Чорная ікра перастала быць заморскай. Сёлетняй вясной новалукомскі рыбгас ажыццявіў першую пробную пастаўку далікатэсу беларускай вытворчасці.

Да гэтай пары Новалукомль быў вядомы ў нашай краіне і за яе межамі выключна як горад энергетыкаў (тут знаходзіцца флагман беларускай энергетыкі — Лукомская электрастанцыя). Аднак у красавіку пра гэта месца на зямлі загаварылі зусім з іншай нагоды: менавіта тут у рыбгасе “Новалукомскі” атрымалі такі рэдкі і дарагі далікатэс, як чорная ікра асятровых рыб. На мінулым тыдні ўжо была зроблена першая пастаўка: пробная партыя (тры кілаграмы) адправілася ў Брэст на “Санта-Брэмар”. Астатнія ж два дзесяткі кілаграмаў прадпрыемства выкарыстала для атрымання рыбы са сваёй ікры.

Да гэтай пары Новалукомль быў вядомы ў нашай краіне і за яе межамі выключна як горад энергетыкаў (тут знаходзіцца флагман беларускай энергетыкі — Лукомская электрастанцыя). Аднак у красавіку пра гэта месца на зямлі загаварылі зусім з іншай нагоды: менавіта тут у рыбгасе “Новалукомскі” атрымалі такі рэдкі і дарагі далікатэс, як чорная ікра асятровых рыб. На мінулым тыдні ўжо была зроблена першая пастаўка: пробная партыя (тры кілаграмы) адправілася ў Брэст на “Санта-Брэмар”. Астатнія ж два дзесяткі кілаграмаў прадпрыемства выкарыстала для атрымання рыбы са сваёй ікры.

Першыя крокі

Агульнавядома, што асноўным месцам сусветнай здабычы гэтага далікатэсу з’яўляецца Каспійскае мора.
Ініцыятыва завезці ў Новалукомль асятровых рыб зыходзіла ад намесніка дырэктара ўчастка рыбгаса “Новалукомскі” РУП Чашніцкай ПМК Эдуарда Пачко. Так, пяць гадоў таму ў Цвярской вобласці закупілі дзве тоны сцерлядзі, ленскага асятра і бесцера (гібрыд бялугі і сцерлядзі). Дарэчы, асятровыя — самыя старажытныя віды рыб пасля акул, ім мільёны гадоў.
Што ж датычыцца здабычы далікатэсу і яго пастаўкі, то гэта ідэя належыць спецыялістам дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы. Яны зразумелі: калі ўсю асятровую ікру адпраўляць толькі на інкубацыю, то неўзабаве воднай плошчы гаспадаркі (гэта 300 гектараў) проста не хопіць для ўсіх рыб, нават калі пастаўляць лічынку для вытворчасці каштоўных відаў рыб іншым гаспадаркам.
Атрымаўшы карысную параду і падтрымку ў дэпартаменце па меліярацыі і воднай гаспадарцы, Эдуард Пачко разам са сваёй камандай (гэта 45 супрацоўнікаў) пачаў рэалізоўваць грандыёзную задумку па атрыманню беларускай чорнай ікры.
— Раней у нашай краіне наогул не рыхтавалі іхтыёлагаў. Толькі некалькі гадоў таму ў Горках на базе мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі адкрыўся факультэт прамысловага рыбалоўства, і сёлета да нас на працу нарэшце прыедзе яго першы выпускнік, — уводзіць у курс справы Эдуард Паўлавіч.
У час нашага знаёмства высветлілася, што працаваць у рыбнай прамысловасці ён марыў з дзяцінства, бо нарадзіўся на Століншчыне, на рацэ Гарынь. На яе беразе хлопец ахвотна сядзеў з вудай і не раз мог пахваліцца ўдалым уловам — аднойчы злавіў сазана вагой пад 20 кілаграмаў.
Эдуард Пачко не засмучаецца, што рэалізаваць сваю мару яму ўдалося не ў родным раёне, а ў Чашніцкім. Гэтаму ёсць сваё тлумачэнне. Яшчэ ў савецкія часы на новалукомскім канале вырошчвалі таварнага карпа — да тысячы тон у год. Аднак пасля развалу Саюза гэтая справа стала нерэнтабельнай, вытворчасць спынілі, а пяць гадоў таму ў горадзе энергетыкаў зноў па-сапраўднаму заняліся рыбнай прамысловасцю.
— У Новалукомлі ўсё быццам створана для развядзення рыбы: садковы комплекс знаходзіцца якраз на канале, куды скідваюць падагрэтую ваду (зразумела, ачышчаную праз фільтры) з Лукомскай электрастанцыі, — расказвае Эдуард Пачко. — Мала хто ведае, што, каб даспела ікра, тэмпература вады павінна быць 15 градусаў цяпла. Дзякуючы камфортнаму асяроддзю рыба добра размнажаецца. Нездарма нам удалося стварыць буйнейшае ў краіне матачнае пагалоўе каштоўных відаў рыбы.

Чаму сцерлядзь апярэдзіла асятра?

Рыбгас “Новалукомскі” толькі набірае абароты ў новай для сябе справе, таму пакуль што ён не атрымлівае дывідэндаў ад ікорнага бізнесу, а толькі ўкладвае грошы.
— Асноўныя затраты ідуць на камбікорм, які нам даводзіцца набываць у Польшчы, Германіі, Фінляндыі. У гэтых краінах ён каштуе 1,5 еўра за кілаграм, а ў год нам патрабуецца каля 100 тон камбікорму, — тлумачыць Эдуард Пачко.
 Улічваючы такія затраты, прыбытку ад ікры ў Новалукомлі не чакаюць раней 2012 года. Справа ў тым, што яе могуць даць 1,7 тысячы асятровых рыбін, але пакуль што гэта зрабілі толькі 150.
— Сёлета і ў наступным годзе ікру дае толькі сцерлядзь, якая даспявае раней за астатнія віды (звычайна ва ўзросце 4—5 гадоў), — расказвае Эдуард Паўлавіч. — Менавіта таму асноўную партыю чорнай ікры (не менш як 300 кілаграмаў, а пры добрым зыходзе 450) плануем паставіць толькі праз два гады, калі яе пачнуць даваць яшчэ і ленскі асетр, і бесцер.
Цікава, што заморскі далікатэс рыба дае толькі вясной. Ікру атрымліваюць метадам своеасаблівага “кесарава сячэння”: скальпелем надразаюцца мяшочкі, дзе яна знаходзіцца. Пры гэтым “цяжарную” трымаюць тры чалавекі, каб аперацыя прайшла ўдала. Пасля “родаў”, на якія затрачваецца каля 5 хвілін, рыбіна спакойна працягвае жыць і яшчэ некалькі дзесяткаў разоў дае ікру.
— Сцерлядзь можа даваць ікру кожны год, ленскі асетр — раз у два-тры гады. Затое яго ікра большая ў два разы — 5 міліметраў ў дыяметры. У сярэднім адна сцерлядзь вагой 3 кілаграмы дае 200 грамаў чорнай ікры, але ў нас ужо быў выпадак, калі атрымалася 600 грамаў, — з гонарам кажа Эдуард Пачко.

Далікатэс стане больш даступным?

Згодна з прагнозамі, ікра, атрыманая ў Беларусі, будзе каштаваць танней, чым заморская, а значыць, стане больш даступнай для пакупнікоў. Пакуль жа статыстыка сцвярджае (спасылаемся на такую дакладную крыніцу, як Векіпедыя): з-за высокага кошту чорную ікру могуць набыць толькі пяць працэнтаў насельніцтва Зямлі.
— Сусветны кошт гэтага далікатэсу ў сярэднім — 800—1000 долараў за кілаграм у залежнасці ад якасці тавару. Мы ж прадалі сваю першую пробную партыю прыкладна напалову танней, — паведамляе Эдуард Пачко. — Пры гэтым якасць новалукомскай ікры добрая.
Напрыканцы нашай гутаркі Эдуард Паўлавіч паведаміў, што акрамя вытворчасці ікры ў участка рыбгаса “Новалукомскі” вялікія планы. Напрыклад, адладзіць тэхналогію пад кожны від рыбы, правесці рэканструкцыю садкоў, увесці ў строй цэх перапрацоўкі (доўгі час ён быў закансерваваны), каб штогод пастаўляць філе свежай рыбы, а таксама вяленай і халоднага вэнджання.
Па даручэнню губернатара Віцебскай вобласці Аляксандра Косінца, які нядаўна наведаў участак “Новалукомскі”, будзе распрацавана цэлая праграма развіцця рыбгаса і прадугледжана сістэма фінансавай падтрымкі вытворчасці рыбы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter