Чудзінскі эксперымент. Выратаваннем стратнага калгаса займаецца 25-гадовы старшыня.

У савецкія часы, на стыку 80—90-х, СПК “Лань” стаў адным з першых калгасаў-мільянераў (рублёвых, канешне) у Ганцавіцкім раёне. Гаспадарка на свае грошы, без усякіх там крэдытаў, збудавала фермы, на цэнтральнай сядзібе — вёсцы Чудзін — адчыніла дзіцячы садок і лазнева-пральны камбінат. Тэхнікі для апрацоўкі палёў таксама хапала. Сёння калгас па-ранейшаму з’яўляецца мільянерам, праўда, ужо доларавым. Мільянерам-даўжніком. Па розных крэдытах “Лань” завінавацілася чатыры з паловай мільярды рублёў, або больш за паўтара мільёна долараў. Выводзіць гаспадарку з крызісу раённыя ўлады запрасілі Сяргея Буваку — 25-гадовага выпускніка Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

У савецкія часы, на стыку 80—90-х, СПК “Лань” стаў адным з першых калгасаў-мільянераў (рублёвых, канешне) у Ганцавіцкім раёне. Гаспадарка на свае грошы, без усякіх там крэдытаў, збудавала фермы, на цэнтральнай сядзібе — вёсцы Чудзін — адчыніла дзіцячы садок і лазнева-пральны камбінат. Тэхнікі для апрацоўкі палёў таксама хапала. Сёння калгас па-ранейшаму з’яўляецца мільянерам, праўда, ужо доларавым. Мільянерам-даўжніком. Па розных крэдытах “Лань” завінавацілася чатыры з паловай мільярды рублёў, або больш за паўтара мільёна долараў. Выводзіць гаспадарку з крызісу раённыя ўлады запрасілі Сяргея Буваку — 25-гадовага выпускніка Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

“На гэтую пасаду ніхто асабліва не рваўся”

Рашэнне, што і казаць, нестандартнае. Вялікая адказнасць ускладзена на маладога чалавека са сціплым вопытам работы.
— На гэтую пасаду ніхто асабліва не рваўся. Ды і ўвогуле зараз знайсці добрага спецыяліста вельмі складана. А нам патрэбны быў кіраўнік, — распавядае намеснік старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Юрый Лелес. — Мы абмеркавалі ўсе кандыдатуры і выбралі Сяргея. У СПК “Любашава”, дзе Бувака працаваў пасля ВНУ аграномам, ён добра сябе зарэкамендаваў. Мог і з людзьмі агульную мову знайсці, і работу наладзіць. У дадатак да гэтага мае такія якасці, як дысцыплінаванасць і адказнасць.

Патомны аграрый

— Ды што там я — мой аднагрупнік узначаліў калгас адразу пасля акадэміі, — сціпла ўсміхаецца Сяргей. — Хаця і мне было страшнавата. Усё ж такі прыйшоў у гаспадарку, якая ў раёне па паказчыках займае трэцяе месца знізу. Супакоіў адзін вопытны чалавек. Ён сказаў, што ў добрай гаспадарцы няма права на памылку, а вось у “Лані” магчымы эксперыменты. Гэта добры шанс, каб праверыць сябе і набрацца вопыту, хаця адказнасці з мяне ніхто не здымае.
Сяргей Бувака — патомны аграрый. І яго бацька, і яго маці таксама скончылі акадэмію ў Горках.
— Мама і сёння працуе аграномам у суседнім калгасе, а вось бацька пакінуў сельскую гаспадарку і зараз ездзіць за мяжу на заробкі. Шчыра кажучы, я таксама пасля ВНУ збіраўся ўладкавацца на іншую працу. Нават схадзіў у міліцыю, бо там патрабаваліся людзі, якія адслужылі ў арміі (а я адслужыў у рэзерве) і маюць вышэйшую адукацыю. Аднак намесніка начальніка РАУС па кадравых пытаннях не было на месцы. А пасля пачалося жніво, і ў мяне ўжо не было часу шукаць іншую працу. Сёння я маю на руках трохгадовы кантракт.

Акадэмічная тэорыя і калгасная практыка

— Студэнцкае жыццё — прывольнае, — узгадвае сённяшні кіраўнік. — Адвучыўся на занятках з 8 да 14, пасля пачынаецца вольны час. А зараз у мяне графік вельмі просты. Пакуль тэхніка ў полі — і я на рабоце. Улетку, бывае, працуеш і да дзвюх гадзін ночы. І зранку даўжэй паспаць нельга.
Нядаўні студэнт з поўным правам можа параўнаць, як суадносіцца акадэмічная тэорыя з калгаснай практыкай.
— У ВНУ нам расказвалі пра тое, як усё адбываецца ў аптымальных умовах. Але дзе ж знайсці тыя ўмовы? Таму першы час пасля размеркавання ўважліва слухаў больш вопытных калег, даволі часта звяртаўся за парадай да маці.

Здзек з “Лані”

— Калісьці наша гаспадарка была лепшай у раёне, а зараз... — уздыхае Сяргей Бувака. — На пачатку 90-х карова тут давала 3700 кілаграмаў малака ў год, зараз — 2300. Тады было 20 машын, 34 трактары, а цяпер не хапае тэхнікі, нават каб апрацаваць зямлю.
Малады гаспадар упэўнены, што надоі можна вярнуць на былы ўзровень. Для гэтага толькі трэба... карміць жывёлу. А з гэтым, аказваецца, ёсць праблемы.
— Я прыняў СПК у верасні мінулага года, а кармоў ледзьве хапіла да студзеня. Прыйшлося дакупляць у Лунінецкім раёне, а гэта — дадатковыя выдаткі. Грошай у калгаса няма, таму разлічваліся скацінай, хаця нам трэба павялічваць пагалоўе, — абураецца старшыня. — І гэта пры тым, што пасяўныя плошчы дазваляюць нам нарыхтоўваць кармы ў неабходных аб’ёмах. У Любашава, дзе я працаваў раней, угоддзяў на трыста гектараў менш. Але кармоў там заўжды нарыхтоўваюць на паўтара года! Чаму ў нас не атрымліваецца? Зямлю запусцілі, месцамі нават кусты растуць. Меліярацыйныя каналы таксама недагледжаныя. А калі я ўпершыню пабачыў фермы, дык нават не ведаў, што рабіць. Туды трэба жывёлу ставіць, а яны — усе перакошаныя...

Вяскоўцам надакучыла сядзець без працы

Сёння ў падначаленні Сяргея Бувакі працуюць 87 чалавек. Многія з іх намнога старэйшыя за шэфа, але ніякіх цяжкасцей гэта не выклікае. Тым больш што і непадобны Мікалаіч (так завуць Сяргея некаторыя вяскоўцы) на юнака — высокі, магутны. Калі трэба, можа і жорстка пагаварыць. У самым пачатку работы ўсякае здаралася.
— Многія пілі, прычым нават не хаваліся. З кімсьці я гутарыў, а з адной фермы прыйшлося звольніць ажно пяцярых чалавек! І вось што цікава: тыя, хто застаўся, зараз без праблем спраўляюцца з даручанай справай. Мне здаецца, вяскоўцам надакучыла гібець у беднаце. Яны жадаюць нармальна працаваць, зарабляць.
На шчасце маладога кіраўніка, сярод яго падначаленых ёсць таленавітыя людзі, якія дапамагаюць вырашаць, здавалася б, невырашальныя задачы. Напрыклад, з той жа тэхнікай. Крэдыт на новыя машыны і трактары гаспадарка атрымаць не можа, бо яна лічыцца некрэдытаплацежнай. Але ж на чымсьці працаваць трэба...
— У меня працуе Аляксандр Хандрыка, дык што ён толькі не робіць! Сам загрузчык насення сабраў, прыцэп, змайстраваў агрэгат для ўнясення ўгнаенняў з падручных матэрыялаў...

Кожны дзень Сяргей ездзіць на працу з вёскі Любашава — гэта сорак кіламетраў ад Чудзіна. Дома яго чакае цяжарная жонка. Нягледзячы на гэта, малады кіраўнік амаль усяго сябе прысвячае калгасным клопатам. А раптам з гэтага штосьці атрымаецца?
У райвыканкаме сваім стаўленікам пакуль што задаволены.
— Некаторы прагрэс ужо ёсць, — кажа Юрый Лелес. — Людзі змянілі адносіны да працы. На палях і мехдвары наводзіцца парадак. У гэтым годзе як ніколі тэхніка СПК “Лань” прайшла без асаблівых праблем тэхагляд. Здаецца, справа зрушылася з мёртвай кропкі...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter