Чырвоная пятніца і Чырвоная субота

Два дні перад Вялікаднем у беларусаў называліся Чырвоная пятніца і Чырвоная субота. У хаце наведзены выключны парадак, пануе бадай што самы непаўторны за ўвесь год перадсвяточны настрой. Прыгатаваны абрадавыя стравы, жанчыны ўсё больш пачынаюць завіхацца каля куфэркаў, выбіраючы самае лепшае адзенне. Ідуць апошнія прыгатаванні да ўсяночнага набажэнства. Ва ўсёй гэтай мітусні прасочваліся асноўныя лініі развіцця перадсвяточных падзей.

Па-першае, лінія вызначэння і прыгатавання страў, якія трэба будзе асвяціць і якія на працягу трох святочных дзён будуць абавязковай абрадавай ежай для ўсёй сям’і і запрошаных гасцей.
Па-другое, пасля прыгатавання ўсіх прысмакаў выконвалася выключнае рытуальнае дзеянне, блізкае па свайму культурнаму статусу хіба што да смерці або нараджэння чалавека. Ва ўсіх хатах на ўсе тры велікодныя дні ў печы тушылі агонь, які на працягу астатняй часткі года захоўвалі як самую вялікую сямейную святыню. Гэта абрадавае прадпісанне непасрэдна звязана з даўняй сялянскай традыцыяй. Звычайна лічылася: калі раніцай гаспадыня не зможа запаліць у печы агонь ад учарашняга жару, то гэта ўспрымалася як прыкмета, якая прадказвала смерць каго-небудзь з дамачадцаў. У дадзеным выпадку логіка святочных падзей разгортвалася ў адваротным кірунку. Смерць Збавіцеля — заступніка ўсяго чалавецтва — трэба было сустрэць усеагульным тушэннем вечна жывога агню.
Па-трэцяе, як першая калядная або апошняя масленічная ноч, так і перадвелікодная, асабліва ў час выканання галоўных царкоўных абрадаў, лічылася надзвычай важным момантам, для поспеху ў гаспадарчых справах, паляпшэння дабрабыту, захавання здароўя і сямейнага ладу. Падчас святочнага набажэнства гаспадары прасілі Усявышняга прайсціся ласкай “па душы, па целу, па жонцы, па дзецях, па маім здароўі”, а маладыя дзяўчаты прасілі добрага жаніха.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter