Чорна-белая магія ўзрушае

У штаб-кватэры ААН праходзіць выстава амерыканскага фотамайстра, яна прысвечана Беларусі
У штаб-кватэры ААН праходзіць выстава амерыканскага фотамайстра, яна прысвечана Беларусі.

Назва ў фотавыставы — “Беларусь: прамяні святла”. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі кіраўнікі дыпламатычных місій дзяржаў-удзельніц ААН, прадстаўнікі кіраўніцтва сакратарыята Арганізацыі, амерыканскай грамадскасці і беларускай дыяспары.

На выставе прадстаўлены работы амерыканскага фотамайстра Джона Кунстадтэра, якія былі зроблены ім за апошнія гады падчас шматлікіх вандраванняў па Беларусі.

Галоўны аб’ект увагі на чорна-белых мастацкіх фотаработах Джона Кунстадтэра, большасць з якіх зроблена ў жанры класічнага фотапартрэта і дарожных фотазамалёвак, — беларусы. Больш трох дзесяткаў разнапланавых па жанры і кампазіцыі фатаграфій злучаны адзіным памкненнем — перадаць святло душы, сціпласць і пачуццё чалавечай годнасці ў беларускіх дзяцей, старых, сельскіх працаўнікоў, якія сталі героямі фотаработ амерыканскага майстра.

Асаблівую ўвагу ў сваіх творах Джон Кунстадтэр надае асэнсаванню каранёў беларускай народнай культуры і традыцый, якія выразна праступаюць у самых звычайны жыццёвых абставінах.

Да таго, як Джон Кунстадтэр прафесійна заняўся мастацкай фатаграфіяй, ён быў дыпламатам. У паслужным дыпламатычным спісе Джона Кунстадтэра — работа ў 2000-2001 гадах намеснікам пасла ЗША у Беларусі.

Пра творчасць фатографа ведаюць у Беларусі — яго работы ўжо экспанаваліся ў выставачных залах у Мінску, Гродне і Паставах. А вось за межамі краіны фатаграфічны цыкл Джона Кунстадтэра выстаўляецца ўпершыню.

Вольга Касмачова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter