Часцінка сэрца ў парцаляне

У мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва творца-лялечнік Аляксей Мартынаў прадэманcтраваў магчымасць таго, як цацкі можна пераўтварыць у сапраўдныя мастацкія творыАляксей Мартынаў лялькамі ў дзяцінстве не цікавіўся: захапляўся машынкамі і канструктарамі. Потым, калі стаў дызайнерам, працаваў на фарфоравым заводзе. Але з масавай вытворчасці сервізаў праз нейкі час перайшоў на эксклюзіўны выраб лялек з парцаляны – так здаўна па-беларуску называецца фарфор.
У мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва творца-лялечнік Аляксей Мартынаў прадэманcтраваў магчымасць таго, як цацкі можна пераўтварыць у сапраўдныя мастацкія творы
Аляксей Мартынаў лялькамі ў дзяцінстве не цікавіўся: захапляўся машынкамі і канструктарамі. Потым, калі стаў дызайнерам, працаваў на фарфоравым заводзе. Але з масавай вытворчасці сервізаў праз нейкі час перайшоў на эксклюзіўны выраб лялек з парцаляны – так здаўна па-беларуску называецца фарфор.
І вось на чарговай выставе Аляксея Мартынава “Лялька-мадэль-вобраз”, што праходзіць у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, мы бачым ягоныя творы. Перад намі — жартаўнік і трубачыст, блазан і вартаўнік, афрыканка і джазавая дзіва... Амаль як жывыя, толькі што не размаўляюць і не рухаюцца. На парцалянавых тварах — пачуцці радасці, трывогі, чакання. Эмоцыі настолькі знаёмыя, што лялечныя вобразы не могуць, бадай, нікога пакінуць абыякавымі.
Лялечныя вобразы Аляксея Мартынава нікога не пакідаюць абыякавымУражваюць і касцюмы парцалянавых чалавечкаў: усе пашыты з якаснага тэкстылю, шыфона ці арганзы, упрыгожаны бісерам. І ўсё да драбніц зроблена ўручную. Прычым творца ніколі не выкарыстоўвае клей, толькі ніткі. “На выраб адной цацкі патрэбна ад некалькіх месяцаў да года, — удакладняе А. Мартынаў. — Зрабіць мастацкі твор з парцаляны і тэхнічна складана: раствор трэба заліваць у падрыхтаваную гіпсавую форму, потым будучую ляльку высушваюць, абпальваюць, размалёўваюць акварэльнымі фарбамі”.
А маленькія персанажы, прызнаўся іх творца, нараджаюцца не з нейкай глабальнай задумы, а якраз з тактыльных адчуванняў майстра, з некалькіх шматкоў тканіны ці скуры, бісеру, гузіка. І тут, гаворыць Аляксей, важна ўсё: адценне і фактура матэрыяла, глянец унутры пацеркі... Менавіта “рукатворнае рашэнне” дазваляе лялечніку, нібы чарадзею, удыхнуць жыццё ў кожны твор, зрабіць яго адметным, унікальным, непаўторным.
“Кожная лялька для мяне становіцца роднай, — прызнаецца А. Мартынаў, — у кожнай ёсць часцінка маёй душы”. Не выпадкова мастак, калі расказвае пра творы, не выключае і… самастойнага існавання кожнага з іх. Ён упэўнены, што ягоныя лялькі маюць не толькі характар, але і манеры, і асабістае прызначэнне. Напрыклад, многія з яго вырабаў становяцца хатнімі абярэгамі, іншыя — талісманамі. І ўсе без выключэння яны — арыгінальныя падарункі для дзяцей і каханых.
Часта ж пасля выстаў аўтарскія лялькі Аляксея Мартынава “перасяляюцца” ў прыватныя калекцыі, у тым ліку і за мяжу. А вось адзін з яго парцалянавых чалавечкаў некалькі год таму з’явіўся і ў калекцыі англійскай каралевы Елізаветы ІІ.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter