Чырвоная пятніца і Чырвоная субота
17.04.2009 01:00:00
Па-першае, лінія вызначэння і прыгатавання страў, якія трэба будзе асвяціць і якія на працягу трох святочных дзён будуць абавязковай абрадавай ежай для ўсёй сям’і і запрошаных гасцей.
Па-другое, пасля прыгатавання ўсіх прысмакаў выконвалася выключнае рытуальнае дзеянне, блізкае па свайму культурнаму статусу хіба што да смерці або нараджэння чалавека. Ва ўсіх хатах на ўсе тры велікодныя дні ў печы тушылі агонь, які на працягу астатняй часткі года захоўвалі як самую вялікую сямейную святыню. Гэта абрадавае прадпісанне непасрэдна звязана з даўняй сялянскай традыцыяй. Звычайна лічылася: калі раніцай гаспадыня не зможа запаліць у печы агонь ад учарашняга жару, то гэта ўспрымалася як прыкмета, якая прадказвала смерць каго-небудзь з дамачадцаў. У дадзеным выпадку логіка святочных падзей разгортвалася ў адваротным кірунку. Смерць Збавіцеля — заступніка ўсяго чалавецтва — трэба было сустрэць усеагульным тушэннем вечна жывога агню.
Па-трэцяе, як першая калядная або апошняя масленічная ноч, так і перадвелікодная, асабліва ў час выканання галоўных царкоўных абрадаў, лічылася надзвычай важным момантам, для поспеху ў гаспадарчых справах, паляпшэння дабрабыту, захавання здароўя і сямейнага ладу. Падчас святочнага набажэнства гаспадары прасілі Усявышняга прайсціся ласкай “па душы, па целу, па жонцы, па дзецях, па маім здароўі”, а маладыя дзяўчаты прасілі добрага жаніха.