“Чырачка”

Сярод абрадаў гукання вясны сваёй непаўторнасцю вылучаецца святкаванне гэтай падзеі ў в. Тонеж Лельчыцкага раёна. У 2004 г. мы сталі сведкамі гэтага і зафіксавалі наступныя падзеі.У адной хаце збіраліся дзяўчаты і разам з гаспадыняй рыхтавалі цеста для выпякання птушак — “чырачак” (таму і сам абрад называўся “чырачка” або “чыркаванне”). Іх гатавалі даволі шмат. Адну з іх кідалі ў печ, частку раздавалі прысутным дзяўчатам, а частку пакідалі для святочнай трапезы напрыканцы святкавання. Адначасова з “чырачкамі” гатавалі яшчэ адну абавязковую рытуальную страву — кашу з проса.

Тым часам у суседняй хаце збіраўся гурт хлопчыкаў, які прыносіў з сабой невялічкую елачку і пачынаў упрыгожваць яе рознакаляровымі стужкамі, папяровымі кветкамі.
У трэцяй хаце жанчыны сярэдняга і сталага веку займаліся сваёй абрадавай справай — рыхтавалі пудзіла зімы.
Калі ўсё было падрыхтавана, удзельнікі свята выходзілі на вуліцу і пачыналі абход вёскі. Пасля заканчэння абходу ўдзельнікі свята павольна ўздымаліся на высокі пагорак. Нейкі час спявалі песні-вяснянкі, а тым часам хлопцы распальвалі вогнішча. Самыя спрытныя па некалькі  разоў скакалі цераз касцёр. А дзяўчаты і жанчыны пачыналі вадзіць вакол дуба і вогнішча карагоды. Нарэшце, распачыналася заключная частка свята. Затым  трое хлапчукоў бралі чучала зімы і з гіканнем, крыкам “Зіму палім!” шпарка несліся да вогнішча і кідалі на яго сімвалічную выяву зімы.
Пасля таго як “зіму спалілі”, самаму спрытнаму хлопчыку давалі расквечаную елачку, падсаджвалі на дуб і прасілі залезці з ёю як мага вышэй, каб вясна “пачула-пабачыла” і хутчэй прыходзіла.
Святкаванне заканчвалася багатай рытуальнай трапезай. Тут жа, каля вогнішча, прама на снег рассцілалі посцілкі, расстаўлялі самыя розныя прысмакі, але галоўнымі стравамі былі каша і “чырачкі”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter