Фестиваль «Ивьевский помидор» удивит битвой томатами и гигантским бутербродом

Чырвоны сімвал

У  гэтым райцэнтры Гродзеншчыны ледзь не ў кожным двары стаяць даўжэзныя цяпліцы, якія зіхацяць чырвонымі таматамі. «Памідорная» гісторыя Іўе пачалася больш за 600 гадоў таму. У далёкім 1397 годзе вялікі князь Вітаўт запрасіў на гэтыя землі татараў абараняць межы ВКЛ. Татары аказаліся не толькі добрымі воінамі, але і выдатнымі агароднікамі. З часам навыкі мусульманскіх суседзяў перанялі мясцовыя жыхары. Вырошчваюць тут і цыбулю, і радыску, і агуркі… Але каралём іўеўскіх цяпліц лічыцца памідор, які стаў сімвалам і брэндам Іўеўшчыны.


Чатыры гады таму галоўнай гародніне рэгіёну прысвяцілі цэлы фестываль — «Іўеўскі памідор». Усё на ім прысвечана тамату. Да прыкладу, праходзяць конкурсы на паяданне чырвонай гародніны на хуткасць, на самую смачную страву з таматамі і на самы вялікі памідор. Фестываль прыйшоўся даспадобы не толькі мясцовым жыхарам, але і гасцям з розных куткоў краіны і нават замежжа. На жаль, летась яго прыйшлося адмяніць з-за пандэміі. Затое сёлета свята рыхтуецца з яшчэ большым размахам, чым раней.


На фестывалі, які пройдзе 21 жніўня, запланавана бітва памідорамі «Іўе-дэ-Таматэйра» і ўнікальнае шоу на вадзе — конкурс па плаванні на самаробных плаўсродках «Плаў-тамат», паведамляе ivyenews.by. Таксама ў гледачоў будзе магчымасць ацаніць удзельнікаў раённага сямейнага конкурсу на лепшы карнавальны касцюм з агародніны «Круты памідор — таматная сямейка» і пакаштаваць самы вялікі бутэрброд з таматамі. На мінулым фестывалі памідорны бутэрброд расцягнуўся аж на 6 метраў! У межах свята на канцэртнай пляцоўцы «Тамаці-паці+» выступяць лепшыя калектывы Гродзенскай вобласці. У вячэрняй праграме заяўлены неонавая вечарынка і маладзёжная дыскатэка. 

mila@sb.by

Фота з архіва БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter