Часам і працай апеты. Калі рэдакцыя раённай газеты звярнулася да сваіх чытачоў з просьбай вызначыць сем цудаў горада, за кароткі тэрмін было названа больш за 30 аб’ектаў.

Не дзіва. Упершыню Слуцк упамінаецца ў 1116 годзе, у “Аповесці мінулых часоў”, як цэнтр удзельнага княства. За многія стагоддзі старажытны Слуцк пабачыў і вялікіх князёў, і народных герояў, перанёс нямала бед і святкаваў вялікія перамогі. Слуцкія апалчэнцы змагаліся пад Грунвальдам, не дапусцілі ў горад крымскіх татар. У час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна дзейнічалі пяць партызанскіх брыгад і шэраг атрадаў. Случчына — радзіма двух Герояў Савецкага Саюза, дзесяці Герояў Сацыялістычнай Працы, многіх знакамітых літаратараў, кампазітараў, навукоўцаў, военачальнікаў. І сёння паляводы, жывёлаводы раёна задаюць тон у працоўным спаборніцтве вобласці, краіны... Вялікая гісторыя старажытнага краю ўвасоблена ў непаўторных помніках архітэктуры, мемарыяльных комплексах, знаках. Вось сем найбольш значных з іх, выбраных непасрэдна жыхарамі Слуцка і раёна.

Не дзіва. Упершыню Слуцк упамінаецца ў 1116 годзе, у “Аповесці мінулых часоў”, як цэнтр удзельнага княства. За многія стагоддзі старажытны Слуцк пабачыў і вялікіх князёў, і народных герояў, перанёс нямала бед і святкаваў вялікія перамогі. Слуцкія апалчэнцы змагаліся пад Грунвальдам, не дапусцілі ў горад крымскіх татар. У час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна дзейнічалі пяць партызанскіх брыгад і шэраг атрадаў. Случчына — радзіма двух Герояў Савецкага Саюза, дзесяці Герояў Сацыялістычнай Працы, многіх знакамітых літаратараў, кампазітараў, навукоўцаў, военачальнікаў. І сёння паляводы, жывёлаводы раёна задаюць тон у працоўным спаборніцтве вобласці, краіны... Вялікая гісторыя старажытнага краю ўвасоблена ў непаўторных помніках архітэктуры, мемарыяльных комплексах, знаках. Вось сем найбольш значных з іх, выбраных непасрэдна жыхарамі Слуцка і раёна.

Слуцкае Евангелле

Слуцкае Евангелле — рукапісная кніга, унікальны рукапісны помнік ХVI стагоддзя, які ўласнаручна перапісаў князь Юрый ІІІ Юр’евіч Алелькавіч. Няма іншых прыкладаў, каб кнігу перапісаў чалавек свецкі, прадстаўнік вядомага магнацкага роду. Евангелле напісана на царкоўнаславянскай мове на 263 старонках. Доўгі час рукапісны помнік лічыўся незваротна згубленым. І толькі ў 2003 годзе ён зноў заняў сваё пачэснае месца сярод праваслаўных святынь беларускага народа.

Слуцкія паясы

Непаўторныя творы беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Іх вытворчасць была наладжана на слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, заснаванай князем Міхаілам Казімірам Радзівілам у канцы 30-х гадоў XVIII стагоддзя. Паясы былі папулярнымі ў шляхты Рэчы Паспалітай, рускага дваранства, украінскай старшыны. Сёння яны захоўваюцца ў музеях Масквы, Варшавы, Мінска і іншых гарадоў... Слава слуцкіх паясоў намнога перажыла перыяд іх вытворчасці і практычнага выкарыстання, дайшла да нашых дзён і сягае ў неабсяжную будучыню.

Святая Сафія Слуцкая

Час жыцця: май 1585 года — 1 красавіка 1612 года. Апошняя прадстаўніца роду слуцкіх князёў Алелькавічаў. У 1592 годзе Сафія Юр’еўна аб’яднала землі Слуцкага княства, якія былі падзелены паміж трыма братамі. У замужжы за нясвіжскім князем-кальвіністам Янушам Радзівілам яна засталася праваслаўнай. Дзякуючы Сафіі  Юр’еўне Слуцкае княства набралася моцы, у часы царкоўнай уніі захавала вернасць праваслаўю.
1 красавіка — дзень памяці Святой Сафіі. Помнік ёй у Слуцку адкрыты 24 верасня 2000 года. Аўтары помніка — скульптар Міхаіл Інькоў, архітэктар Мікалай Лук’янчык. Нібы жывая, стаіць Сафія, асяняючы крыжам свой горад, там, дзе калісьці быў бераг Случы...

Свята-Міхайлаўскі сабор

Выдатны помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю барока. Пачатак яго заснавання народнае паданне адносіць да XIII стагоддзя. Дакладная дата, пазначаная ў дакументах нясвіжскага архіва Радзівілаў, адносіцца да 1392 года. Асноўная частка храма пабудавана ў другой палове ХVІІІ стагоддзя, званіца — пазней.
Сёння Свята-Міхайлаўскі сабор — цэнтр праваслаўнага жыцця Случчыны, помнік архітэктуры, які ахоўваецца дзяржавай. На тэрыторыі ўзведзены мураваныя капліца — іконная лаўка і духоўна-асветніцкі і адміністрацыйны цэнтр. Арганізаваны царкоўны хор, працуе бібліятэка, праводзяцца заняткі дзіцячай нядзельнай школы.

Краязнаўчы музей

“Гісторыка-культурная каштоўнасць. Дом дваранскага сходу ХІХ стагоддзя. Прычыненне шкоды караецца па закону”. Такія словы змяшчае шыльда на краязнаўчым музеі ў Слуцку, будынак якога — адзін з самых старадаўніх у горадзе. Часам пабудовы дома дваранскага сходу па адных  крыніцах лічыцца пачатак XIX, па іншых — канец XVIII стагоддзя. Узводзіўся ён спачатку як панскі асабняк, аднак быў перададзены гораду і стаў домам дваранскага сходу. Краязнаўчы музей размяшчаецца ў будынку з 1952 года. Помнік архітэктуры класіцызму. Сёння ў музеі захоўваюцца тысячы экспанатаў з гісторыі раёна, многія з іх прысвячаюцца асваенню космасу — каля трох дзесяткаў случчан дапамагалі пракладваць сцяжынку ў Сусвет.

Мемарыяльны комплекс

Мемарыяльны комплекс у памяць аб савецкіх воінах, партызанах, ваеннапалонных і мірных жыхарах, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, узведзены ў Слуцку на вуліцы 14 Партызан у 1975 годзе. Скульптар мемарыяла — Канстанцін Сарока, архітэктар — Уладзімір Кузьменка.
Комплекс уключае тры брацкія магілы, скульптуру воіна, манументальную браму, кампазіцыю Вечнага агню. У брацкіх магілах пахаваны каля 14 тысяч чалавек — воіны Чырвонай  Арміі, партызаны, мірныя жыхары, ваеннапалонныя слуцкага канцэнтрацыйнага лагера.

Гімназія № 1

Сваю радаслоўную старэйшая школа Беларусі вядзе з 1617 года, калі 20 мая слуцкі князь Януш Радзівіл выдаў грамату аб заснаванні евангелісцкага храма і “вучылішча для навучання хрысціянскага юнацтва”. Па завяшчанні Януша Радзівіла яго брат Хрыстафор спецыяльнай граматай абвясціў аб адкрыцці на базе вучылішча кальвінісцкай гімназіі, фундаментальны будынак для якой быў пабудаваны ў 1630 годзе.
На працягу амаль чатырох стагоддзяў гімназія дала Бацькаўшчыне мноства гучных імён, якія праславілі яе. Сярод іх Ян Андрэй Белабоцкі — філосаф, паэт; Ілля Капіевіч — асветнік і кнігавыдавец; Кандрат Карсалін — мастак; Вітольд Цяраскі — астраном, дырэктар Маскоўскай абсерваторыі; Альгерд Абуховіч — пісьменнік, перакладчык; Язэп Дыла — пісьменнік; Алесь Вечар — акадэмік АН БССР, паэт; Мікола  Лобан — пісьменнік і мовазнаўца; Сямён Козберг — доктар тэхнічных навук, лаўрэат Ленінскай прэміі, спецыяліст у галіне авіяцыйных і ракетных рухавікоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter