзіцца вялікае мноства прыродных аб’ектаў, і ўздзеянне на іх хімічных угнаенняў неабходна абмяжоўваць. Да таго ж гэта буйная курортная і турыстычная зона. Экалагічна чыстая прадукцыя, атрыманая дзякуючы ўкараненню арганічнага земляробства, бу¬дзе пастаўляцца ў першую чаргу ў навучальныя і медыцынскія ўстановы.

Мяркуецца, што ў будучым да вядзення арганічнага земляробства падключацца і іншыя тэрыторыі. Напачатку гэта будуць рэгіёны, дзе знахо¬дзяцца прыродаахоўныя абекты і зоны адпачынку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter