Неожиданное и жуткое - так восприняли жители моей тихой и дружелюбной деревни Пешки Березовского района начало войны

Чорныя крыжы ў небе

І цяпер, аж праз 80 гадоў, паўстае перада мной той сонечны чэрвеньскі дзень. Наша вёска незвычайна ўзрушана, на вуліцы шматлюдна. З хат выйшлі і дарослыя, і дзеці, нават нямоглыя старыя, каго трымаюць ногі. Усюды чуваць: вайна, вайна, вайна, людзі рэагуюць на такую страшную вестку па-рознаму. Але больш — трывожна, хаця і не ўсе вераць у такія чуткі. «Ах, божачка, няўжо вайна», — перагаворваюцца жанчыны.


— Якая там вайна, — разважае адзін мужык. — Пра яе ўжо гавораць даўно і часта, а ў нашых Пешках, самі бачыце, ціха. І ў Бярозе таксама.

— Кажуць, немец знянацку напаў на Савецкі Саюз…

— Так ужо і напаў, так яго і прапусціць Чырвоная армія. Мо, больш панікі, чым таго немца.

— Ды ў Брэсце немец, — гне сваё мужык. — Там, даходзяць чуткі, многае разбурана, пажары. Немец нават і крэпасць захапіў.

— Няўжо ў Брэсце? Гэта ж недалёка ад нас. Калі праўда, дык немец, можа, хутка і ў нашых Пешках з’явіцца.

Ці ўстаіць Брэсцкая крэпасць

Страх усё больш ахоплівае людзей. Ад Брэста да Пешак усяго каля сотні кіламетраў, і калі немцы без перашкод рушаць у наш бок, дык чакай самага горшага. Не вераць пешкаўцы ў такое. Проста не хочуць верыць, хапаюцца за любую, самую маленькую па­дзею, каб пачутае было няпраўдай, проста выдумкі нядобрых людзей…

Вельмі ўважліва слухаюць нашага дзядзьку Васіля Юдчыца, роднага брата нашай маці. Яго называюць па-вясковаму Ваціля. Дзядзьку давялося быць у той самай Брэсцкай крэпасці, і зараз, з удзячным яму пачуццём пераканання, катэгарычна сцвярджае:

— Каб немец ды захапіў Брэсцкую крэпасць? Хлусня гэта поўная, і не верце ёй. Слухайце, што я скажу. Я ж быў у крэпасці, добра агледзеў яе. Ох і моцная, таўшчэзныя сцены, пад зямлёй столькі розных памяшканняў, хадоў, з польскага боку шырокая рака, і як немцы маглі непрыкметна пераправіцца? Іх адразу пасякуць з кулямётаў чырвонаармейцы. У крэпасці многа нашага войска, рознай ваеннай тэхнікі, зброі, бачыў я сваімі вачыма. Не па зубах крэпасць немцу, хай толькі палезе…

Чырвонаармейская сіла

— А калі ўсё ж немец у Брэсце прарваўся і рухае далей? Што тады будзе?

— Яго затрымаюць чырвонаармейцы. Іх многа ў розных мясцовых гарадах, у тым ліку і ў нашай Бярозе. Мы ж самі бачылі, якая вялікая сіла рухалася па нашых дарогах на захад у верасні 1939-га, калі адсюль уцякалі польскія паны.

— І танкі, і гарматы, і розная машыны. А самалёты? Цэлыя аэрадромы іх цяпер у Брэсцкай вобласці.

— А колькі тады прыйшло для нас чырвонаармейскай пяхоты.

— Ды ўсяго ёсць многа, каб затрымаць немца. Толькі і ён не дурань, каб пайсці на Савецкі Саюз без танкаў і самалётаў. Ох і нялёгка будзе нашым.

Вяскоўцы разыходяцца, бо ў іх шмат тэрміновай работы. Жанчыны спяшаліся на свае палеткі, каб хутчэй прапалоць бульбу, а то загубіць яе дзікае пустазелле. На агародах трэба даглядаць агуркі, буракі, моркву, капусту… Мужыкоў чакалі сенажаці…

Абрынуўся страшны гул

Аднойчы нечакана адбылося ўвогуле нешта жахлівае і незразумелае. Раптоўна на вёску абрынуўся нейкі дзікі гул. Людзі выбеглі з хат паглядзець, што робіцца на вуліцы. Можа, немцы ўварваліся на машынах у Пешкі. Ды не. Гул даносіўся з неба. Мы глядзелі ўверх і жахнуліся: там ляцелі самалёты. Канешне, нямецкія, бо трымалі кірунак на ўсход.

80 гадоў мінула з той пары, а быццам і цяпер бачу неба над Пешкамі, у якім многа-многа самалётаў. Жахлівае відовішча скаланула нас усіх, мы стаім, быццам знямелыя, і не можам адвесці свае позіркі ад неба. Самалёты здаюцца нам чорнымі крыжамі. Мноства крыжоў над самымі Пешкамі перакрэслілі летнюю сінь. Нават засланяюць сонца. Неба раскалолася ад страшэннага гулу, ён запоўніў усё наваколле — лясы, палі, лугі, сатрасае вёску. Дзеці спалохана плачуць, туляцца да сваіх маці. Тыя цягнуць малых у хату: «Схаваемся, каб не бачыць самалётаў, і не будзе так страшна».

— Колькі ж у немца гэтых самалётаў — поўнае неба, — здзіўляюцца жанчыны. —Цяжка нашым салдацікам іх затрымаць.

— Ляцяць нешта бамбіць. Мо, нашу Бярозу, мо, іншыя гарады. Гэта ж пекла там будзе...


Пра гэта мы тады не ведалі

А самалёты ляцяць і ляцяць, і гул не сціхае. Здаецца, уздрыгвае зямля, спахмурнела вёска, агароды, сады. Усё паглынуў суцэльны гул, і не было ад яго паратунку…

— Дык што ніхто гэтыя нямецкія самалёты не збівае? А дзе ж нашы лётчыкі? — здзіўляюцца некаторыя людзі.

— Можа, яшчэ не паспелі ўзляцець са сваіх аэрадромаў. Трэба пачакаць і паглядзець, што будзе далей.

— Канешне, пачакаем. Даходзілі чуткі, што немец разбамбіў нашы аэрадромы. Няўжо ўсе…

Зразумела, пешкаўцы тады не ведалі, што адбылося на нашых аэрадромах, якія знаходзіліся на заходняй тэрыторыі Савецкага Саюза. Вось пра што сведчаць афіцыйныя лічбы. Раніцай 22 чэрвеня тысячы фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў з чорнай свастыкай на крылах уварваліся ў паветраную прастору СССР. Яны зрабілі варварскія налёты на многія гарады прыбалтыйскіх рэспублік, Беларусі, Украіны і Малдавіі. Асабліва моцныя ўдары былі нанесены па аэрадромах, дзе знаходзіліся баявыя самалёты. У выніку наша авіяцыя страціла 22 чэрвеня каля 900 самалётаў толькі на зямлі. Ні маглі ведаць пешкаўцы і пра бессмяротныя подзвігі савецкіх лётчыкаў у жудасна цяжкі дзень 22 чэрвеня. Між тым у першы дзень вайны чатыры савецкія лётчыкі прымянілі паветраныя тараны. Але вернемся ў Пешкі.

Наш самалёт збілі

Раптам мы бачым: у небе, як раз над лясным урочышчам Шлях-Пушча, пацягнуўся шлейф дыму. Не разумеем, што гэта такое. І тут жа каля гэтага шлейфу ўзнік нейкі белы клубок, які хутка спускаецца ўніз…

— Гарыць падбіты самалёт, а лётчык спускаецца на парашуце, — узрушана тлумачыць адзін мужык. — Ну ясна, што самалёт наш, не будуць жа немцы збіваць саміх сябе. Вось бяда. Няўжо сюды прыляцеў толькі гэты адзін наш самалёт, куды яму супраць такой нямецкай зграі…

Мы стаім панурыя і ў глыбокім роспачы. Ад нашай вёскі да той Шлях-Пушчы напрамую кіламетры два. І мы добра бачым, што там адбываецца. Шлейф дыму яшчэ трымаецца ў небе, а белы клубок знік…

— Усё, капец нашаму самалёту, — цяжка ўздыхае той самы мужык. — Каб хаця лётчык выратаваўся. Можа, і пашанцуе, ён жа апускаўся якраз у лес. Давайце, браткі, самыя дужыя і спрытныя, пабяжым хутчэй у Шлях-Пушчу. Можа, знойдзем нашага лётчыка, яму, пэўна, трэба дапамога…

Лётчык выратаваўся

І пешкаўцы, і мужыкі з іншых вёсак побач са Шлях-Пушчай прачасалі лес, але дарэмна. Знік лётчык, і ўсё. А на месцы, куды ўпаў і ўзарваўся збіты савецкі самалёт, была вялікая яма з разарванымі краямі, паламаныя дрэвы. Толькі праз некаторы час у Пешкі дайшлі чуткі, што аднойчы на лясным хутары з’явіўся знясілены чалавек. Ён растлумачыў, што савецкі лётчык са збітага самалёта, папрасіў цывільнага адзення, бо хоча прабірацца на ўсход да сваіх. Вельмі ўзрадавала маіх вяскоўцаў гэтая чутка, значыць, выратаваўся той лётчык. На жаль, які яго далейшы лёс, невядома.

Што ж датычыцца збітага над Шлях-Пушчай савецкага самалёта, дык у наш час вяліся сур’ёзныя пошукі, каб высветліць, адкуль той экіпаж. Невядомае стала вядомым, у гэтым пошуку актыўна ўдзельнічаў настаўнік з Пешак Васіль Юдчыц, родны брат журналіста Андрэя Юдчыца, які доўгі час працаваў у рэдакцыі «Сельской газеты». Вельмі цікавая і хвалюючая гісторыя, але ж гэта асобная тэма, я да яе вярнуся, бо Васіль Юдчыц, дзякуй богу, жывы, яму сто першы год.

А ў той дзень, калі над Пешкамі праляцела армада нямецкіх самалётаў, мы зразумелі: вайна ўжо прыйшла да нас. Яна падала свой страшны голас з неба. Хутка немцы з’явяцца ў навакольных вёсках, у нашых Пешках. Мы са страхам чакалі, што ж будзе далей, як жыць у вайну.

Што сказаў Пётр Гаўрылаў

У нашым жыцці часам адбываецца неверагоднае. Тыя расказы пешкаўскіх мужыкоў пра Брэсцкую крэпасць у першыя дні вайны мелі свой працяг праз 30 гадоў. 25 верасня 1971-га быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Мне пашчасціла ўдзельнічаць ва ўрачыстых мерапрыемствах. Я тады працаваў уласным карэспандэнтам газеты «Известия» па Беларусі. І вельмі ўзрадаваўся, калі атрымаў запрашэнне Брэсцкага абкама партыі прыехаць у крэпасць. Мяне прасілі расказаць пра надзвычай важную падзею ў самай папулярнай у Савецкім Саюзе газеце, шырока вядомай і за мяжой, паколькі мела шматмільённы тыраж.

Тады я пазнаёміўся з легендарным абаронцам Брэсцкай крэпасці Героем Савецкага Саюза Пятром Гаўрылавым. Падоўгу гутарыў з ім непасрэдна ў самой цытадэлі. Канешне, успомніў, як у першыя дні вайны мае землякі шмат гаварылі пра Брэсцкую крэпасць, прагна лавілі кожную, хоть маленькую вестачку пра яе абаронцаў. Я і не чакаў, што Пётр Міхайлавіч так зацікавіцца маімі ўспамінамі, будзе многае перапытваць і ўдакладняць.

— Слухаю вас і хачу зразумець: ці верылі вашы землякі ў нас, абаронцаў крэпасці? — спытаўся Пётр Міхайлавіч і строга глядзеў на мяне.

— Яны хацелі верыць, нягледзячы на тое, што ў першыя дні вайны мы ў сваёй вёсцы надта мала ведалі, што робіцца ў крэпасці.

— Ну што ж, адны хацелі верыць, другія верылі, — сказаў Гаўрылаў. — Мелі рацыю ўсе, і гэта для нас, у тым ліку і для мяне, цяпер надзвычай важна, мы не падвялі вашых вяскоўцаў: абароны Брэсцкай крэпасці ў ёй назаўседы…

Міхаіл ШЫМАНСКІ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter