Чэмпіён эпохі гусінага пяра

Юзаф Крашэўскі, самы пладавіты пісьменнік і “чалавек-універсітэт”, меў родавыя карані на беларускай зямлі Юзаф Ігнацы Крашэўскі, які нарадзіўся 200 гадоў таму, вядомы найперш як аўтар гістарычных раманаў. А быў ён яшчэ і драматург, публіцыст, паэт, літаратуразнавец, перакладчык, этнограф, рэдактар, выдавец, музыкант, мастак. Ён жа — акадэмік Кракаўскай Акадэміі навук і першы ў Польшчы прыватны калекцыянер фатаграфій. У “Кнізе рэкордаў Гінэса” Крашэўскі адзначаны сярод “самых пладавітых аўтараў”, як своеасаблівы “чэмпіён эпохі гусінага пяра”. Уявіце сабе: напісанае ім складае каля 600 тамоў — гэта раманы, аповесці і іншыя творы.
Юзаф КрашэўскіЮзаф Крашэўскі, самы пладавіты пісьменнік і “чалавек-універсітэт”, меў родавыя карані на беларускай зямлі
Юзаф Ігнацы Крашэўскі, які нарадзіўся 200 гадоў таму, вядомы найперш як аўтар гістарычных раманаў. А быў ён яшчэ і драматург, публіцыст, паэт, літаратуразнавец, перакладчык, этнограф, рэдактар, выдавец, музыкант, мастак. Ён жа — акадэмік Кракаўскай Акадэміі навук і першы ў Польшчы прыватны калекцыянер фатаграфій. У “Кнізе рэкордаў Гінэса” Крашэўскі адзначаны сярод “самых пладавітых аўтараў”, як своеасаблівы “чэмпіён эпохі гусінага пяра”. Уявіце сабе: напісанае ім складае каля 600 тамоў — гэта раманы, аповесці і іншыя творы. Хоць нарадзіўся Юзаф Крашэўскі ў Варшаве, яго біяграфія цесна звязана з Пружаншчынай, гэта на тэрыторыі цяперашняй Гро-дзенскай вобласці. Яго сям’я мела фальварак у вёсцы Доўгае, дзе прайшлі дзіцячыя гады будучай знакамітасці. Таму шмат твораў пісьменніка прысвечаны гэтай зямлі, а яго самога памятаюць, чытаюць у Беларусі.
Нядаўна з нагоды 200-х угодкаў польскага пісьменніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прэзентавана выстава “Юзаф Крашэўскі ў люстэрку гісторыі”. Зладзіў выставу аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску. Пад час імпрэзы гучалі музычныя творы Ю. Крашэўскага і іншых аўтараў XIX стагоддзя — іх выконваў ансамбль “Класік-авангард”.
Супрацоўніца бібліятэкі Алеся Цітавец звярнула ўвагу на цікавыя дакументы XIX—XXI стагоддзяў і кнігі пра жыццё і творчасць пісьменніка. На выставе прадстаўлены, напрыклад, раман “Паэт і свет” (“Poeta i świat”, 1872), які прынёс аўтару еўрапейскую вядомасць, іншыя прыжыццёвыя выданні твораў Ю. Крашэўскага на польскай мове, іх пераклады. Падрыхтавана і віртуальная выстава, прысвечаная слыннаму суайчынніку — яе можна знайсці на сайце бібліятэкі ў інтэрнэце, дэманстраваўся відэафільм “Вялікі паляк з літоўскім сэрцам”.
Ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, прафесар Адам Мальдзіс расказаў, што пазнаёміўся з творамі Крашэўскага ў дзяцінстве і заўважыў: шмат цікавага ў іх можа знайсці кожны. Выкладчыца рускай мовы і літаратуры БДУ Алена Вострыкава прыйшла на прэзентацыю са студэнтамі, якія цікавяцца творчасцю Ю. Крашэўскага, а некаторыя з іх пішуць дыпломныя работы, звязаныя з жыццём і творчасцю чалавека-легенды. Дацэнт БДУ Міхаіл Кенька, які пераклаў шэраг гістарычных твораў Ю. Крашэўскага на беларускую мову, расказаў пра свае дачыненні з вялікім талентам. А картограф Леў Казлоў, аўтар перакладу аповесці “Кароль у Нясвіжы”, адзначыў і несумненную гістарычную каштоўнасць твораў пісьменніка, падкрэсліў сувязь беларускай мовы з польскай.
Галоўны рэдактар “Беларускага кнігазбору” Кастусь Цвірка пацвердзіў: творы Ю. Крашэўскага і цяпер перакладаюцца, будуць выдавацца.
Падаецца сімвалічным, што юбілей Ю. Крашэўскага супаў з Годам кнігі на Беларусі. Бо такія значныя асобы, як ён, аб’ядноўваюць народы, родняць краіны, адпрэчваюць межы паміж людзьмі.

Людміла Малей
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter