Член-карэспандэнт НАН Уладзімір Багінскі больш як паўвека займаецца вывучэннем беларускіх лясоў

Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Багінскі: «Хто не ведае свайго мінулага, той не мае будучыні»

З членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук прафесарам Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны Уладзімірам Багінскім мы пазнаёміліся ў Хойніках, на яго малой радзіме. Вучоны часта наведваецца ў дарагі сэрцу куток, дзе адмысловымі кавалямі і садаводамі былі яго продкі. Такога багатага саду, як у дзеда Мечыслава Францавіча, у наваколлі ні ў каго не было. Штовясны зацвітае каля драўлянай хаты высокая груша, якую дзядуля пасадзіў у год нараджэння ўнука Уладзіміра. Даўно тут іншыя гаспадары, але не забывае шлях да роднага парога вучоны-лесавод.


— Уладзімір Феліксавіч, што для вас значыць абвешчаны Прэзідэнтам Год гістарычнай памяці?

— Для кожнага чалавека ён значны. Моладзі больш раскажам, хто мы ёсць, асабліва звернем увагу на час ваеннага ліхалецця. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны, дзе апошнія дзесяць гадоў выкладаю будучым спецыялістам лясной гаспадаркі, заўсёды першы ўрок — урок памяці.

Нікому не шкодзіць ведаць свой радавод. Цікавыя звесткі знайшоў у архівах пра продкаў, дакапаўся да XVI стагоддзя. Абагульніў усё і напісаў кнігу для сямейнага чытання «Час і людзі». У ёй няпростая гісторыя майго роду.

— З якіх гадоў вы памятаеце сябе?

— З таго часу, як трохгадовым хлопчыкам перад пачаткам вайны дзядуля Мечыслаў Францавіч прывёз мяне з Масквы ў Хойнікі. Ён часта ўзгадваў пра перажытае. Рана асірацеў, выхоўвалі яго дзве нямецкія жанчыны, гаварылі з ім толькі па-свойму. Да васьмі гадоў, калі аддалі яго вучыцца садоўніцтву ў Кіеў, рускай мовы не ведаў. Вырас сярод чужых людзей і па волі лёсу трапіў на Палессе. Узяў у жонкі дачку хойніцкага каваля Адэльфіну. Пабудавалі ўласны драўляны дом, там і прайшло маё ваеннае дзяцінства.

— Што з тых далёкіх дзіцячых гадоў найбольш урэзалася ў памяць?

— Як летам у першы год вайны па нашай вуліцы загрукаталі нямецкія аўтамашыны, а людзі з вокнаў з-за закрытых фіранак назіралі за імі. У кузавах з аўтаматамі ў руках сядзелі маладыя, здаровыя немцы. У лясах вакол Хойнікаў пачыналі дзейнічаць партызаны, мой дзед падтрымліваў сувязь з атрадам імя Чапаева. Узнагароджаны медалямі «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені і «За баявыя заслугі». Мясцовых яўрэяў акупанты сагналі ў хойніцкае гета. Да нас на падворак прыбіўся яўрэйскі падлетак, і мая чуллівая бабуля Адэльфіна Цімафееўна хавала яго ў хляве. Аднойчы акупанты ўварваліся на двор і сталі патрабаваць сала, яйкі, лавіць курэй. Перапужаны хлопчык зашыўся ў сена, што ляжала ў хляве, але не паспеў прыбраць місачку з ежай. Убачылі яе немцы. Выцягнулі гаротніка, завялі за хлеў і сталі біць, называць іудай. Бабуля ўгаворвала, каб дзіця адпусцілі, тады нямец раззлаваўся і замахнуўся на яе. Яна кінулася наўцёкі, спатыкнулася і ўпала. Фашыст падбег і зноў замахнуўся. У гэты момант я так закрычаў, што няпрошаны госць аслупянеў. Бабуля ўскочыла і ўцякла, а хлопчыка вар'яты забілі. Такіх страшэнных момантаў шмат было за вайну.

Карнікі вешалі людзей на плошчы ў Хойніках. Тыя, хто бачыў гэта, па два-тры дні моўчкі хадзілі. У нашым доме звычайна вечарамі збіраліся суседзі, запальвалі лучыну: жанчыны пралі кудзелю, дзед кошыкі плёў. А пасля такіх відовішчаў на плошчы два-тры дні ніхто парог хаты не пераступаў. Потым людзі пачыналі адтайваць. Аднойчы фашысты за нейкую правіннасць вешалі паліцая. Суседкі расказвалі, як яго бацька кідаўся ў ногі, цалаваў нямецкаму афіцэру боты, прасіў памілаваць сына, але карнікі зрабілі сваю справу. Калі нашы войскі вызвалілі горад ад ворага, на той плошчы вешалі злоўленых паліцаяў. Дзед быў сведкам іх злачынстваў. Здраднікаў не шкадавалі. Вайна бяздушная і страшэнная.

Застаўся ў памяці канцэнтрацыйны лагер побач з дзедавай сядзібай. Колькі нявінных там знішчылі. Дзядуля непакоіўся за мяне і, каб акупанты не даведаліся, што па лініі маці маю яўрэйскія карані, зрабіў новае пасведчанне аб нараджэнні. Усім прадстаўляў мяне як свайго сына. І ў школе лічылі, што менавіта дзядуля і бабуля з'яўляюцца маімі бацькамі. У старэйшых класах даведаўся ад родных, што бацька Фелікс Мечыслававіч скончыў Камуністычны ўніверсітэт нацыянальных меншасцяў Захаду імя Юрыя Мархлеўскага, працаваў у адным з райкамаў партыі Масквы, быў прарэктарам Маскоўскага гарадскога педінстытута, камісарам чыгуначнай пралетарскай дывізіі, якой кіраваў ваенны і палітычны дзеяч Рыгор Катоўскі. Маці Дзіна Давыдаўна Бінэс у даваенны час узначальвала Вільнюскі падпольны акружкам Кампартыі Заходняй Беларусі. Падпольшчыкі ведалі яе як Вольгу Сямёнаўну Альшэўскую. У перадваенныя гады яе прызначылі намеснікам дырэктара Маскоўскага інстытута замежных моў.

Трагічны лёс ім выпаў. Паступіў данос, што маці — нямецкі шпіён. Яе арыштавалі. На вочнай стаўцы з бацькам яна расказала, што падпісала прызнанне, бо яе пужалі пакараннем больш суровым, чым смерць. Хвалявалася, каб я не стаў заложнікам. Як ворага народа арыштавалі і тату. У Маскву прыехаў дзядуля і забраў мяне ў Хойнікі. Бацьку прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання. Сваю віну ён не прызнаў. Калегія Вярхоўнага Суда СССР адмяніла папярэдне прысуд і прызначыла 15 гадоў турмы. Праз год ён памёр ад голаду ў саратаўскім лагеры. Калі бацькоў рэабілітавалі, я ўжо скончыў школу. За мой лёс хвалявалася сястра таты Вікторыя Мечыславаўна. Яна лічыла, што шлях да навукі мне, як сыну ворагаў народа, закрыты. З атэстатам сталасці адправіўся ў Мінск, вырашыў падаць дакументы ў прыёмную камісію тэхналагічнага інстытута. Мяне, як медаліста, без уступных экзаменаў залічылі на лесатэхнічны факультэт.

Палескія лесаводы (крайні справа Уладзімір Багінскі). 1965 год.

— А чаму выбралі лесатэхнічны факультэт?

— З лесам звязана дзяцінства і юнацтва. Высокай сцяной густы бор падступаў да нашых падворкаў. З дзядуляй хадзілі на паляванне, ведалі ўсе навакольныя грыбныя і ягадныя мясціны. Лес мяне зачароўваў прыгажосцю і таямнічасцю, таму цвёрда вырашыў стаць спецыялістам лясной гаспадаркі.

Пасля дзедавай хаты, калі пасяліўся ў студэнцкі інтэрнат, быццам трапіў у рай. Бабуля рана памерла, і на мне быў агарод, карова, свінні. Самі з дзедам упраўляліся па гаспадарцы. Не было калі гуляць з сябрамі ў футбол, баскетбол, валейбол, нават не навучыўся ездзіць на веласіпедзе. Дома хапала спраў: касіў, араў, дровы калоў. У студэнцкім інтэрнаце выдалі новую пасцельную бялізну, і для мяне яна была сапраўдным дзівам, бо звычайна накрываўся даматканай посцілкай.

Вучоба ў інстытуце давалася лёгка. На занятках па матэматыцы прафесар выклікаў мяне да дошкі і загадаў напісаць ураўненні, а сам тым часам тлумачыў студэнтам новы матэрыял. Я ўсю дошку спісаў крэйдай. Прафесар здзіўлена паглядзеў на ўраўненні і спытаў, адкуль іх ведаю, бо мы яшчэ гэта не праходзілі. Усе экзаменацыйныя сесіі для мяне былі як святы. Хутка праляцелі студэнцкія гады, прыйшоў час размеркавання на працу. Дзяржаўная камісія спачатку запрашала ўдзельнікаў вайны, сямейных, выдатнікаў вучобы і актывістаў. Сярод першых быў і я. З прапанаваных варыянтаў спыніўся на навукова-даследчым інстытуце лясной гаспадаркі, але намеснік міністра лясной гаспадаркі запярэчыў: працаўладкавання чакаюць тры дзясяткі дзяўчат, а ў лясгасы іх не адправіш. Накіраванне атрымаў у Жараўскае лясніцтва Камарынскага лясгаса, што на мяжы з Украінай. На другі месяц працы ляснічым наш калектыў упершыню выканаў план па нарыхтоўцы драўніны, потым пастаянна былі ў лідарах. Праз два гады ўзначаліў Хойніцкае лясніцтва.

— А як ажыццявілі мару займацца навукай?

— З першых дзён працы імкнуўся даказаць, на што здатны, радаваўся кожнаму нязначнаму поспеху. Не пакідала думка і пра навуку. Праз восем гадоў паступіў у аспірантуру, узяўся за даследаванне штучных сасновых пасадак. Якраз у краіне пачыналася паспартызацыя лясоў. У розных рэгіёнах заклалі доследныя дзялянкі і сталі назіраць за ростам маладняку, на аснове атрыманых звестак распрацавалі мадэль развіцця дрэвастою. Гэтай тэме прысвяціў кандыдацкую дысертацыю, якую абараняў у Бранску.

Наш Гомельскі інстытут лесу цесна супрацоўнічаў з навукоўцамі Расіі, Украіны, Польшчы, рэспублік Прыбалтыкі. Гэтыя кантакты і зараз падтрымліваюцца. Навука ўсё больш захапляла мяне. Доктарскую дысертацыю прысвяціў тэме дынамікі росту прадукцыйнасці і страення лясоў. На аснове маіх навуковых даследаванняў уведзены новыя нарматывы дзейнасці галіны. Тэрыторыя Беларусі адносна невялікая, але мае асаблівасці для вядзення лясной гаспадаркі. Значную ўвагу надзялялі раянаванню лясных парод. З калегамі на навуковай аснове абгрунтавалі перспектыву развіцця беларускіх лясоў. У 2004 годзе мяне абралі членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук.

Навуковыя выданні члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Багінскага.

— Уладзімір Феліксавіч, больш за паўвека вы прысвяцілі навуковай дзейнасці. Што значыць лес для эканомікі краіны?

— Вывучаючы гісторыю лясной гаспадаркі Беларусі, заўважыў, што ў гэтай справе мы заўжды на крок уперадзе ад суседзяў. У нацыянальным даходзе Беларусі зараз паступленні ад яго не перавышаюць 5 працэнтаў, што складае амаль два мільярды рублёў. Стагоддзе таму гэта доля была ў шэсць разоў большая, іншы раз ад паступленняў лясной галіны дзяржказна поўнілася на 60 працэнтаў. Раней нашу рэспубліку называлі зборным цэхам вялікай краіны. І сёння беларуская прамысловасць і іншыя сферы вытворчасці паспяхова развіваюцца. Ад іх дзейнасці ў асноўным поўніцца бюджэт. Таму і зменшылася ўдзельная вага паступленняў ад лясной галіны.

У нашых лясах шэсць асноўных парод: сасна, елка, дуб, бяроза, асіна і чорная вольха. Штогод нарыхтоўваецца каля 27 мільёнаў кубаметраў драўніны, што ў тры разы больш, чым у савецкі час. Пры лесанарыхтоўцы важна не парушыць навуковыя прынцыпы. Бураны апошніх гадоў, усыханне сасновых парод ад караедаў павялічвалі вырубкі. Запатрабаванымі сталі на еўрапейскім рынку пілеты, вытворчасць іх рэзка ўзрасла. Справа выгадная, дае добры прыбытак. Экспартуецца гэта драўляная прадукцыя па 80—100 долараў за кубічны метр (у Германіі цана ў тры разы большая). У нас вырубка і аднаўленне лясоў збалансаваны. Паўтара стагоддзі таму амаль палова беларускіх зямель была пакрыта лясамі, праз паўвека плошча іх скарацілася да 27 працэнтаў.

Дарэвалюцыйны прафесар Ленінградскай лясной акадэміі Міхаіл Арлоў адзначаў, што ў неўраджайныя гады селянін здымаў саламяны дах і карміў ім жывёлу, а ў голад рэзаў карову, каб уратаваць сям'ю. Ніхто не скажа, што ён паступаў няправільна, — так патрабавала становішча. Лес у цяжкія часы ратуе чалавека. Напрыканцы мінулага стагоддзя ў нас засталося ўсяго 2 працэнты спелых лясоў. Паменшала дубраў, сасновых бароў. Па норме неабходна мець 18 працэнтаў спелага лесу. Толькі праз 10—15 гадоў мы выйдзем на гэты ўзровень.

— У вас таксама багаты педагагічны вопыт. Пры вашым садзейнічанні ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Францыска Скарыны сталі рыхтаваць спецыялістаў лясной гаспадаркі. Чым гэта было выклікана?

— На біялагічным факультэце стварылі кафедру лесагаспадарчых дысцыплін, некалькі гадоў загадваў ёю. Пасля чарнобыльскай катастрофы на Гомельшчыне ўзнікла праблема кадраў у лясной гаспадарцы: выпускнікі сталічнага ўніверсітэта адмаўляліся працаваць у забруджаным радыяцыяй рэгіёне. У лясгасах вобласці толькі трэцяя частка спецыялістаў мела вышэйшую адукацыю. Наш універсітэт штогод выпускае сотню кваліфікаваных кадраў для лясной гаспадаркі. Такім чынам вырашылі праблему.

— Апошнія падзеі, што адбываюцца ў свеце, сведчаць пра тое, наколькі залежны ад іх чалавек. Важна не толькі не губляць сувязь з каранямі, але і мацаваць яе. Як гэта лепей рабіць?

— Усё даволі проста. Кожнаму варта ведаць і памятаць гісторыю сваёй краіны, зберагаць памяць аб продках. Калі што невядома, звяртацца да архіваў — там шмат каштоўнай інфармацыі. З дачкой Вольгай завяршаем падрыхтоўку другога тома нашай сямейнай кнігі. Яна выкладае ў Гомельскім дзяржтэхуніверсітэце імя П. В. Сухога і рыхтуецца да абароны доктарскай дысертацыі па эканоміцы. Сын Канстанцін з адзнакай скончыў Маскоўскі фізіка-тэхнічны ўніверсітэт, малодшы Фелікс працуе ўрачом. Падрастаюць унукі, ёсць і праўнукі. Расказваю ім пра наш радавод, пра перажытае ў вайну.

— Што патрэбна, каб нашчадкі ведалі цану міру?

— Гаварыць праўду, якая б яна горкая ні была. Інакш за нас па-свойму гэта зробяць. У Гомель прыязджала французская дэлегацыя. Адзін з гасцей на сустрэчы звярнуўся да прысутных з прапановай падзякаваць яму як прадстаўніку французскага народа за тое, што войскі яго краіны вызвалілі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вось такі яскравы прыклад фальсіфікацыі падзей. Гісторыю павінен ведаць кожны. Нездарма кажуць, хто не ведае свайго мінулага, той не мае будучыні.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара і з архіва У. Ф. БАГІНСКАГА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter