Замок, видеокамера, GPS-трекер: как еще можно защитить велосипед от кражи

Чорныя байкі

Трэнд на здаровы спосаб жыцця прывёў да росту попыту на веласіпеды. Каб зэканоміць, многія адпраўляюцца за пакупкай на рынкі. Байкаў з пазнакай «б/к» там хоць адбаўляй. Аднак далёка не ўсе яны з чыстай біяграфіяй. Скупка і продаж крадзеных веласіпедаў даўно сталі справай досыць прыбытковай, таму жадаючых падзарабіць хапае. Ледзь міліцыя зловіць за руку адных прадстаўнікоў такога крымінальнага бізнесу, як на іх месцы з’яўляюцца новыя. Карэспандэнт «Р» даведалася, дзе зламыснікі збываюць крадзенае і як уберагчыся ад такой пакупкі.

У пад’ездзе шматпавярховага дома на вуліцы Бярозагорскай у Мінску пераконваемся, што пры жаданні выкрасці веласіпед сёння нескладана.

Веламаны

Каб не заносіць веласіпед у кватэру, многія пакідаюць яго без нагляду ў пад’ездзе. «У нас усе свае», — думаюць жыхары шматкватэрных дамоў. Аднак згодна са статыстыкай прыкладна ў палове выпадкаў веласіпеды выкрадалі менавіта з пад’ездаў. Зрабіць гэта можна за лічаныя секунды. Нават камеры відэаназірання не выратуюць. Зайшоў, перакусіў пасатыжамі замок, і памінай як звалі. Бестурботнасць саміх велаўладальнікаў толькі на руку зладзеям: хтосьці стрыножвае велік тонкім тросавым замком, а хтосьці і так не робіць.

Заходзім у пад’езд шматпавярховага дома № 8 на вуліцы Бярозагорскай у Мінску і пераконваемся, што пры жаданні выкрасці веласіпед нескладана.

— Мінулым летам з гэтага пад’езда «зрабілі колы» веласіпеду Aist. Прычым за тыдзень да інцыдэнту ўчастковы інспектар папярэджваў уладальніка, што пад’езд — небяспечнае месца для захоўвання транспарту, старшы оперупаўнаважаны Кастрычніцкага РУУС Мінска Максім Вязовіч правярае, як справы ідуць зараз.

Унутры карціна тая ж: уздоўж сцяны прыпаркаваны ў рад чатыры дарослыя веласіпеды і пяць дзіцячых. Бяры не хачу! Тут жа стаяць каляска і два самакаты. Дарэчы, звычайна крадуць дарослыя мадэлі. У зладзеяў з 1990-х застаўся прынцып: дзіцячае не браць. Мы зазірнулі яшчэ ў два пад’езды, і там сітуацыя нічым не адрознівалася.

Максім ВЯЗОВІЧ аглядае прыпаркаваныя ўздоўж сцяны веласіпеды.

Логіка веласіпедыстаў зразумелая. Па-першае, не кожнаму пад сілу зацягнуць веласіпед на паверх. Па-другое, не ўсім хочацца заносіць брудны байк у кватэру. Добрае рашэнне праблемы знайшлі ў новых жылых комплексах, у тым ліку ў «Зялёных Горках» у Сеніцы. Там пабудавалі крытую велапаркоўку, абсталяваную сістэмай відэаназірання.

— Замок таксама павінен быць якасным. Тонкія тросавыя лепш не бярыце. Іх лёгка перакусіць. Блакатары колаў — абарона спрэчная. Злодзей не зможа паехаць на веласіпедзе, але зможа вынесці яго ў руках, — зыходзячы з вопыту расследавання велакрадзяжоў раіць начальнік аддзела крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС Мінска Канстанцін Блажэй. — Бярыце замкі-падковы, з якімі звычайным кусачкам не справіцца. Ёсць яшчэ самаробныя замкі, дзе злучаны сталёвы ланцуг з простым замком. З прыстасаваннямі такога плана зладзеі працаваць не любяць.

Для вопытных велазгоншчыкаў і добры замок не перашкода, калі вы павесілі яго на кола ці сядло, якія можна проста адкруціць. Таму звярніце ўвагу на GPS-трэкер, яго можна зашыць у раму ці руль і заўсёды ведаць месцазнаходжанне свайго байка.

Расставілі прыярытэты

Часцей за ўсё ў зводках згадваюцца веласіпеды Stels і Mongoose, бо гэта самыя распаўсюджаныя маркі. Дарагія байкі ў зводкі трапляюць рэдка. Аддаўшы за жалезнага сябра тысячу долараў, уладальнік яго ў пад’ездзе без нагляду дакладна не кіне. Увогуле, затрыманыя зладзеі тлумачаць, што прыярытэтаў сярод фірм і мадэляў у іх няма. Што ўдалося вызваліць ад замка, тое і пацягнуў. І няважна, гэта дарагая Merida ці бюджэтны Aist.

Тонкія тросавыя замкі лепш не бярыце. Іх лёгка перакусіць.

Скласці партрэт сярэднестатыстычнага веласіпеднага злодзея нерэальна. На крадзяжы двухколавага транспарту трапляюцца падлеткі і студэнты, злачынцы, якія выйшлі на волю, алкаголікі і наркаманы. Канстанцін Блажэй кажа, што часам крадуць нават тыя, у каго першапачаткова і намеру такога не было, і ў пацвярджэнне сваіх слоў прыводзіць прыклад:

— Сёння пацярпелы прынёс заяву аб крадзяжы самаката. Сталі разбірацца. Аказалася, хлопец пакінуў яго ў тамбуры крамы і нават не прышпіліў. Момант крадзяжу трапіў на камеру відэаназірання. Адзін з пакупнікоў на выхадзе схапіў самакат і ўцёк. Але самакаты крадуць рэдка. Уладальнікі не пакідаюць іх у пад’ездзе, бо іх захоўваць прасцей: склаў і паставіў у шафу ці на балкон.

І так бывае

Часам украдзеныя веласіпеды знаходзяць самым незвычайным чынам. Аднойчы на 102 патэлефанаваў мужчына і паведаміў, што яго веласіпед выкралі з пад’езда. Назаўтра пацярпелы знайшоў прапажу на звыклым месцы. Пазней высветлілася, што зладзеяў па дарозе з месца злачынства спыніў экіпаж ДАІ для стандартнай праверкі дакументаў. Арыенціроўкі аб крадзяжы на той момант яшчэ не было. Але інспектары перапісалі імёны падазроных веласіпедыстаў і серыйныя нумары іх байкаў. Спалохаўшыся, велазладзеі ноччу вярнулі байк на месца. Дарэчы, за крадзеж двухколавага транспарту можна трапіць у турму на цэлыя тры гады. Пакаранне да чатырох гадоў пазбаўлення волі прадугледжана ў тым выпадку, калі крадзеж здзейснены паўторна ці групай асоб.

Супрацоўнікі аддзела крымі­нальнага вышуку ведаюць шмат пацешных гісторый, калі ў момант крадзяжу нешта ідзе не па плане. Так, мінулым летам веласіпедны злодзей заснуў падчас злачынства. Яго затрымаў сам пацярпелы. Справа адбывалася ў адной з хрушчовак на вуліцы Кіжаватава. Мужчына з сынам вяртаўся дадому і ля пад’езда сутыкнуўся з чалавекам, які выносіў ягоны байк, што стаяў на лесвічнай пляцоўцы пятага паверха. Гаспадар спытаў, куды незнаёмец накіроўваецца з транспартам, на што атрымаў адказ: «На дыягностыку». Пацярпелы выхапіў з рук злачынца свой байк. Ад нечаканасці злодзей страціў раўнавагу і ўпаў. Калі прыехалі міліцыя і «хуткая», медыкі ўстанавілі, што мужчына моцна спіць. У міліцыі высветлілі, што раней ён неаднаразова судзімы за крадзяжы.

У актыўным пошуку

Крадзенае разыходзіцца рознымі шляхамі. Часцей за ўсё байкі з цёмным мінулым крыміналітэт за паўцаны скідвае на інтэрнэт-барахолках. Часам крадзеныя веласіпеды партыямі вязуць на продаж у Расію. Бывалі выпадкі, калі гараджане самі знаходзілі свае байкі ў інтэрнэце ў раздзеле «Прадаю». Крадзены тавар вязуць і на рынкі. Ніякіх дакументаў пры куплі, зразумела, няма. Адгаворка адна — страціў. А між тым менавіта гэтыя дакументы — гарантыя бяспекі. У іх паказаны серыйны заводскі нумар транспартнага сродку. Па гэтай маркіроўцы можна прабіць легальнасць байка.

Канстанцін Блажэй даў рэка­мендацыі, як не нарвацца на крадзены тавар:

— У кожнага веласіпеда ёсць серыйны нумар. Калі мы знаходзім крадзены байк, то заносім яго серыйны нумар у базу. Так уладальнік зможа яго знайсці. Серыйны нумар звычайна знаходзіцца на раме пад педалямі. Пры продажы ён не заўсёды фіксуецца ў дакументах, таму нават калі ў пацярпелага ёсць усе чэкі і квітанцыі, унесці серыйны нумар у базу зніклых веласіпедаў мы не можам. З гэтай жа прычыны, знайшоўшы выкрадзены байк, нам складана знайсці яго законнага ўладальніка. Як быць? Зазірніце пад веласіпедную раму і запішыце ў нататнік ці гарантыйны талон серыйны нумар вашага байка. Так яго хутчэй знойдуць у выпадку выкрадання.

У інтэрнэце можна знайсці базу выкрадзеных веласіпедаў, па якой перад набыццём б/к тавару можна праверыць па серыйным нумары, ці лічыцца ён украдзенным. Калі вы ўсё ж купілі выкрадзены байк, не ведаючы пра гэта, то міліцыя верне яго законнаму ўладальніку. На такі выпадак захоўвайце кантактную інфармацыю прадаўца. Як правіла, перакупшчыкі крадзенага не любяць падымаць шум і ў такіх сітуацыях вяртаюць грошы пакупніку.

Калі з якіх-небудзь прычын серыйны нумар на веласіпедзе адсутнічае, то Канстанцін Блажэй настойліва рэкамендуе зрабіць выразныя здымкі вашага байка. Пры адсутнасці маркіроўкі цяжка ідэнтыфікаваць, што гэты байк быў выкрадзены менавіта ў вас. Даказаць гэта дапамогуць фатаграфіі, на якіх праглядаюцца асаблівыя драпіны, сколы, налепкі, аэраграфія і іншыя ўнікальныя асаблівасці.

Крыміналітэт, канешне ж, ведае, дзе знаходзіцца серыйны нумар, здымае яго наждачкай і зафарбоўвае. Таму наносьце свае маркіроўкі туды, дзе злачынцам і ў галаву не прыйдзе іх шукаць. Шанц знайсці ўкрадзены байк без іншых апазнавальных знакаў зусім невялікі. Зладзеі амаль заўсёды збываюць байкі незнаёмым людзям. Шукаць іх у горадзе з насельніцтвам амаль два мільёны ўсё роўна што іголку ў стозе сена.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter