Почему улицы стали опасным местом для детей?

Чорна-белая паласа «зебры»

Почему улицы стали опасным местом  для детей?
Упэўнена, што вы са мной пагадзіцеся. Няма нічога больш жудаснага, як страціць сваё дзіця. Яшчэ больш страшна, калі такое адбываецца па недарэчнасці. І калі дзіця ў гэтым не вінаватае.

Прайшоў ужо месяц, як дзятва села за парты, хлопчыкі і дзяўчынкі настроіліся на рабочы рытм, сталі больш спакойнымі. Ужо не носяцца, як напрыканцы жніўня, па дварах і вуліцах. Тады, у летні час, яны, нібыта ачмурэлыя, траплялі ў дарожна-транспартныя здарэнні. Але статыстыка няўмольная: на вулічных пераходах зноў гінуць дзеці. Вось у Гомелі 88-гадовы вадзіцель іншамаркі на нерэгулюемым пешаходным пераходзе збіў дзяўчынку. Яна, на шчасце, засталася жывая, але на вуліцу выйдзе не хутка, бо надоўга трапіла ў бальніцу. Нядаўна дарожна-транспартныя здарэнні, дзе пацярпелі дзеці, адбыліся таксама ў Лідзе, Пухавічах, Барана-вічах…

Падзялюся асабістым назіраннем. Так бы мовіць, што выпрабавана на сабе. Калі я іду ў магазін і задумаюся перад «зебрай» на пераходзе, дзе няма святлафора, машыны цярпліва чакаюць мяне. Часам нават бывае няёмка, што дзесьці там лунаю і такім чынам ствараю нязручнасці іншым. Але як бы там ні было, машыны не рухаюцца, пакуль я не апынуся на супрацьлеглым баку вуліцы. І размова не толькі пра мяне. Дзіця сваволіць на праезнай частцы, ледзьве клыпае нямоглы стары, не мае значэння: легкавікі стаяць. І гэта ў сталіцы, дзе машын шмат і тэмп жыцця вельмі напружаны. А што перашко-дзіла вадзіцелям прапусціць дзяцей у згаданых населеных пунктах?

Я яшчэ магу зразумець здарэнне з вельмі пажылым чалавекам: рэакцыя арганізма не тая, нямала хвароб. А іншыя? Нешта не чуваць, каб хтосьці ззаду тараніў іх аўто. Каб на «зебру» машыны нёс ураган ці восеньскі асфальт раптам стаў катком.

Праблема гібелі і траўміравання дзяцей на дорогах робіцца апошнім часам асабліва актуальнай. На гэта звяртаюць увагу спецыялісты. Яны праводзяць трэнінгі, выступаюць у школах і садках, развешваюць інфармацыю на сайтах. Але вуліца па-ранейшаму застаецца для малечы небяспечным месцам. Чаму? Гэта пытанне, зразумела ж, на заметцы ў спецыялістаў, і ў іх ёсць на яго адказ. І ў мяне напрошваюцца пэўныя (аматарскія) меркаванні на гэты конт.

Апошнім часам шмат гавораць пра невысокі ўзровень падрыхтоўкі вадзіцеляў. У аўташколах прайшлі праверкі, многае змянілася ў плане практычнага навучання, але вынікаў трэба яшчэ пачакаць. Другая бяда — мабільныя тэлефоны. Вадзіцель, які «чырыкае» па мабіле ці забаўляецца з гаджэтам у час кіравання машынай, — такіх прыкладаў колькі заўгодна. На гэткіх гаваруноў таксама звярнулі ўвагу, але кожнага ж не пракантралюеш. Яшчэ адна праблема — гэта стан машын. Рамонт каштуе нятанна, вось і не звяртаюць многія ўвагі на дробязі. А менавіта яны часта і становяцца прычынай трагедый. Ну і культура тых, хто садзіцца за руль. Ёсць нейкі феномен, калі чалавек «на колах» як бы ўзвышаецца над іншымі. Ён, маўляў, заслугоўвае павагі і ўвагі, і розныя там пешаходныя мурашы проста абавязаны найперш дбаць пра яго персону. Я, як вы разумееце, не кажу, што ўсе пешаходы белыя і пушыстыя, але ёсць жа гэткі сіндром пыхлівага вадзіцеля.

Ці мала як, скажаце, хтосьці жыве і цешыць сваё эга? Згодна, усё гэта было б неістотным, калі б не сумныя рэаліі на нашых дарогах.

Вера МІХЕЙКА, Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter