Знают даже в Марокко: какими традициями гордятся на Щучинщине

Чырвоная птушачка на фартушку

У Шчучынскім раёне вышытыя і тканыя рэчы, вырабы з саломы амаль гэтак жа папулярны, як у нашых продкаў

Мінулі часы, калі ў кожнай хаце ткалі і штодзённа карысталіся рукатворнымі вырабамі. Ручнікі, напрыклад, яшчэ можна прыкмеціць ля абразоў, якія па традыцыі размяшчаюць у чырвоным куце. І гэта ледзь не адзіны спосаб іх ужывання. Але жыццё ручніка і іншых прадметаў быту нашых продкаў можна падоўжыць, чым і займаюцца ў музейным пакоі Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Майстрыхі не толькі захоўваюць старажытныя традыцыі, праводзяць майстар-класы па ткацтве, саломапляценні, але і распаўсюджваюць свае ўменні за межамі роднага краю.

Метадыст Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Лебядзевіч, майстрыха-вышывальшчыца Наталія Лябецкая і майстар па саломапляценні Вольга Роліч.

— Адкрылі музейны пакой «Шчучынскія рамёствы» амаль шэсць гадоў таму, — расказвае метадыст Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Лебядзевіч. — Дагэтуль дзейнічала выставачная зала. Асноўны напрамак — захаванне рамёстваў і промыслаў, якія знахо­дзяцца на мяжы знікнення. Робім усё для таго, каб спрыяць іх адраджэнню, развіццю, а таксама росту цікаўнасці да культуры і народнай творчасці.

Асаблівы гонар музейнага пакоя — унікальная калекцыя прадметаў ужытку нашых продкаў, якая беражліва і з любоўю збіралася на працягу многіх гадоў. Экспазіцыя папаўняецца новымі экспанатамі: супрацоўнікі выязджаюць у розныя куточкі Шчучыншчыны для збору артэфактаў. Падчас апошняга знайшлі ручнікі, выкананыя ў тэхніцы белаўзорыстага ткацтва, якая пару гадоў таму атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Дарэчы, нядаўна калектыў аддзела народнай творчасці прадстаўляў калекцыю ў Гродне на выставе «Нам засталася спадчына», прымаў удзел у маштабным рэспубліканскім праекце «Культурная спадчына Беларусі». Згодна з задумай, вышывальшчыцы з усёй краіны пераносілі элементы нематэрыяльнай і матэрыяльнай спадчыны свайго рэгіёна на вялікае палатно, каб потым аб’яднаць яго ў карту нашай рэспублікі. Урачыста прэзентавалі на сёлетні Дзень Незалежнасці.

Заводзім размову з майстрам па саломапляценні Вольгай Роліч. На нашых вачах яна з перапрацаванай саломы вырабляе мудрагелісты ўзор.



— Пляту зубатку, — задавальняе маю цікаўнасць. — Потым з яе раблю шляпы, сумкі. Ёсць яшчэ рагожка. Адрозніваецца схема пляцення тым, што на першую патрэбна чатыры саломінкі, а на другую — пяць. Звычайна сшываю ніткай па заломах саломы, таму швоў нават не бачна. Можна і лёскай, але не ўсе рэчы: напрыклад, на капелюшы вусікі ад яе будуць калоць галаву.

За тыдзень, без уліку часу на нарыхтоўку саломы, можна сплесці капялюш. Але перад гэтым трэба пасеяць, вырасціць, зжаць жыта ды падрыхтаваць салому.

Падыходзіць менавіта жыта, трыцікале занадта жорсткая, — удакладняе Вольга Роліч. — Пасля сушкі перабіраем яе, зрэзваем каласы, калі яны не патрэбны. Дзелім на каленцы і замочваем. Першае доўгае, з яго выходзяць ладныя кошыкі, другое — каб плесці зубатку, трэцяе — на анёлаў, больш простае ў працы.

Сухой саломай шмат чаго не спляцеш — ламаецца. А калі мокрая, яе можна ўкласці як трэба. Таму перад працай у шклянцы з кіпенем салому пакідаюць хвілін на дзесяць. Калі трэба, адбельваюць перакісам ці на сонцы.

— Работы Вольгі Роліч паляцелі нават у Марока, — дзеліцца поспехам калегі Таццяна Лебядзевіч. — Там у канцы мінулага года праходзіла сесія Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Дык вось на ёй прынята рашэнне аб уключэнні саломапляцення Беларусі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. А ў ліку работ, якія выстаўлялі там, — вырабы нашай умеліцы.

На днях ў Гродне адбылося рэгіянальнае свята народнай творчасці «Ад прадзіва да ткацтва», якое ладзяць у рамках рэалізацыі гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па адраджэнні ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва ў Гродзенскай вобласці. Прайшлі майстар-класы, у якіх маглі паўдзельнічаць гараджане і турысты. Там прадставілі палатно, якое склалі з міні-габеленаў. Іх ткалі рукадзельніцы з кожнага раёна вобласці. Дарэчы кажучы, шчучынскія чараўніцы ўдзельнічаць ва многіх святах. Напрыклад, вярнуліся з «горада майстроў», што працаваў на «Славянскім базары».

Часты госць на іх — майстрыха-вышывальшчыца Наталія Лябецкая. Ручнікі, сурвэткі, сувеніры, кашулі-вышыванкі — чаго толькі не ўмее!



Шукаю ў інтэрнэце ўзоры, аб’ядноўваю іх, дадаю нешта сваё, — раскрывае сакрэт унікальных прынтоў Наталія. — Можна паказаць мне малюнак, і я яго вышыю. У асноўным попытам карыстаецца традыцыйны ўзор «Птушка». Большасць заказваюць работы ў чорна-чырвоных ці проста чырвоных тонах. Лепш за ўсё атрымоўваецца на тканіне з бавоўны ці льну. Нават для немаўлят вышыванкі раблю.

У цэнтры дзейнічае сем гурткоў: тры дарослыя і чатыры дзіцячыя. Ёсць тут і аматарскае аб’яднанне «Спадчына»: людзі сталага ўзросту збіраюцца і праводзяць вольны час актыўна, дзеляцца вопытам.

— Робім і выязныя майстар-класы, — працягвае Таццяна Лебядзевіч. — Удзельнічаем у «Школе актыўнага грамадзяніна», папулярызуем традыцыйную культуру. Зацікаўленых шмат, асабліва сярод навучэнцаў сельскіх школ.

У ТЭМУ

Беларуская саломка стала пятым нацыянальным элементам у Спісе сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА нараўне з абрадам «Калядныя цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, урачыстасцю ў гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай у Будславе Мядзельскага, вясновым абрадам «Юр’еўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага і культурай ляснога бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна.

ДАРЭЧЫ

У Шчучынскім раёне званне «Народны майстар Беларусі» маюць Ванда Машкевіч з вёскі Бабічы, якая зай­маецца карункапляценнем, ткачыха Марыя Карповіч з Крупава і Валянціна Краўчук са Шчучына — яна робіць вырабы з саломы.

grudnitskiy@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter