Чые аладкi салодкi

На Касцюкоўшчыне Масленіцу адсвяткавалі на пачатку сакавіка

Як у Касцюковічах з зімой развіталіся

На гэты раз работнікі культурнай сферы Касцюкоўшчыны вырашылі адсвяткаваць Масленіцу на пачатку першага веснавога месяца. Арганізатары прапанавалі праграму, якая прадугледжвала культурнае правядзенне вольнага часу для ўсіх жыхароў горада.

...У той дзень не было адбою ад жадаючых пракаціцца на запрэжках пад звон бранзотак па рыпучым снезе. Масленічныя песні і карагоды ў выкананні фальклорных ансамбляў «Сяброўкі», «Вераснянка» сельскіх дамоў культуры і народных фальклорных ансамбляў «Весялуха», «Белая Дуброва» не давалі сумаваць і стаяць на месцы, прымушалі пускацца ў скокі.

У разгар свята запалала вя-лікае вогнішча, на якім героі тэатралізаванага прадстаўлення народнага фальклорнага ансамбля «Калініца» — Вясна і скамарохі — развіталіся з Зімою, спаліўшы яе пудзіла.

Было дзе паказаць свой спрыт і прадстаўнікам моцнай паловы чалавецтва. Не кожнаму, праўда, хапала духу і ўпартасці, каб ускараскацца на шматметровы слуп і здабыць прыз. А вось 24-гадовы асілак Дзмітрый Бурачкоў здолеў зняць усе торбы з прызамі!

Самы час падсілкавацца. «Калі ласка!» — запрашалі да сваіх сталоў гаспадыні. Бліны і аладкі — неад’емны атрыбут Масленіцы.

«Ну як настрой, як свята?»— цікаўлюся ў моладзі. Наперабой, перакрыкваючы адзін аднаго, дзеляцца сваімі ўражаннямі шчаслівыя хлапчукі. Вылезлі нарэшце са сваіх сайтаў, сустрэліся з сябрамі!

Непадалёку чуецца гул хакейных балельшчыкаў. Любімыя каманды выйшлі на лёд. Азарту і прыхільніц у маладых хакеістаў хоць адбаўляй…

Ведаючы, што ў мікрараёне Маладзёжны жыве шмат перасяленцаў з адселеных пасля чарнобыльскай аварыі вёсак, вырашаю пацікавіцца ў найбольш старэйшых жыхароў наконт асаблівасцей святкавання Масленіцы ў іх рэгіёнах.

Ганна Федарыстава з вёскі Забычанне ўспамінае: «У Маслены тыдзень нашы вяскоўцы хадзілі адзін да аднаго ў госці. Песні спявалі, снедалі разам. Галоўная страва, вядома ж, бліны. Пяклі іх хто з чаго. Былі бліны з бульбай, з грэчкай, з пшанічнай і з ячнай мукой. Спрадвеку лічылася, што добра будзе ў хаце той гаспадыні, чые бліны больш нахваляць аднавяскоўцы. Таму ўсе імкнуліся як мага больш хваліць адзін аднаго. А цешчы зяцям галовы маслам маслілі, каб дочкам з імі багата жылося...»

Зараз наўрад ці які зяць галаву пад цешчына масліца падставіць, а вось паласавацца яе блінамі — з радасцю!

Наталля ДРОБЫШАВА, кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання «Літаратурная гасцёўня «Крынічка» пры Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэцы імя І. Чыгрынава

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter