Сакрэты пісанак адкрылі майстры з Сапоцкіна ў Гродзенскім раёне

Чорна-белая пiсанка

Тое, што робяць у гродзенскім Сапоцкіне, Фабержэ і не снілася


Прастору майстэрні запаўняе мяккі і прыемны пах топленага воску. Майстра з гродзенскага пасёлка Сапоцкін Станіслава ЗМІТРОВІЧА (на здымку) застаю за ювелірнай, па-сутнасці, працай: на беласнежнай паверхні яйка Станіслаў Іванавіч малюе… кіпячым воскам. У асноўным выводзіць выявы сонца з промнямі. Па меркаванні мастака, галоўны велікодны пачастунак павінен сімвалізаваць вясну, новае жыццё. Чым жа яшчэ ўнікальны сапоцкінскія пісанкі — нематэрыяльная культурная каштоўнасць краіны?

Адна з самых вопытных майстрых Сапоцкіна Антаніна ЮРЧЭНЯ.

СТАРАЖЫТНЫЯ сакрэты роспісу велікодных яек многія стагоддзі працягваюць амаль што ва ўсіх сем’ях пасёлка. Тэхналогія, якой, як аказалася, можа авалодаць літаральна кожны, не вельмі працаёмкая і цяжкая, уводзіць у курс справы Станіслаў Іванавіч:

— Фабержэ такая тэхналогія і не снілася: мы выкарыстоўваем для роспісу толькі натуральныя матэрыялы: пчаліны воск, кару дубу, алешыны, іржавае жалеза (напрыклад, іржавыя цвікі). Каб навучыцца тэхніцы, патрэбны толькі адзін майстар-клас. Асабіста мне такі ўрок мусіў у свой час даць мой дзядзька Казімір Міхайлавіч. Так з 13 гадоў, калі рука падужэла, займаюся пісанкамі, хоць сам па адукацыі аграном (адпрацаваў па спецыяльнасці ў мясцовым калгасе 43 гады).

Для Станіслава Іванавіча кіпячы воск — гэта фарба для ўзораў. Яго наносіць спецыяльным самаробным прыстасаваннем — маленькім цвічком, прымайстраваным да невялічкага дрэўка.

Фарбаваць яйкі ў Сапоцкіне заўсёды пачынаюць перад Вялікднём з аўторка. Толькі ў пятніцу іх даводзяць “да бляску” і аддаюць усім, хто замовіў у майстроў. У суботу крашанкі нясуць у касцёл асвячаць. Пасля лічыцца, што іх можна есці. У нядзелю моладзь збіраецца групамі, гуляюць фарбаванымі яйкамі “ў біткі”. У каго вельмі крэпкае яйка, можа назбіраць іх цэлы кош. На другі дзень Вялікадня самыя прыгожыя яйкі разам з цукеркамі, пірагом і падарункам нясуць хроснікам. Па традыцыі моладзь можа дарыць пісанкі ў знак сімпатыі.

Дарэчы, Станіслаў Змітровіч і самая знакамітая з яго калег по пісанцы Антаніна Юрчэня з ахвотай перадаюць унікальную тэхналогію на разнастайных занятках і семінарах. У Антаніны Лук’янаўны свае парады наконт вырабу пісанкі: да прыкладу, замест цвічка на драўлянай палачцы яна прымацоўвае шпілечку, а дастае з фарбы яйка лыжкай з дзірачкамі, каб фарба сцякала. Але гэта нязначныя тэхнічныя тонкасці. Адметнасць сапоцкінскіх вядомых твораў мастацтва менавіта чорна-белы ўзор.

Асабліва ўражвае гэтая акалічнасць турыстаў, якія прыязджаюць павандраваць па Аўгустоўскім канале (ён праходзіць праз пасёлак). Іх перш за ўсё вязуць паказаць такую яскравую каштоўнасць нашай краіны, гаворыць дырэктар Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра Ганна Галубцова:

— Наша традыцыя жывая, займаюцца ў акрузе ёй 14 майстроў, Станіслаў Змітровіч і Антаніна Юрчэня — вяскоўцы-носьбіты, якім мы вельмі ўдзячны за тое, што яны захавалі тэхніку. Пісанка наша — цяпер ужо брэнд. Мы хутка адкрыем музей, прысвечаны ёй. Цырымонія адбудзецца 23 красавіка.

Цікава, што на культурнай карце Беларусі Сапоцкін выдаецца дзякуючы і яшчэ адной нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці — традыцыі стварэння і дэкарыравання велікодных вербаў. “Пальмы” (так на польскі манер называюць іх) таксама адметныя шматгадовай гісторыяй. Святочныя атрыбуты абавязкова плоскія, вышынёй каля 50 сантыметраў, робяцца абавязкова з трох галінак белай вярбы. Майстры выкарыстоўваюць для іх вырабу самыя разнастайныя па фактуры і пластыцы матэрыялы, напрыклад, каласы аўса і жыта, розныя травы (цімафееўку, мятліцу і іншыя).

Нароўні з травамі натуральнага прыроднага колеру, рознакаляровага сухацвету, якія вытворцы вербаў спецыяльна вырошчваюць, выкарыстоўваюцца расліны, афарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі (часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колеры). Але гэта цяпер. Раней жа традыцыйныя сапоцкінскія вербы аздаблялі галінкамі ядлоўцу і першацветамі, знойдзенымі ўвесну ў лесе. Маўляў, першыя фарбы прыроды лічыліся вешчунамі яе абуджэння, кажуць старажылы Сапоцкіна.

uskova@sb.by

Фота з архіва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter