Чым нам блізкая Італія?

Амаль заўсёды, калі разважаюць аб вытоках еўрапейскай культуры, звычайна пачынаюць гаворку з Італіі
Справа ў тым, што антычная рымская цывілізацыя стала падмуркам усёй сусветнай культуры, што італьянскае Адраджэнне з яго гуманізмам і накіраванасцю да Чалавека змяніла філасофію нашага духоўнага жыцця. Святло італьянскай культуры шмат вякоў пранізвае нашу беларускую рэчаіснасць.

Мы добра ведаем, напрыклад, што жамчужына нашай літаратуры — “Песня пра Зубра” Міколы Гусоўскага — была напісана менавіта на латыні — мове старажытных рымлян — “CARMEN DE BIZONTIS”. Адна з першых паэм сучаснай беларускай мовы — “Энеіда навыварат” — натхнёная творам вялікага італьянскага паэта Вергілія. Італьянская культура моцна паўплывала і на развіццё беларускай адукацыі. Вядома, што ў XVI–XVIII стагоддзях таленавітая моладзь ехала вучыцца ў Еўропу, але і ў Беларусі існавалі іезуіцкія навучальныя установы — калегіумы, у якіх таксама можна было набыць адукацыю.

Калісьці Радзівіл запрасіў у Нясвіж італьянскага архітэктара Яна Марыю Бернардоні, і дух вялікага еўрапейскага мастацкага стылю — барока — прыйшоў у Беларусь. І цяпер, калі нас сустракаюць вежы барочных касцёлаў у шматлікіх беларускіх гарадах і мястэчках, мы не можам не ўспомніць іх італьянскія карані.

Прыгадваючы архітэктуру, нельга забывацца і пра больш блізкія да нас часы. Праспект Незалежнасці ў Мінску, напрыклад, пабудаваны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя пад уплывам эстэтыкі італьянскіх палацаў эпохі Адраджэння.

Вось і нядаўна маладыя архітэктары з Беларускага нацыянальнага політэхнічнага універсітэта, калі прыехалі ў Фларэнцыю на Міжнародны агляд дыпломных праектаў студэнтаў-архітэктараў, адразу адчулі сабе не толькі гасцямі ў чужым доме, але і сапраўднымі нашчадкамі тых агульных культурных з’яў якія звязваюць Беларусь з Італіяй.

Армен Сардараў,
доктар архітэктуры
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter