Чорны квадрат i чырвоны круг

Нягледзячы на тое што асфальт пад палаючым сонцам пацiху ператвараецца ў масла, а смагу проста немагчыма наталiць, на адкрыццi выставы “Графiка рускага авангарда” ў Нацыянальным музеі гiсторыi i культуры Беларусi публiкi было шмат.

I гэта растлумачыць нескладана: творчасць рускiх авангардыстаў заўсёды выклiкае цiкавасць, заварожвае кожнай лiнiяй, штрыхом.
— Гэта выстава, якая будзе працаваць увесь лiпень, трэцяя ў рамках праекта “Салон рускага авангарда” i цалкам прысвечана графiчнай спадчыне Аляксандры Экстэр i Iвана Клюна, — адзначае дырэктар Нацыянальнага музея гiсторыi i культуры Беларусi Пётр Хацько. — Работы — з прыватнай калекцыi Леанiда Закса.
Iван Клюн працаваў у розных стылях: кубафутурызм, супрэматызм. Вялiкi ўплыў на яго творчасць аказала знаёмства з Казiмiрам Малевiчам. Таму нядзiўна бачыць на выставе загадкавы чырвоны круг з жоўтым уключэннем. Ён быццам цэнтр Сусвету, пачатак жыцця на Зямлi.
Iван Клюн — жывапiсец вiцебскай школы, а гэта i рамантызм, i мiстыка, i перапляценне колераў, за што яго празвалi рускiм Пiкаса.
Аляксандра Экстэр — адна з самых знакамiтых прадстаўнiц рускага авангарда пачатку ХХ стагоддзя. Яна займалася жывапiсам, станковай i кнiжнай графiкай, прыкладным мастацтвам, а таксама канструктывiсцкiм касцюмам i вырашэннем сцэны. На выставе ёсць яе накiды касцюмаў чатырох рыцараў да балета Кёльнскай оперы “Дон Жуан у пекле”. Музейны аналаг гэтай працы — трохфiгурная кампазiцыя да гэтага ж балета — захоўваецца ў музеi Цiссена-Барнэмiса ў Мадрыдзе.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter